Власть Шумилинского района в поддержку государственной социальной политики

Актуалии Общество Президент

Асаблівая ўвага – пажылым людзям і дзецям

Сацыяльны характар нашай дзяржавы, замацаваны ў Канстытуцыі, праяўляецца ў сацыяльнай падтрымцы многіх катэгорый насельніцтва. Але, як адзначаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, гуманітарны характар дзяржавы праяўляецца, у першую чаргу, у адносінах да старых і дзяцей. Бягучы тыдзень быў увесь прасякнуты менавіта ідэяй гуманізму: 5 студзеня адзначаўся Дзень работнікаў сацыяльнай абароны, 7 студзеня святкавалася Нараджэнне Хрыстова, калі спрадвеку прынята дарыць дабрыню, цяпло сэрцаў, любоў тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
6 студзеня старшыня райвыканкама А. І. Снараў наведаў раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе павіншаваў усіх работнікаў сацыяльнай службы з прайшоўшым прафесійным святам, падзякаваў за вялікую складаную, адказную і вельмі запатрабаваную работу, уручыў Падзякі райвыканкама супрацоўнікам цэнтра – інспектару  А. М. Тарасавай і сацыяльнаму работніку В. Д. Паўленка.
Павіншавала калег з прафесійным святам і ўручыла ўзнагароды абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва супрацоўнікам цэнтра начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава.
Дарэчы, як расказала дырэктар ТЦСАН В. Р. Штуро, супрацоўнікі цэнтра абслугоўваюць жыхароў у 98 населеных пунктах, на пастаянным абслугоўванні знаходзіцца каля 500 чалавек, у аддзяленні кругласутачнага знаходжання цэнтра ў аграгарадку Мішневічы пражывае 29 чалавек. Цэнтр пастаянна павялічвае колькасць паслуг для розных катэгорый насельніцтва, асаблівую ўвагу надае адзінокім пажылым людзям, інвалідам, шматдзетным сем’ям. Яна таксама адзначыла лепшых работнікаў установы граматамі, абвясціла прозвішчы работнікаў, занесеных на Дошку гонару арганізацыі.
Для супрацоўнікаў цэнтра падрыхтавалі невялікі святочны канцэрт педагогі і вучні раённай гімназіі-інтэрната.
*     *     *
Працоўны дзень старшыні райвыканкама прадоўжыўся ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання ТЦСАН у Мішневічах. 29 чалавек з усяго раёна пастаянна пражываюць у аддзяленні, ахутаныя клопатам сацыяльных работнікаў. Аляксандр Іванавіч павіншаваў пацыентаў і работнікаў аддзялення з Новым годам, Нараджэннем Хрыстовым і ўручыў пацыентам салодкія падарункі. Ён адзначыў добры ўзровень наведаных устаноў, работу сацыяльнай службы раёна па забеспячэнні ўмоў пражывання для пажылых людзей, людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
*     *     *
У гэтыя святочныя дні прытулак раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра не абдзелены ўвагай – тут з падарункамі і рознымі мерапрыемствамі пабывалі прадстаўнікі многіх арганізацый раёна і вобласці, грамадскасці. Але дзеці, якія там знаходзяцца,  абдзелены самым галоўным – любоўю і клопатам родных бацькоў, а гэты клопат цяжка замяніць.
Напярэдадні Каляд у прытулак з самымі добрымі пажаданнямі і салодкімі пачастункамі для дзяцей завіталі старшыня райвыканкама А. І. Снараў і старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава (на здымку). Старшыня райвыканкама пазнаёміўся з работай прытулка і з Обальскай сярэдняй школай. Кіраўнік раёна адзначыў вядучую ролю дзяржавы ў рабоце па абароне дзяцей ад нядбайных бацькоў, неабходнасць пастаяннай работы з гэтай катэгорыяй, пажадаў поспехаў у рабоце.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №2 ад 09.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *