Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні, якія адбыліся за тыдзень на тэрыторыі нашага раёна, расказаў намеснік начальніка РАУС Юрый Аляксеевіч Арлоў.

Брат на брата
Зусім несвяточна закончыўся калядны вечар 7 студзеня для двух жыхароў Крывога Сяла. Адзін з іх, купіўшы піва, прыйшоў у госці да брата. Выпілі, разгаварыліся, гаворка не заладзілася, браты пасварыліся (як патлумачылі потым –  з-за дробязі). Адзін брат ўдарыў другога ў твар кулаком. Ну, а той не застаўся ў даўгу: схапіў са стала кухонны нож і пырнуў брата ў жывот. Потым апамятаўся і пабег за медыцынскай дапамогай да вясковага фельчара.
Адзін з братоў знаходзіцца на лячэнні ў райбальніцы. Ну, а супраць другога ўзбуджана крымінальная справа.

Падробка
У ходзе расследавання адной з крымінальных спраў супрацоўнікі РАУС рабілі вобыск у адным з дамоў а.-г. Мішневічы і знайшлі ў мясцовага жыхара, які вучыцца ў Віцебскім прафесіянальна-тэхнічным каледжы, несапраўдны адзіны білет на бясплатны праезд у грамадскім транспарце. Білет быў выпісаны на аднаго чалавека, а фотаздымак быў другога навучэнца. За гэта згодна з арт. 380 ч. 1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Падробка, выраб або збыт дакументаў” пагражаюць грамадскія работы або штраф, або папраўчыя работы да двух гадоў або абмежаванне волі на той жа тэрмін.

На мове лічбаў
За мінулы год у раёне адбылося 8 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 1 чалавек загінуў, 8 атрымалі раненні (за 2014 год было зарэгістравана 13 ДТЗ, 5 чалавек загінула і 8 паранена). Усяго ў мінулым годзе зарэгістравана 4975 парушэнняў Правілаў дарожнага руху. 481 парушэнне выяўлена сярод пешаходаў, веласіпедыстаў і возчыкаў гужавога транспарту. Хуткасны рэжым парушылі 2249 вадзіцеляў, 89 селі за руль у стане алкагольнага ап’янення.

Са зводак ДАІ
Нецвярозы

Супрацоўнікі ДАІ затрымалі ў Сіроціне жыхара райцэнтра, які ў стане алкагольнага ап’янення ехаў на асабістым “Опелі”. Да таго ж, парушальнік не меў тэхагляду на аўтамабіль. Мужчыну пагражае штраф ад 50 да 100 БВ.

На матаблоку
Жыхар Добрына, які па прыгаворы суда быў пазбаўлены на пяць гадоў права кіраваць ўсімі транспартнымі сродкамі, сеў за руль матаблока. На ім і затрымалі супрацоўнікі ДАІ мужчыну на аўтадарозе Гарадок-Ула-Камень. За ўхіленне ад адбыцця пакарання супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа. Яму пагражае штраф або арышт да шасці месяцаў.

На чырвонае святло
Трое сяброў з райцэнтра так некуды спяшаліся, што нават не зважалі на святлафор: перайшлі перакрыжаванне вуліц Юбілейная-Луначарскага на чырвонае святло. За гэта кожнаму з парушальнікаў правілаў дарожнага руху пагражае штраф па адной базавай велічыні (па 210 тысяч рублёў).

Не ўступіла дарогу
Жыхарка Шуміліна, якая на аўтамабілі “Шкода” ехала па Сіроціне, стала віноўнікам дарожна-транспартнага здарэння: жанчына не прапусціла  “Мерседэс” (ім кіраваў жыхар Мінска), які ехаў па галоўнай дарозе. Аўтамабілі сутыкнуліся, абодвум патрабуецца рамонт. Жыхарцы райцэнтра пагражае штраф ад 1 да 5 БВ.
Надрукавана ў №3 ад 12.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *