Второй тур республиканской детско-юношеской лиги по волейболу: и вновь Шумилино побеждает

Актуалии Молодёжь Спорт

І зноў – перамога ў шумілінцаў!

21-23 студзеня ў Шуміліне праходзіў другі тур рэспубліканскай дзіцяча-юнацкай лігі па валейболе сярод юнакоў 2003-2004 гадоў нараджэння. Шуміліншчына заўжды славілася сваёй моцнай валейбольнай школай, але ж спаборніцтвы па валейболе рэспубліканскага ўзроўню ў нас праходзілі ўпершыню ў гісторыі.

У адкрыцці спаборніцтваў узяў удзел кіраўнік раёна А. І. Снараў. Ён пажадаў здароўя, бадзёрасці духу і поспеху юным спартсменам і трэнерам, сказаў, што прыемна прымаць на Шуміліншыне спаборніцтвы такога высокага ўзроўню.
Каманда ДзЮСШ, якую трэніруе Аляксей Паршыкаў, у гэты раз змагалася з камандамі спецыялізаванай ДзЮШАР Мінск-1 і Мінск-2, камандамі абласной спецыялізаванай ДзЮШАР імя Сапегі Гродна-1 і Гродна-2 і камандай спецыялізаванай ДзЮШАР Гомеля “Энергія”.
І гэта толькі на першы погляд можа падацца, што шумілінскія хлопцы могуць саступіць, што барацьба будзе не на роўных. Але ж на рахунку нашых юнакоў неаднаразовыя перамогі ў самых прэстыжных валейбольных баталіях, яны ўпэўнена сталі чэмпіёнамі вобласці, смела, калі не сказаць дзёрзка, “ідуць” да перамогі ў рэспубліканскай лізе.
За плячыма – перамога ў першым, і цяпер – у другім туры. “І толькі цуд можа нам перашкодзіць не выйграць у трэцім туры, які пройдзе ў сакавіку ў Гомелі”, –  смела пракаментаваў перамогу нашых юных спартсменаў Андрэй Мазанкоў, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Андрэй Уладзіміравіч заўважыў, што такія добрыя вынікі найперш сведчаць пра выдатную трэнерскую работу. У гэтым узросце (2002-2003 гады нараджэння) у меншай ступені важна, якога ты, скажам, росту – выігрывае той, хто лепш навучаны. Праўда, трэнер каманды А. А. Паршыкаў сціпла заявіў, што яму проста пашанцавала з дзецьмі: “Яны і ў школе добра вучацца, на дзясяткі, і ў валейбол так жа гуляюць. Добрыя хлопцы падабраліся”.
Важна адзначыць і тое, што спаборніцтвы такога ўзроўню мяркуюць і высокую арганізацыю. ДзЮСШ выканала вялізную работу па падрыхтоўцы, адзначыў Андрэй Мазанкоў. Госці засталіся задаволены ўсім. Яны размясціліся ў інтэрнаце раённай гімназіі, было арганізавана харчаванне і многія іншыя моманты, якія застаюцца “за кадрам”, але ад якіх залежыць агульны ўзровень правядзення мерапрыемства.
Гонар Шуміліншыны ў другім туры рэспубліканскай лігі па валейболе абаранялі: Данііл Сафонаў (капітан каманды), Ілья Хамаганаў, Ілья Піульскі, Павел Церашчук, Станіслаў Бяззубенка, Мікіта Шкулаў, Міхаіл Фядотаў, Аляксандр Лабачоў, а таксама легіянеры з Оршы – Мікіта Чарневіч і Уладзіслаў Рамановіч, і з Віцебска – Мікіта Філіпаў.
Як цікава было назіраць за іх гульнёй. Хлопцы разумеюць адзін аднаго без слоў, падтрымліваюць, гуляюць сапраўды адной камандай. І калі сядзіш на трыбуне, сочыш за гульнёй, перажываеш “за сваіх”, то душу перапаўняе пачуццё гонару, нават, патрыятызму. Не маючы ніякіх выключных умоў для гэтага, нашы дзеці праслаўляюць Шуміліншчыну сваімі перамогамі. Робяць гэта шчыра і ўпэўнена. А вось у некаторых дарослых гэтага пакуль не атрымліваецца, праслаўляць малую радзіму не атрымліваецца…
Жадаем цікавай гульні і перамогі, жадаем вярнуцца з Гомеля чэмпіёнамі рэспублікі!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №7 ад 26.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *