О буднях и праздниках Шумилинской районной организации «Белорусского общества инвалидов»

Общество

“Ганарымся тым, што мы разам”
На мінулым тыдні ў раённым цэнтры культуры адбылося мерапрыемства “Мы разам”, прысвечанае Міжнароднаму дню інвалідаў.
“Міжнародны дзень інвалідаў – гэта дзень моцных духам людзей, якія не пасуюць перад цяжкасцямі, якія ставяць для сябе мэту ў жыцці і ўсімі сіламі імкнуцца да яе”, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства. Ірына Мікалаеўна расказала, што Міжнародны дзень інвалідаў адзначаецца ўжо на працягу 23 гадоў (з 1992 года), што ў нашым раёне пражывае тысяча інвалідаў (гэта 5% ад усіх жыхароў). Гэтыя людзі заслугоўваюць словы падзякі за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю, за мужнасць, за ўдзел у розных мерапрыемствах. Ірына Мікалаеўна пажадала ўсім дабрабыту, здароўя і поспехаў.
З самымі цёплымі пажаданнямі звярнуліся да інвалідаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая. Валянціна Георгіеўна  ўручыла падзякі за добрую работу старшыням пярвічных арганізацый раённага таварыства інвалідаў – В. Г. Бяляевай (Обаль) і Т. І. Зуевай (Сіроціна), а таксама сакратару рэвізійнай камісіі таварыства В. П. Дахновай. А Святлана Балашэўская з вёскі Саладухі, якая нядаўна прымала ўдзел у абласных спартыўных спаборніцтвах, атрымала  тры дыпломы трэцяй ступені (на здымку).
Старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Л. М. Нагібава расказала аб рабоце арганізацыі. “Мы ўдзельнічаем у многіх мерапрыемствах раённага і абласнога ўзроўняў, разам працуем і радуемся, калі перамагаем, – адзначыла Любоў Мікалаеўна. – Не магу не падзяліцца нашымі поспехамі: у Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў “Віцебск-2015” мы занялі першае і трэцяе месцы, 17 членаў нашага таварыства былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Мы моцныя, калі мы разам. Мы ганарымся тым, што мы разам”.
Расказ Л. М. Нагібавай пра работу таварыства яскрава дапоўніў відэафільм, што быў паказаны ўдзельнікам мерапрыемства. Цікава было даведацца пра гісторыю стварэння раённага таварыства, пра яго першага старшыню У. П. Патарокіна, пра тыя пярвічкі, якія сёння існуюць у раёне, пра будучыя планы таварыства.
Напрыканцы мерапрыемства перад прысутнымі выступіў з канцэртам калектыў мастацкай самадзейнасці Віцебскіх электрычных сетак. Госці з абласнога цэнтра парадавалі танцамі і вясёлымі песнямі. Зала ўзрывалася бурай апладысментаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 97 ад 11.12.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *