14 декабря в председатель облисполкома Николай Шерстнёв посетил Обольский кермический завод и провёл приём граждан в Шумилинском районе (читать и слушать)

Актуалии Власть Общество

Мікалай  Шарстнёў: [podcast]http://www.shumilino.by/wp-content/uploads/2015/12/sharst.mp3[/podcast]

«Завод будзе працаваць»
14 снежня старшыня абласнога выканаўчага камітэта М. М. Шарснёў наведаў Шумілінскі раён. Кіраўнік вобласці правёў асабісты прыём грамадзян у г. п. Обаль і пазнаёміўся з ходам мадэрнізацыі Обальскага керамічнага завода.
На прыём да старшыні аблвыканкама звярнуліся тры чалавекі – работнікі завода.
У водпуску па доглядзе за дзіцяці знаходзіцца зараз Анастасія Любіч. Яе як маці, як маладую жанчыну хвалюе той факт, што ў Обалі сёння да мінімуму зведзена гандлёвае абслугоўванне. Вялікі двухпавярховы будынак у цэнтры пасёлка, дзе былі і кафэ на 60 месцаў, і прамтаварны магазін, – на замку. Справіць вяселле, проста паесці марожанага з дзецьмі, элементарна купіць шпалераў у Обалі немагчыма – трэба ехаць у Шуміліна ці ў Полацк. Кіраўнік вобласці назваў слушнымі заўвагі маладой жанчыны, заўважыў, што трэба выпрацаваць паступовы план развіцця, падумаць, што трэба зрабіць для таго, каб у людзей быў неабходны мінімум. Пасля запуску ў пачатку 2016 годзе новай вытворчасці на заводзе, выказаў меркаванне Мікалай Мікалаевіч, можна будзе  на поўную сілу заняцца і пытаннямі сацыяльнай сферы. Ён параіў больш актыўна прыцягваць прыватнікаў у грамадскае харчаванне. Старшыня Шумілінскага райвыканкама У. П. Куранны заўважыў, што на наступны год у Обалі запланавана шмат работ па прывя-дзенні пасёлка ў парадак.
Віктар Цітоў, начальнік механічнага цэха, прыйшоў да кіраўніка раёна з просьбай аб будаўніцтве станцыі абезжалезвання ў Обалі. Ён заявіў, што хоць такіх, як раней, праблем з вадой у пасёлку і няма, але якасць пітной вады жадае быць лепшай. Ю. А. Дзядзёла, начальнік Упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама, заўважыў, што ў Обалі сітуацыя не самая горшая ў параўнанні з некаторымі іншымі рэгіёнамі вобласці. Тым не менш у наступным годзе будзе зроблены праект, а на 2017 год запланавана будаўніцтва станцыі абезжалезвання. А пакуль жыхарам параілі запасціся фільтрамі.
Аляксандр Ільінскі, начальнік цэха №1 ОКЗ, выказаў занепакоенасць лёсам цэха, а значыць, і будучым амаль 100 работнікаў, якія сёння там рупяцца. Мікалай Мікалаевіч разам з мужчынам разважаў пра перспектывы работы цэха: “Вядома, я хачу каб завод працаваў, каб людзі былі пры справе, каб прадукцыя выраблялася і прадавалася. Але на сёння не закончана яшчэ мадэрнізацыя асноўнай вытворчасці. За якія грошы можа быць зроблена мадэрнізацыя цэха №1? Хто прафінансуе гэтыя работы? Ды і няма гарантыі, што прадукцыя будзе карыстацца попытам”.  Сёння цэх, пабудаваны 60 год таму, не адпавядае сучасным патрабаванням. Там шмат цяжкай ручной працы, якую выконваюць у асноўным жанчыны. Спадзявацца на тое, што вырасце попыт на прадукцыю, якую вырабляе гэты цэх, не прыходзіцца. Таму асноўнае пытанне, якое стаіць сёння перад кіраўніцтвам прадпрыемства – як забяспечыць людзей работай? У гэтай сувязі старшыня райвыканкама У. П. Куранны заўважыў, што больш як 20 чалавек знойдуць месца работы на новых прыватных прадпрыемствах, якія хутка адкрыюцца ў Обалі. Кіраўнік вобласці прапанаваў уладкоўваць лю-дзей і на сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, дзе заўсёды патрэбны рабочыя рукі.
Старшыня аблвыканкама азнаёміўся з заводам. У мадэрнізацыю прадпрыемства ўкладзена больш за 72 мільярды рублёў, якія выдзелены з абласнога інавацыйнага фонду. Зараз ідзе ўстаноўка і наладка абсталявання. Дырэктар ААТ “Обальскі керамічны завод” П. І. Манак расказаў пра мадэрнізацыю, пра планы далейшага развіцця прадпрыемства. Як зменіцца якасць прадукцыі абноўленага цэха? Якая чакаецца рэнтабельнасць новай прадукцыі? Ці будзе цэгла запатрабавана на рынку будаўнічых матэрыялаў, які зараз вельмі насычаны разнастайнай прадукцыяй? Куды будуць працаўладкаваны людзі? Як будуць выкарыстоўвацца вызваленыя плошчы? Старшыню аблвыканкама цікавілі ўсе бакі мадэрнізацыі прадпрыемства.
“Обальскі керамічны завод – гэта прадпрыемства градаўтваральнае. Пасёлак дастаткова вялікі і дапусціць, каб людзі засталіся без работы – пра гэта нават нельга гаварыць. Трэба абмеркаваць пытанні арганізацыі вытворчасці на свабодных плошчах – каб тут працавалі людзі, выраблялі прадукцыю, была выручка, прадпрыемства жыло, – адзначыў М. М. Шарснёў, падводзячы вынікі на своеасаблівай прэс-канферэнцыі. – Завод павінен вярнуць сабе статус градаўтваральнага, вярнуць тыя традыцыі, якія былі ў лепшыя гады. На заводзе павінны працаваць сем’і, дзеці павінны тут заставацца, развівацца сацыяльная інфраструктура. У мяне ёсць пытанні па асобных пазіцыях, і мы будзем размаўляць пра гэта з кіраўніцтвам завода. Але ў мяне няма ніякіх сумненняў, што прадпрыемства будзе працаваць”.
Менавіта з гэтым звязана падтрымка завода з боку аблвыканкама. Нельга дапусціць сацыяльнага напружання, кінуць людзей сам-насам з праблемамі. Тым больш, што ў завода ёсць пэўная перавага ў блізасці да расійскіх рынкаў збыту прадукцыі. Задача – знізіць сабекошт, вырабіць канкурэнтную прадукцыю і паспяхова рэалізаваць яе на знешнім рынку, адзначыў кіраўнік абласнога выканаўчага камітэта.
Завяршаючы работу ў рэгіёне, М. М. Шарснёў заўважыў, што людзі хочуць жыць у нармальных умовах, і яны маюць на гэта права: “Тое, што ўпушчана, нават у сённяшніх цяжкіх умовах, нам, безумоўна, трэба любымі намаганнямі вярнуць на свае месцы. Тое, што людзі хочуць, павінна быць. Добрыя дарогі, медыцынскае абслугоўванне, школа, работа і гарантаваная зарплата – гэта той мінімум, якія ўлады павінны забяспечыць”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №99 ад 18.12.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *