Кнігі Івана Шамякіна чыталі ўсе

Актуалии Духоўнае Культура

Кнігі Івана Шамякіна чыталі ўсе
30 студзеня 1921 года нарадзіўся Іван Пятровіч Шамякін – народны пісьменнік Беларусі, вядомы грамадскі дзеяч і навукоўца, лаўрэат шматлікіх дзяржаўных прэмій і ўзнагарод.

Сёлета мы святкуем 95-годдзе з дня нараджэння пісьменніка, уклад якога ў станаўленне і развіццё беларускай літаратуры немагчыма пераацаніць. Яго біяграфія, творчая спадчына сёння проста ўражваюць, выклікаюць гонар і пачуццё ўдзячнасці за вялікую працу ў імя сваёй Радзімы, свайго народа, нас, нашчадкаў.
Іван Шамякін нарадзіўся ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля школы паступіў у Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў, пасля заканчэння якога ў 1940 годзе быў накіраваны працаваць у Беласток. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях пад Мурманскам, у вызваленні Польшчы, у баях на Одэры. Пасля вайны настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна, вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута. Працаваў старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаха “Савецкая Айчына”, намеснікам старшыні і першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўным рэдактарам Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

У 1972 годзе яму было прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі. Быў дэпутатам, затым старшынёй Вярхоўнага Савета  БССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Быў дэлегатам на  XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З жонкай Марыяй Філатаўнай Іван Пятровіч пражыў 58 год. У іх нарадзі-лася чацвёра дзяцей. Памёр пісьменнік у 2004 годзе, пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. Імя Івана Шамякіна носіць адна са сталічных вуліц.
У 1945 годзе ў часопісе “Полымя” Іван Шамякін апублікаваў сваю першую аповесць “Помста”. За больш як 60 год творчасці пісьменніка выйшла 130 яго кніг агульным тыражом звыш за 25 мільёнаў экзэмпляраў. Многія раманы, аповесці і апавяданні перакладзены на замежныя мовы, амаль усе раманы – на кітайскую. Лепшымі сваімі творамі Іван Шамякін лічыў раманы “Глыбокая плынь”, “Крыніцы”, “Сэрца на далоні”, “Снежныя зімы”, “Атланты і карыятыды”, “Вазьму твой боль”. Многія яго творы экранізаваныя.
Кнігі Івана Шамякіна былі надзвычай папулярнымі. Дачка пісьменніка Таццяна (доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ) заўважыла ў адным з інтэрв’ю: “Бацька сапраўды быў вельмі папулярны і любімы, асабліва ў 60-80-я гады. А сакрэт у тым, што ён пісаў для ўсіх: і для звычайнага чалавека, і для інтэлектуала. Яго стыль блізкі да натуральнай мовы, фраза – меладычная, лёгкая. Калі пісьменнік нераўнадушны да таго, што апісвае, нераўнадушным аказваецца і чытач: яго ахоплівае хваляванне, такое ж эмацыянальнае ўзрушэнне, як і аўтара. Дапытлівасць, прагная цікаўнасць да людзей, да жыцця — вось Шамякін-пісьменнік. Акрамя таго, у яго быў тыпова беларускі характар: вельмі спакойны, рахманы, чалавекалюбны, а самае вызначальнае ў ім — вялікае сумленне. Натуральна, усё гэта адлюстроўвалася ў творах.”
Сапраўды, ён зразумелы, блізкі кожнаму. Яго творы лёгка з задавальненнем чытаюцца дзецьмі і дарослымі. А юбілей пісьменніка – добрая нагода ўзяць у рукі кнігу класіка і аднавіць у памяці цікавыя сюжэты.

Узнагароды і прэміі
Герой Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны II ступені, “Знак Пашаны”, Дружбы народаў, Айчыны III ступені, медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР за раман “Глыбокая плынь”, Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа за раман “Крыніцы”, Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа за раман “Сэрца на далоні” і пенталогію “Трывожнае шчасце”, Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР за кнігу “Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч”, Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання за кінафільм “Вазьму твой боль”.
Падрыхтавала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Фота з архіва Аліны Пятровай.
Надрукавана ў №8 ад 29.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *