Профсоюзы Шумилинского района готовятся к Новому году

Общество

“Новыя імёны Беларусі-2016” і падрыхтоўка да Новага года

На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне прэзідыума раённага  аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, якое правёў старшыня аб’яднання В. В. Юхнавец.
На прэзідыуме разглядалася пытанне аб правядзенні 23 студзеня 2016 года раённага этапу рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі-2016”. У большасці працоўных калектываў ужо прайшоў адбор, і прафсаюзныя лідары ведаюць, хто будзе абараняць гонар іх прадпрыемства ці арганізацыі на раённым узроўні. “Яшчэ раз нагадаю, што конкурс, на які будзе запрошана кіраўніцтва раёна і ўсіх арганізацый і прадпрыемстваў,  праводзіцца па дзвюх намінацыях: выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і сцэнічная творчасць.  Калі ў мінулым годзе ўзрост удзельнікаў быў абмежаваны, то сёлета прыняць удзел у конкурсе могуць усе члены прафсаюза”. Васіль Васільевіч заклікаў прафсаюзных лідараў прапанаваць паўдзельнічаць у конкурсе і былым работнікам прадпрыемстваў раёна, якія нядаўна выйшлі на заслужаны адпачынак.
На прэзідыуме вялася гаворка пра тое, што ў кожнай арганізацыі трэба заахвоціць удзельнікаў конкурсу: падарункам, прэміяй, дадатковым выхадным днём ці іншымі бонусамі.
Другое пытанне, якое абмяркоўвалася на прэзідыуме, – удзел у рэспубліканскай акцыі “Прафсаюзы – дзецям”.  Не за гарамі Новы год, таму В. В. Юхнавец нацэліў усіх на сур’ёзную работу: трэба дакладна падлічыць колькасць дзяцей у работнікаў арганізацый, падсумаваць прафсаюзныя грошы, абмеркаваць падарункі. “Кожнае дзіця павінна атрымаць салодкі падарунак, –  падкрэсліў Васіль Васільевіч. – Пажадана падарункам павіншаваць і кожнага дарослага”.
У рамках акцыі “Прафсаюзы – дзецям” прафсаюзныя арганізацыі нашага раёна прымуць удзел і ў дабрачынных акцыях. У прыватнасці, з падарункамі наведаюць дзяцей у Обальскім прытулку.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 96 ад 08.12.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *