Как засолить сало? Рецептами делятся читатели «Герой працы»

Здоровье Общество

Не еў сала – сілы мала
У навуковай літаратуры наконт свінога сала, якое карыстаецца попытам не толькі на Украіне, але і ў Беларусі, існуюць розныя пункты погляду. Як сведчаць навуковыя даследаванні, свіное сала ўтрымлівае рэчывы, якія ўдзельнічаюць ў будаўніцтве клетак арганізма, садзейнічаюць ўтварэнню некаторых гармонаў, удзельнічаюць у халестэрынавым абмене. Але медыкі раяць не есці шмат тлустага, бо гэта і страўніку не на карысць, і можа прывесці да развіцця атэрасклерозу.
На Шуміліншчыне салёнае свіное сала заўсёды было для вяскоўцаў незамянімым прадуктам.  Калі вяскоўцы рэжуць свіней, гаспадыні робяць не толькі тушонку, але і соляць сала. Прапануем рэцэпты, якія прайшлі выпрабаванне ў нашых чытачоў.
Вера Мазейка, Сураўні:
– Ведаю даўні спосаб засолкі сала, які мне ў спадчыну перадала бабуля. Такім спосабам карыстаюцца многія вяскоўцы. У драўляную скрыню насыпаем слой буйной солі (прыкладна 4-5 см). Затым кладзём кавалак сала шкуркай ўніз і зверху зноў засыпаем соллю. Так паўтараем некалькі разоў, пакуль скрыня не будзе шчыльна запоўнена салам. Зверху зноў засыпаем тоўстым слоем солі, каб да сала не праходзіла паветра. Такая скрыня і зімой, і летам захоўваецца ў кладоўцы ці на верандзе. Сала ніколі не жаўцее і не псуецца.
Віслава Маруцька, Кардон:
– Я закатваю сала ў слоікі. Для гэтага рэжу сала на невялікія кавалкі і кожны з іх абмакваю ў загадзя прыгатаваную сумесь: соль змешваю з чорным молатым перцам і здробненым часнаком. Кавалкі сала шчыльна складваю ў стэрылізаваныя слоікі і закатваю. Сала добра захоўваецца працяглы тэрмін.
Наталля Сцержанкова, Шуміліна:
– У мяне рэцэпт засолкі сала вельмі просты і надзейны. Бяру соль і змешваю яе з дробным чорным перцам і кменам. Затым абсыпаю ўсім гэтым кавалкі сала. Зверху пасыпаю дробна парэзаным часнаком – пах атрымліваецца непаўторны. Праз тыдзень сала гатова.
Леанід Пагарэльскі, Башні:
– У цёплай вадзе трэба растварыць соль. Канцэнтрацыю правяраю так: кладу ў ваду сырое яйка, як толькі яно ўсплыве – солі дастаткова. Затым у ваду дадаю чорны здробнены перац, лаўровы ліст і парэзаны часнок. Кладу ў падрыхтаваны раствор сала, прыціскаю зверху накрыўкай. Такім чынам сала засольваецца 5-6 дзён. Потым кавалкі сала абсушваю і захоўваю ў халадзільніку. Сала атрымліваецца вельмі мяккае і смачнае.
Лідзія Буганава, Шуміліна:
–  Смачным сала атрымліваецца ў цыбульным шалупінні –  мяккае, а па знешнім выглядзе нагадвае вэнджанае. Для гэтага спатрэбіцца 1 літр вады, 6 сталовых лыжак солі, дзве жмені шалупіння ад цыбулі, 3 лаўровыя лісты, 15 штук перца гарошкам. У каструлю наліць адзін літр вады і дадаць у яе ўсе вышэй названыя інгрэдыенты, закіпяціць. У кіпень пакласці кавалкі сала і пракіпяціць 10 хвілін. Зняць каструлю з пліты, астудзіць і паставіць у халадзільнік на суткі. Дастаць сала з каструлі, абсушыць ручніком і нацерці зверху здробненым часнаком. Захоўваць сала ў маразільніку.
Рэцэпты запісала Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №7 ад 26.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *