Доска почёта Шумилинского района: Елена БАБИЧЕВА

Актуалии Общество

“І ўсё ж сям’я для мяне – галоўнае”

Сённяшні наш герой працы – юрысконсульт Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шумілінскага раёна Алена Міхайлаўна БАБІЧАВА. Яе прозвішча занесена летась на раённую Дошку гонару.
Яна – кваліфікаваны, граматны і вопытны спецыяліст, які карыстаецца ў калектыве бясспрэчным аўтарытэтам і павагай. Вось ужо больш за 15 год Алена Міхайлаўна працуе ў ТЦСАН. Пачынала з інспектара па асноўнай дзейнасці, калі цэнтр быў проста аддзяленнем. Цяпер гэта – даволі буйная арганізацыя, якая налічвае 6 аддзяленняў і амаль 120 работнікаў. І вядома, што роля юрысконсульта ў падобных установах надзвычай сур’ёзная і, адпаведна, неацэнная. Нездарма ж у 2005 годзе пасада юрысконсульта была ўведзена ў штат – у сувязі з пашырэннем сацыяльнай службы наспела вострая неабходнасць.
У свой час Алена Міхайлаўна не пабаялася, можна сказаць, карэнным чынам змяніць сваё жыццё, калі, паслухаўшы былога начальніка ўпраўлення па працы райвыканкама Р. І. Шах, маючы сям’ю, дзвюх дачок, адну – выпускніцу школы, пайшла вучыцца завочна ў Мінск і атрымала ў даволі сталым узросце абсалютна новую для сябе прафесію юрыста.
Спачатку было, канешне ж, крыху складана, прызнаецца Алена Міхайлаўна. Прыйшлося пачынаць практычна з нуля, многаму вучыцца, ствараць базу. Жанчына вельмі ўдзячна кіраўніцтву і калегам за тое, што яны падтрымалі яе, далі магчымасць праявіць сябе. І сям’і сваёй – мужу і дочкам – бязмерна ўдзячна за падтрымку і разуменне.
– Вядома, што вам ёсць чым ганарыцца? – пытаюся ў субяседніцы.
– Найперш, сям’ёй. Гэта ўсё ж галоўнае для мяне, гэта сэнс майго жыцця, – шчыра адказала Алена Міхайлаўна. – Удзячна лёсу за клапатлівага мужа Мікалая, добрых дачок Марыну і Наталлю, якія мне сталі сапраўднымі сяброўкамі, за ўнучку Кацюшу, у якой душы не чую. Старэйшая дачка мае ўжо сваю сям’ю, жыве асобна, малодшая вучыцца завочна ў ВДУ і працуе. Рада, што яны побач у кожную хвіліну.
Я шчаслівая, бо ў мяне ёсць матуля, пастаянна адчуваю яе пяшчоту і клопат. Яна жыве ў Віцебску, і мы часта наведваемся да яе.  Ганаруся сваім калектывам, тымі адносінамі, якія ў нас склаліся, даверам кіраўніцтва, калег і партнёраў. Лягчэй працаваць, калі адчуваеш падтрымку.
– А пра што марыце?
– Грандыёзных планаў ніколі не будую, радуюся маленькім поспехам і ўдачам. Няхай у родных і блізкіх мне людзей не здараюцца гора і няшчасце, а толькі добрае і пазітыўнае, няхай шчаслівымі будуць мае дочкі, няхай лёс дорыць маёй любай матулі даўгалецце! І няхай супрацоўнікі ТЦСАН прыносяць карысць людзям, якія маюць патрэбу ў дапамозе і падтрымцы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №1 ад 05.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *