Как в Шумилино боролись со снежным циклоном «Даниэлла»

Актуалии Общество

Утаймаваць раз’юшаную «Даніэлу»
Зіма прыйшла па поўнай праграме. Спачатку адкрыла год маразамі, а ў ноч на 12 студзеня завітаў цыклон з прыгожым імем “Даніэла” і за суткі высыпаў на Віцебшчыну месячную норму ападкаў. Раніцай наступствы моцнага снегападу адчулі ўсе, убачыўшы занесеныя двары, тратуары, вуліцы і дарогі, па якіх цяжка было прабіцца і пешшу, і на аўтамабілі.
Адпаведныя службы былі папярэджаны загадзя: аранжавы ўзровень стану надвор’я абвясціў Белгідрамет, штармавое папярэджанне даслала Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, спецтэлеграму за подпісам віцэ-прэм’ера А. М. Калініна даслаў урад краіны. Камунальнікі і дарожнікі пачалі барацьбу са снегам яшчэ ноччу, але раніцай больш-менш расчышчанымі былі толькі галоўныя вуліцы і магістральныя дарогі. Удзень на расчыстку былі кінуты дадатковыя сілы, але і яны пачалі спраўляцца з сітуацыяй толькі да канца дня.
Падключыцца да ўборкі снегу папрасіў і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на цырымоніі ўручэння прэмій Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”. Кіраўнік дзяржавы папрасіў людзей падключыцца да ўборкі снегу ў дварах дамоў, на тэрыторыях. Ён даручыў прадстаўнікам улады ўзяць на кантроль пытанні расчысткі ад снегу населеных пунктаў і дарог.
На рабочай нарадзе ў райвыканкаме ўвагу кіраўнікоў усіх арганізацый і прадпрыемстваў  звярнулі на неабходнасць дапамогі камунальнай службе, і папрасілі расчысціць ад снегу падыходы і пад’езды да арганізацый, прылеглыя і замацаваныя тэрыторыі, асабліва тратуары і праезды, тым больш, што метэаслужба папярэджвае пра працяг снегападаў, праўда, не такіх моцных.
На нарадзе было прапанавана накіраваць на расчыстку снегу беспрацоўных. Неабходна забяспечыць бесперабойнае функцыянаванне ўсіх сістэм жыццезабеспячэння насельніцтва: транспарту, “хуткай дапамогі”, пажарнай службы, аўтамагазінаў і іншых.
Таксама нельга пакінуць без увагі ветэранаў, адзінокіх пажылых людзей – трэба дапамагчы ім расчысціць двары, падыходы да дому, гаспадарчых пабудоў, прынесці дровы, калі трэба, прадукты з крамы. Гэта фронт работы для нашай моладзі, для ўдзельнікаў валанцёрскага руху. Не трэба нагадваць пра неабходнасць расчысткі ад снегу воінскіх мемарыялаў і могілак, помнікаў.
Такім снегам зіма не радавала некалькі апошніх год запар. Але нам не прывыкаць, і ўсе разам мы справімся з націскам стыхіі.

Праз тры гадзіны замятае зноў…
“Камунальнікі не вытрымалі капрызаў надвор’я, як быццам і не чакалі зімы”, – крытыкавалі службу жыхары райцэнтра.  Галоўны інжынер УП ЖКГ А. М. Догель патлумачыў, што райцэнтр з трох гадзін ночы чысцяць пяць трактароў з лапатамі, ёсць яшчэ МАЗ і “Амкадор”.  Малыя трактары, прызначаныя для тратуараў, прыйшлося адправіць для расчысткі праезнай часткі.  Ну, а потым ужо браліся за тратуары.
Таксама з трох гадзін ночы пачалі сваю работу механізатары ДРБУ-204. “У нас ёсць 14 адзінак снегаачышчальнай тэхнікі, якія працуюць у дзве змены па ўсіх дарогах раёна, – паведаміў дырэктар прадпрыемства Р. М. Насцюшкін. – Скаргаў ад насельніцтва ў першы дзень снегападу не паступала.  Паліва ў нас хапае, але праблема ў тым, што завіруха дзень і ноч: гадзіны праз тры замятае так, што і не бачна нашай расчысткі, і за работу прыходзіцца брацца нанова”.
У першы дзень гаспадарання “Даніэлы” карэспандэнты раённай газеты выязджалі ў Мішкавічы. Ля фермы ў Ляжнях убачылі, што працуе трактар з лапатай. Падумалі, што ён прачысціў і праезную частку ад Ляжнёў да Мішкавіч. “Ды не, гэта хлопцы з ДРБУ-204 з раніцы пастараліся, – патлумачыла намеснік дырэктара гаспадаркі В. В. Яцко. – А вось пад’езды да фермаў, сянажных траншэй, тэрыторыю майстэрні вызваляем ад снежнай навалы сваімі сіламі”.
У Кардоне, Мішкавічах і Мікалаеве прыемна было назіраць, як мясцовыя жыхары расчышчаюць рыдлёўкамі снег ад сваіх падворкаў і да праезнай часткі. Больш таго, нам стала вядома, што некаторыя вяскоўцы  дапамагаюць справіцца са снежным аўралам і вадзіцелям. У прыватнасці, 12 студзеня дачнікі з в. Пятніцкія Алег і Анатоль Куценкі, жыхар в. Івоніна Віктар Васілеўскі ўзялі ў рукі рыдлёўкі і ўзяліся расчышчаць вузкую праезную частку, каб рэйсавы аўтобус не забуксаваў і без перашкод змог развярнуцца.  Вадзіцелі шумілінскай аўтастанцыі былі вельмі  ўдзячны  вяскоўцам за дапамогу.

Пра печкі і дахі
12 студзеня адбылося пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях райвыканкама, расказаў старшы інжынер групы арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый РАНС Дзмітрый Пятроў. Вялася гаворка пра ачыстку дарог ад снегу: дарожная і камунальныя службы не паспяваюць. Кіраўнікі сельгасарганізацый адгукнуліся на просьбу дапамагчы, і многія выдзелілі тэхніку для расчысткі дарог.
Супрацоўнікі РАНС рэкамендавалі кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў ачысціць дахі фермаў, складоў, майстэрняў ад снегу. Не перашкодзіць гэта зрабіць і прыватным гаспадарам, асабліва тым, чые дамы далёка не новыя.
Вясковым жыхарам выратавальнікі раяць не перакальваць печкі, а паліць іх два-тры разы на дзень.  “Яшчэ мы звяртаем увагу нашых землякоў на тое, каб не хадзілі пад лініямі электраперадач і не пакідалі там свае легкавушкі, – папярэджвае Д. Пятроў. – Гэта небяспечна: па рэспубліцы зафіксаваны выпадкі абрыву электраправадоў”.

Не выязджайце без пільнай неабходнасці!
У сувязі са снежнымі завеямі, маразамі дзяржаўтаінспекцыя працуе ва ўзмоцненым рэжыме па плану спецыяльных мерапрыемстваў “Надвор’е”. “Нашы супрацоўнікі кругласутачна дзяжураць на дарогах, пакуль на аўтадарозе Р-20 ніякіх надзвычайных сітуацый не было, – расказаў начальнік ДАІ Мікалай Гаралевіч. – У сувязі са складанымі ўмовамі надвор’я хацелася б папярэдзіць жыхароў раёна: не выязджайце на сваіх легкавушках без пільнай неабходнасці, будзьце ўважлівымі на дарогах, захоўвайце дыстанцыю і бакавыя інтэрвалы, пазбягайце рэзкіх манеўраў. У час снегападаў і галалёдзіцы ездзіць на веласіпедах забараняецца”.
Супрацоўнікі ДАІ заклікаюць жыхароў раёна не пакідаць свае аўтамабілі на краі праезнай часткі, бо гэта перашкаджае рабоце снегаачышчальнай тэхнікі. Ну, а парковачнае месца ля свайго аўто каля шматпавярховага дома павінен расчысціць ад снегу гаспадар машыны.

Дапамагаюць валанцёры
“У 13-ці сярэдніх і базавых школах нашага раёна створаны цімураўскія атрады, – расказала старшыня раённага савета грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” Н. Л. Пятроўская. – Акрамя таго, у раённай гімназіі, СШ № 1 і СШ № 2, Мішневіцкай, Кардонскай, Слабадской, Башнёўскай школах  працуюць валанцёрскія атрады. Піянеры і члены БРСМ дапамагаюць падшэфным у ачыстцы падворкаў ад снегу”.
У Мішневіцкай і Кардонскай школах нам расказалі, што дзеці на гэтым тыдні наведалі ветэранаў працы і аказалі пасільную дапамогу: некаму дроў прынеслі ў хату, іншым – вады з калодзежа, расчысцілі ганак і сцежку да веснічак. “Нашы валанцёры таксама наведалі падшэфных, а іх у нас усяго шэсць, – расказала педагог-арганізатар Слабадской школы В. В. Рылова. – Прыйшлося папрацаваць з рыдлёўкамі ў руках, бо снег падкінуў работы. А ў гэту суботу мы плануем правесці дабрачынную акцыю па расчыстцы ад снегу брацкіх пахаванняў у Дворышчы і Сянькове, помніка героям Вялікай Айчыннай вайны і парка ў Слабадзе”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ. Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №4 ад 15.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *