Вадзім Грачухін: “Мне патрэбны максімальны вынік!”

Актуалии Спорт

Вадзім Грачухін: “Мне патрэбны максімальны вынік!”

Газета шмат пісала пра Вадзіма Грачухіна, славіла яго поспехі ў грэка-рымскай барацьбе. А нядаўна ў рэдакцыю прыйшоў ліст з інтэрв’ю, якое напісалі зямлячкі хлопца. Шчыры, прачулы – мы не маглі яго не надрукаваць.
– Вадзім, барацьба для цябе – гэта значная частка жыцця ці ўсё ж яго сутнасць?
– Хутчэй, наканаванне і лёс. Справа ў тым, што барацьба выхоўвае сапраўдных мужчын, у гэтым відзе спорту фарміруюцца ўсе лепшыя якасці чалавека. Барацьба – гэта мастацтва! Так кажа мой бацька.
– Значыць, гэта ён прывёў цябе ў гэты спорт?
– Так, бо сам быў барцом! Аднак юнацкі максімалізм не дазволіў яму дабіцца высокіх вынікаў (смяецца). Але ў маім жыцці ён сыграў галоўную ролю – заўсёды знаходзіў патрэбныя словы падтрымкі, настройваў на сур’ёзныя адносіны да справы.
– Раскажы, калі ласка, як даўно ты займаешся грэка-рымскай барацьбой.
– Мы з Уладам (Уладзіслаў Грачухін – брат, спартсмен – аўт.) пачалі займацца з сямі гадоў. З першых трэніровак я цвёрда вырашыў, што хачу стаць чэмпіёнам. У спорце, як і ў жыцці, я максімаліст. Спорт для мяне – высокая лесвіца, па прыступках якой можна ўздымацца ўсё вышэй і вышэй. Кожны крок угару – маленькая перамога, але не канчатковая мэта шляху. Таму я заўсёды зацята трэніраваўся, ад турніраў і спаборніцтваў браў па максімуме, слухаў усё, што казаў мне трэнер. Апроч таго, мне пашчасціла трапіць у рукі добрага настаўніка – Пятра Васільевіча Ганушчанкі. Яго прысутнасць у маім барцоўскім жыцці – гэта не толькі трэнерская праца, гэта клапатлівае стаўленне настаўніка да выхаванца, адначасова і строгае, патрабавальнае, і цёплае, сяброўскае. На яго заўсёды хочацца раўняцца.
– Сур’ёзнае заяўленне. А яшчэ ў цябе ёсць прыклады спартсменаў, на якіх хочацца раўняцца?
– Натуральна! Гэта Аляксандр Карэлін (трохкратны алімпійскі чэмпіён, дзевяцікратны чэмпіён свету, дванаццацікратны чэмпіён Еўропы па грэка-рымскай барацьбе – аўт.) – спартсмен сусветнага класа, з якога хочацца браць прыклад. Я шмат чытаў пра яго, як пра спартсмена і пра чалавека, вывучаў апісанне яго схватак, мільён разоў пераглядаў відэазапісы. Яго прыклад мяне вельмі натхняе.
– Уся Беларусь з заміраннем сэрца сочыць за тваімі выступленнямі. Трэнеры звязваюць з табой вялікія надзеі і называюць узыходзячай зоркай грэка-рымскай барацьбы. Ці адчуваеш ты адказнасць у сувязі з гэтым?
– Безумоўна. Пасля першых сур’ёзных спаборніцтваў (Еўразійскія гульні ў Казахстане – аўт.) я зразумеў, што галоўнае – гэта справіцца з хваляваннем менавіта з-за пачуцця адказнасці, кажучы барцоўскай мовай, “не перагарэць”. Мяне прысутнасць балельшчыкаў матывуе і натхняе. Карыстаючыся выпадкам, хачу сказаць усім ім “дзякуй”  за падтрымку, я зраблю ўсё, каб не расчараваць вас.
– Хацела спытаць пра спаборніцтвы за межамі Беларусі. Ты знаходзішся за тысячы кіламетраў ад дома, ці адчуваецца падтрымка сям’і, сяброў на такой адлегласці?
– Вядома, але з бацькамі падчас спаборніцтваў мы ніколі не размаўляем. Я ведаю, што яны хвалююцца і перажываюць, але іх хваляванне можа перадацца і мне. Таму імкнёмся звязвацца пасля ўсіх схватак і абвяшчэння вынікаў. І, без сумнення, падтрымка родных і проста суайчыннікаў, якія ад душы за мяне хварэюць, стымулюе да перамогі.
– А ёсць тыя, каго б ты назваў самымі галоўнымі балельшчыкамі і чаму?
– Напэўна, гэта мае стрыечная сястра і брат. Брат таму, што сам барэц і добра мяне разумее, а сястра проста мяне вельмі любіць і заўсёды плача, калі глядзіць схваткі (смяецца). Вельмі ўжо яна ўражлівая!
– Наколькі мне вядома, ты з’яўляешся выхаванцам Віцебскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Ці цяжка сумяшчаць вучобу і спартыўныя трэніроўкі, спаборніцтвы? Ці даводзіцца выбіраць?
– Так, у 2011 годзе я паступіў у вучылішча. Тры гады быў кадэтам, а цяпер ужо перайшоў у так званую “маладзёжку”. Для мяне ніколі не было складана сумяшчаць вучобу і спорт. Я ж разумею, што спартсмен міжнароднага класа павінен быць не толькі моцным, але і разумным, усебакова развітым і духоўна багатым. У нас вельмі добрыя ўмовы для трэніровак. Таму нам застаецца зацята трэніравацца і перамагаць! Іншых праблем у нас няма.
– Дарэчы, як складваюцца адносіны з аднакурснікамі?
– Выдатна. Хаця ў нас і індывідуальны від спорту, але мы імкнёмся падтрымліваць адзін аднаго і трымацца разам, захоўваем баявы настрой, разам выконваем хатнія заданні і заўсёды адзін за аднаго гарой.
– Скажы, ці выкарыстоўваеш ты свае фізічныя здольнасці ў штодзённым жыцці?
– Ці б’юся я? Не, вядома, я не змагу ўдарыць таго, хто слабейшы за мяне. Гэта тычыцца не толькі дзяўчат, але і хлопцаў. Іншая справа, калі трэба абараніць маленькіх і слабых. Ніколі і нікому не дам у крыўду нікога са сваіх блізкіх і родных.
– Сёння многія маладыя людзі ўжываюць алкаголь, наркотыкі, кураць з ранняга дзяцінства. Як ты ставішся да такой тэндэнцыі?
– Катэгарычна не прымаю! Сам не ўжываю і іншых імкнуся адвучыць ад гэтых згубных звычак. Вядома ж, у здаровым целе – здаровы дух. Сам я часта п’ю ваду і шмат трэніруюся.
– Складана паверыць, што ўвесь твой час займае толькі спорт.
– У перапынках паміж трэніроўкамі люблю чытаць рускую класіку і іграць у камп’ютарныя гульні. І яшчэ планую падцягнуць веды па англійскай мове. Шкада, што на ўсё гэта катастрафічна мала часу.
– Шчыра сказаць, здзівіў сваёй цягай да рускай літаратуры. Які твор уразіў больш за ўсё?
– Чаму ж? Спартсмены таксама чытаюць кнігі (смяецца). Уразіў твор Міхала Булгакава “Майстар і Маргарыта”. Вельмі заварожваючы твор, глыбокі па сутнасці. Перачытваў ужо некалькі разоў і кожны раз адкрываў для сябе штосьці новае і важнае. Няпросты твор, нават складаны месцамі, прама як дзяўчаты!
– З гэтага месца падрабязней. Наколькі я ведаю, тваё сэрца вольнае, а душа і цела цалкам прысвечаны спорту, гэта так?
– Так, усё правільна. На першым месцы для мяне цяпер спорт. А ўсё астатняе ўжо потым. Галоўнае – правільна расставіць прыярытэты. Спартыўны век не вельмі доўгі, я гэта разумею і імкнуся ўзяць з яго па максімуме.
– І ўсё ж. Тваім прыхільніцам будзе цікава, якія дзяўчаты табе падабаюцца.
– Мне падабаюцца невысокія стройныя дзяўчыны з доўгімі валасамі. І бландзінкі, і брунеткі – галоўнае, каб дзяўчына была цікавая, начытаная і абавязкова з пачуццём гумару, такія, як мая мама і сястра.
– Думаю, маме з сястрой будзе вельмі прыемна чуць такія цёплыя словы.
Вернемся да спорту. Стрыманасць на дыване – адна з тваіх галоўных рыс. Ці ёсць у цябе прыёмы, якія дапамагаюць настроіцца перад схваткай і перамагчы?
– Прыёмаў няма. Я проста імкнуся сканцэнтравацца на сваіх эмоцыях і ўнутраных адчуваннях. Важна настроіць сябе на працу без памылак. Грэка-рымская барацьба – непрадказальны від спорту, тут амаль немагчыма прадбачыць, як будзе паводзіць сябе сапернік. Але калі выходзіш на дыван і ціснеш руку саперніку, ты ўжо адчуваеш, ці моцны ён духам, цяжка будзе з ім ці не. Часам вынік схваткі магу прадбачыць яшчэ да яе пачатку.
– Цікавыя развагі. А што самае складанае ў гэтым відзе спорту, і што самае прыемнае для цябе?
– Я люблю змагацца, адчуваць партнёра, у гэтым заключаецца спецыфіка барацьбы. А з праблем, хіба што, траўмы. Яны прыносяць пэўны дыскамфорт. Але ж гэта ўласціва для любога віду спорту. Імкнуся адразу іх падлечваць і зводзіць да мінімуму.
– Не будзем пра траўмы, спадзяюся, што табе атрымаецца іх пазбегнуць. Давай пагаворым пра будучыню. Ці бачыш ты сябе трэнерам надалей?
– Хутчэй не. Мне здаецца, што выдатны спартсмен наўрад ці стане бліскучым трэнерам з унікальнай тэхнікай. Безумоўна, могуць быць і выключэнні. Магчыма, я і ёсць выключэнне!
– Нечакана. У такім разе, якія ў цябе планы на будучыню?
– Хачу скарыць усе вяршыні і перамагаць ва ўсіх спаборніцтвах, у якіх буду браць удзел. Мне патрэбны максімальны вынік. Кожная ўзнагарода для мяне вельмі дарагая і важная, бо за ёй стаіць велізарная праца. Але залатыя медалі патрэбныя не толькі мне, іх чакаюць родныя, трэнеры, балельшчыкі. Беларусь вартая такіх перамог!
– Словы сапраўднага патрыёта сваёй радзімы. Нават страшна падумаць, што краіна магла страціць чэмпіёна, калі б бацька не прывёў цябе ў барацьбу. Цікава, кім бы ты стаў, калі б не захапленне барацьбой?
– Складана сказаць… Я заўсёды бачыў сябе толькі ў спорце. Бацька ўвесь час паўтараў нам з братам, што мы павінны дабіцца тут вялікіх вышынь. Тое, што не атрымалася ў яго самога, бацька хацеў рэалізаваць у нас. Для нас з братам ён і асабісты трэнер, і псіхолаг, і бацька – усё ў адной асобе.
Мама марыць, каб я стаў урачом, хірургам ці стаматолагам, але гэта не маё. Дакладна ведаю адно: я займаюся сваёй справай і не ўяўляю сябе ў чымсьці яшчэ.
Аляксандра УСЦІНОВІЧ, былая выпускніца Обальскай СШ, Яўгенія ГАРБУНОВА, вучаніца 11 класа Обальскай СШ.
Надрукавана ў № 96 ад 08.12.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *