Шумилинские школьники побывали на главной ёлке страны

Образование Общество

На галоўнай ёлцы краіны
23-24 снежня ў Мінску ў Палацы Рэспублікі прайшла Прэзідэнцкая ёлка. Гонар стаць удзельнікамі галоўнага святочнага мерапрыемства краіны сёлета выпаў двум вучням Шумілінскай СШ №1: сямікласніку Даніілу Сафонаву і трэцякласніцы Стэле Шылавай, а таксама вучаніцы 8 класа Мішневіцкай СШ Кацярыне Петуховай.
Такі навагодні падарунак дзеці заслужылі сваімі дасягненнямі, упартай і стараннай вучобай, актыўным удзелам у пазашкольным жыцці.
Сапраўды, усе трое найперш добра вучацца. Да таго ж, у прыватнасці, Кацярына Петухова – неаднаразовая пераможца раённых і абласных канферэнцый навуковых таварыстваў, уладальніца некалькіх дыпломаў, апошняе яе дасягненне – 3 месца ў рэспубліканскім конкурсе па распрацоўцы камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці “Патрыёт.бай” у намінацыі “Мы ў памяці захоўваем герояў імёны”.
Данііл Сафонаў – вядомы ў раёне спартсмен. Хлопец паказвае высокія вынікі ў валейболе, ён член валейбольнай каманды, якая годна выступае і перамагае ў шматлікіх спаборніцтвах. Апошняя спартыўная перамога на рахунку каманды, за якую гуляе Данііл, – перамога ў абласным першынстве па валейболе.
Стэла Шылава – актыўная ўдзельніца і пераможца міжнародных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў, вучыцца ў Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў па класе цымбалы. У ліку апошніх яе перамог – дзяўчына стала лаўрэатам III ступені I Міжнароднага конкурсу “Свет музыкі” ў намінацыі “салісты-інструменталісты: народныя інструменты”; а таксама лаўрэатам III ступені абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу юных музыкаў “Музыка дзіцячай душы”.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №101 ад 30.12.2015г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *