День информирования в Шумилинском районе

Актуалии Президент Экономика

Ахова здароўя і іншыя пытанні
Асноўнай тэмай дня інфармавання, які праводзіўся ў мінулы чацвер, стала асвятленне дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы здароўя як складаемай сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Але як і заўсёды на такіх сустрэчах кіраўніцтва раёна з працоўнымі калектывамі, жыхары раёна мелі магчымасць задаць любое пытанне па любой сферы жыцця, якое хвалюе як калектыў, так і асобнага чалавека.
Інфармацыйна-прапагандысцкая група, якую ўзначальвае старшыня райвыканкама А. І. Снараў, наведала працоўны калектыў райплемстанцы
і

. Адбылася шчырая размова па праблемных пытаннях развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці, ролі калектыву райплемстанцыі ў рашэнні гэтых пытанняў. Кіраўнік раёна паставіў перад спецыялістамі службы канкрэтныя задачы з улікам спецыфікі дзейнасці, адзначыў важнасць прадпрыемства ў развіцці галіны жывёлагадоўлі на Шуміліншчыне.
З інфармацыяй па асноўнай тэме перад прысутнымі выступіў галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ К. Ф. Баканаў і прааналізаваў дэмаграфічную сітуацыю ў раёне: за мінулы год нарадзілася на 24 дзіцяці больш, чым у 2014 годзе, менш стала смярцей, але пакуль агульная смяротнасць перавышае нараджальнасць. Кіраўнік раённай медыцыны паведаміў пра асноўныя прычыны смяротнасці, засяродзіў увагу на тых, якія залежаць ад паводзін чалавека, яго стаўлення да ўласнага здароўя.
Канстанцін Фёдаравіч расказаў пра ўкладанні ва ўстановы аховы здароўя, зробленыя ў апошнія гады: рамонт медыцынскіх устаноў, кадравае забеспячэнне, набыццё сучаснага медыцынскага абсталявання. Усё гэта дазволіць палепшыць медыцынскае абслугоўванне насельніцтва, павысіць эфектыўнасць прафілактыкі і лячэння насельніцтва раёна.
Дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро расказаў пра новаўвядзенні, якія адбыліся ў 2016 годзе ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, расказаў пра работу камунальнай службы па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.
Начальнік аддзела па надзвычайных сітуацыях А. І. Сасновіч паведаміў пра сітуацыю з пажарамі ў рэспубліцы і ў раёне: у мінулым годзе у раёне ў 24 пажарах загінула 5 чалавек, сёлета ўжо адбылося 2 пажары. Андрэй Іванавіч засяродзіў увагу на прафілактычных мерах, кантролі пажарнай бяспекі, што асабліва актуальна ў сувязі з марозным надвор’ем.
Пракурор раёна С. У. Зайцаў і начальнік райаддзела Следчага камітэта Р. Б. Лясовіч расказалі пра крымінагенную сітуацыю ў раёне, адзначылі высокі ўзровень злачыннасці і неабходнасць узмацнення прафілактычнай работы.
Адзін з работнікаў племстанцыі задаў пытанне старшыні райспажыўтаварыства У. Л. Лейзяровічу наконт кафэ “Клякса”: “Дзеці і бацькі актыўна зараз адпачываюць на катках ля Шумілінскай СШ №1, на стадыёне, а сагрэцца, выпіць гарачага чаю, з’есці булачку, няма дзе”. “Пакуль не пацяплее, кафэ адкрывацца не будзе”, – адказаў кіраўнік райпо.
*     *     *
У гэты ж дзень інфармацыйная група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай адправілася на сустрэчу з працоўным калектывам обальскага вытворчага ўчастка па здабычы і перапрацоўцы торфу ВУ “Віцебскторф” УП “Віцебскоблгаз”.
З асноўным дакладам па тэме адзінага дня інфармавання выступіў галоўны ўрач ЦРБ К. Ф. Баканаў.
Выступілі па сваёй тэматыцы дзейнасці намеснік пракурора раёна А. А. Дзергачоў, намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях І. П. Маскалькоў, дырэктар раённай гімназіі-інтэрната старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Л. У. Маладзечкіна, галоўны інжынер РВЭС Ю. П. Краўчанка.
Пасля сустрэчы члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы прайшлі па цэху перапрацоўкі прадпрыемства і азнаёміліся з асноўным вытворчым працэсам: перапрацоўкай і кіпоўкай тарфяных грунтоў “Дзвіна” у пакеты па 80 л і ў біг-болі аб’ёмам у 4,8-5,5 кубаметра. Намеснік дырэктара-начальнік вытворчасці В. М. Серафімовіч зазначыў, што справы на ўчастку ідуць добра, за мінулы год калектывам (а гэта 81 чалавек) выкананы ўсе вытворчыя паказчыкі па здабычы, перапрацоўцы, кіпоўцы і экспарце тарфяной прадукцыі. Па словах Васіля Мікалаевіча, за 2015 год былі асвоены інвестыцыі – а гэта 4 млрд. 600 млн. рублёў – ва ўласную вытворчасць распрацоўкі новых палёў па здабычы торфу. Сярэдняя заработная плата работнікаў дастойная – зараз складае каля 7 млн. рублёў, хаця зразумела, наколькі складана і працаёмка тут працаваць. Працоўная і выканаўчая дысцыпліна стаяць на першым месцы. Прадпрыемства працуе стабільна, поўны працоўны тыдзень, без прастояў, з панядзелка нават пераходзіць на двухзменны рэжым работы. Рэалізацыя прадукцыі таксама задавальняе. Обальскія тарфяныя грунты ідуць на экспарт у Італію, Чэхію, Германію.
Члены інфармацыйнай групы былі прыемна ўражаны ўмовамі працы і адпачынку работнікаў, парадаваліся за поспехі прадпрыемства, якое ва ўмовах крызісу не толькі выжывае, а стабільна трымаецца на рынку і, як выказалася эканаміст участка В. П. Ігрова, з упэўненасцю глядзіць у заўтрашні дзень.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ,  Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №7 ад 26.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *