В Шумилино прошёл международный турнир по волейболу

Молодёжь Новости Спорт, туризм

Да першынства гатовы
На міжнародным турніры па валейболе сярод хлопцаў 2000-2001 гадоў нараджэння на прызы ДзЮСШ, раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” і раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, які нядаўна прайшоў у райцэнтры, за перамогу змагаліся валейбалісты з Шуміліна, Віцебска, Гомеля і Смаленска (дзве каманды), па-за конкурсам выступала каманда раёна, у склад якой уваходзілі дарослыя шумілінскія спартсмены.
На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. У. Мазанкоў і старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Л. У. Маладзечкіна адзначылі  поспехі шумілінскіх валейбалістаў у 2015 годзе. Андрэй Уладзіміравіч і Ларыса Уладзіміраўна пажадалі цікавай барацьбы  і  яркіх перамог у 2016 годзе.
“Гэты турнір разглядаем як падрыхтоўку да абласнога першынства, якое пройдзе у студзені, – расказвае трэнер Аляксей Паршыкаў. – Не стаўлю перад камандай задачы выйграць любым коштам. Трэба найграць састаў, паглядзець на справе, як пойдуць гульнявыя камбінацыі”. Менавіта па гэтых крытэрыях і запрашаліся каманды на турнір. Каманда з Гомеля – адна з лідараў у рэспубліцы, яна была другой на рэспубліканскім першынстве. На турніры гамяльчане былі яўнымі фаварытамі. З віцяблянамі шумілінскія валейбалісты сустракаліся не аднойчы, прычым з пераменным поспехам, на апошнім абласным першынстве віцебская каманда была другой. Асаблівую інтрыгу спаборніцтвам надаюць “цёмныя конікі”, у ролі якіх на турніры выступілі смаленскія каманды. Гульня з такімі камандамі заўсёды мае непрадказальны вынік, бо не ведаеш ні моцных, ні слабых бакоў саперніка.
Шумілінская каманда, за якую ігралі Уладзіслаў Шэкін, Антон Сушынскі, Ягор Пальвінскі, Яўген Дубавец, Ілья Пальвінскі, Андрэй Нячай, Ілья Шніпаў, Артур Паграбняк і Аляксандр Красікаў,  паказала вельмі прыстойную гульню. Адназначна, па меркаванні валейбольных заўзятараў, у каманды ёсць добры патэнцыял для паспяховага выступлення на абласным першынстве.
У матчах супраць смаленскіх каманд шумілінцы глядзеліся ўпэўнена, каманда можа прапаноўваць апаненту розны тэмп гульні, як вынік – перамогі. Супраць прынцыповага саперніка – каманды з Віцебска – нашы хлопцы выйшлі перамагаць, строгая дысцыпліна і ўменне рэагаваць на трэнерскія падказкі прынеслі перамогу.
Упрыгажэннем спаборніцтваў стала гульня “Шуміліна” – ”Гомель”. Бліскучы і цікавы валейбол прапанавалі каманды, нашы землякі ні ў чым не саступалі апанентам, валейбалісты абмяняліся партыямі, у трэцяй, рашаючай партыі, – сказаўся вопыт гомельскай каманды.
Пераможцай турніру стала каманда з Гомеля, на другім месцы – Шуміліна, на трэцім – Віцебск. На закрыцці турніру кубкі і дыпломы прызёрам уручыў старшыня  раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў В. В. Юхнавец. Старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Л. У. Маладзечкіна ўручыла прызы ад грамадскага аб’яднання лепшым ігракам  каманд (у складзе нашай каманды лепшым іграком стаў капітан каманды Уладзіслаў Шэкін).
Надрукавана ў №1 ад 05.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *