Шумілінскі раён ў XIX — пачатку XX стагоддзя. Школы: царкоўныя, народныя, рамесныя

Актуалии Край шумілінскі

Шумілінскі раён ў XIX — пачатку XX стагоддзя. Школы: царкоўныя, народныя, рамесныя

Здание Ловожской низшей ремесленной школы (сейчас Ловжанская д/с-СШ)

“Памятныя кніжкі” з’яўляюцца каштоўнай крыніцай, адкуль можна даведацца пра з’яўленне і дзейнасць школ, пра імёны настаўнікаў, іх заробкі, сродкі ўтрымання, колькасць вучняў.
Хаця ў 1802 годзе ў Расіі было створана Міністэрства народнай асветы (МНА) і дэкларавалася ўсесаслоўнасць адукацыі і бясплатнасць пачатковай адукацыі, да сярэдзіны XIX  стагоддзя адукацыя была прывілеяй для вышэйшых саслоўяў – дваранства і духавенства. Менавіта яны забяспечвалі папаўненне кадраў дзяржаўных служачых, афіцэраў, спецыя-лістаў, настаўнікаў і выкладчыкаў. Больш магчымасцяў для атрымання адукацыі мелі купцы і мяшчане, якія жылі ў губернскіх ці павятовых цэнтрах, дзе працавалі гімназіі, павятовыя вучылішчы ці пачатковыя школы. Адукацыйных устаноў у сельскай мясцовасці практычна не існавала. Калі толькі хтосьці пісьменны (селянін ці адстаўны салдат) не браўся вучыць сялянскіх дзяцей прыватным парадкам, але такія школы фактычна былі забаронены.
Развіццё сістэмы адукацыі пачалося з правядзеннем і развіццём буржуазных рэформ, з адменай прыгонніцтва. Развіццё прамысловасці, сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы запатрабавала большай колькасці адукаваных, кваліфікаваных спецыялістаў, нават рабочых. Узнікла неабходнасць пашырэння агульнай пачатковай адукацыі, фарміравання сістэмы прафесійнай адукацыі (у першую чаргу для чыгунак).
Інфармацыя на 1 сакавіка 1863 года паведамляе пра сельскія школы, адкрытыя для сялян, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці: у Віцебскім павеце — 4 школы, у якіх вучацца 40 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі; у Гарадоцкім павеце 3 школы (11 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак); у Полацкім павеце – 9 школ (44 хлопчыкі). Дарэчы, хлопчыкі складалі пераважную большасць вучняў, адукацыя для дзяўчынак лічылася не патрэбнай. Часта дзеці наведвалі школу толькі адзін год – навучыліся чытаць і пісаць і дастаткова. Сялянам трэба працаваць – гэта была жыццёвая неабходнасць.
У “Кніжцы за 1865 год” паведамляецца пра наступныя сельскія школы ў 1863-1864 гг., якія былі адкрыты Міністэрствам дзяржаўнай маёмасці (у былых вёсках і маёнтках, што належалі казне): Лескавіцкая (7 вучняў-хлопчыкаў), Полцеўская (3) і Жаробыцкая (7) валасныя вучылішчы, Обальскае штатнае сельскае вучылішча (38), Ужляцінская (12) і Каравайніцкая (19) сельскія школы. Міністэрству народнай асветы падпарадкоўваліся валасныя вучылішчы: Обальскае (5 вучняў), Ловажскае (6), Сіроцінскае (14), Дабейскае (15), Міткавіцкае (цяпер Крывое Сяло) (4), 1-ае Мішневіцкае (5 вучняў і 5 вучаніц), 2-е Мішневіцкае (12 вучняў), Роўнаўскае (14) і Казьянскае (9). У 1865 годзе ўзгадваецца Станіславоўскае валасное вучылішча з 20 вучнямі.
У 1866 годзе школы рэарганізаваны ў штатныя народныя вучылішчы МНА: Мішневіцкае (26 хл. і 11 дзяўч.), Казьянскае (21+14), Ловажскае (42 хл.), Дабейскае (28 хл.). Але паступова колькасць школ пачынае павялічвацца. Грошы на школы выдаткоўвала дзяржава і сялянская грамада. Паколькі сялянам было складана плаціць грашовыя ўзносы, выкарыстоўвалася і такая форма, як засыпка хлеба, які потым ішоў на продаж і ў якасці аплаты настаўніку. Аклад настаўніка складаў 150 рублёў, яму аплачвалася ці давалася кватэра, законавучыцель (гэтую пасаду па сумяшчальніцтву займаў мясцовы святар) атрымліваў 25 рублёў.
У “Кніжцы за 1882 год” згадваюцца наступныя народныя вучылішчы:
Лескавіцкае (год заснавання 1867) – 36 вучняў і 1 вучаніца, настаўніца Е. П. Петрашэн, законавучыцель свяшчэннік В. Я. Кудраўцаў, на ўтрыманне вучылішча выдаткоўвалася 75 рублёў з казны і 100 рублёў з грамадства;
Ловажскае (1864) – 55 вучняў, настаўнік І. Ф. Кузняцоў, законавучыцель свяшчэннік П. П. Сакалоўскі, 75 руб. з казны, 100 руб. ад грамадства;
Обаль-Ігуменскае (1867) – 36 хл. і 2 дзяўч., М. І. Красавіцкая, законавучыцель свяшчэннік Я. М. Сівіцкі, 75 руб. ад казны, 100 руб. ад грамадства;
Дабейскае (1868) – 30 хл. і 2 дзяўч.,  С. І. Красавіцкі, законавучыцель свяшчэннік П. А. Серабрэніцкі, 75 руб.+100 руб.;
Андрэеўскае (1874) – 33 хл., настаўнік В. К. Савіцкі, 50 руб. ад казны і 150 руб. ад грамадства;
Мішневіцкае (1864) – 38 хл., І. Ф. Русакоў, 200 руб. ад казны;
Казьянскае (1863) – 25 хл. і 1 дзяўч., Я. Ф. Карпянок, законавучыцель свяшчэннік І. М. Даўгяла, 275 руб. ад казны.
Гэтыя вучылішчы заставаліся да пачатку ХХ стагоддзя. У 1900 годзе з’явілася Кардонскае народнае вучылішча (настаўнік Р. В. Машара). Істотнае папаўненне навучальных устаноў адбылося ў 1905 годзе: падзялілася на мужчынскае і жаночае Казьянскае вучылішча, былі створаны Убоінскае, Навікоўскае, Брыцікаўскае, Пушчавыйскае, Саломенскае і Заўсыскае народныя вучылішчы.
У 1908 годзе да іх дабавілася Саладуха-Пушчавыйскае, Маркаўскае, Лявонаўскае, Мясаедаўскае народныя вучылішчы. У 1909 годзе згадваецца Альхавікскае народнае вучылішча, у 1910 годзе створана Мамойкаўскае, а ў 1912 годзе Рабушкоўскае, Шашынскае і Бараноўскае народныя вучылішчы.
Сістэму пачатковай адукацыі МНА дапаўняла сетка царкоўна-прыходскіх школ (ЦПШ), якая знаходзілася ў веданні праваслаўнай царквы. У царкоўна-прыходскіх школах даваўся мінімум ведаў, тут вучылі чытанню, пісьму, чатыром арыфметычным дзеянням і закону Божаму. ЦПШ існавалі ў 1905 годзе ва Улазавічах, Навіках, Дабеі, Міткавічах, Ужляціне, Полцеве, Барсучыне, Сіроціне, Жаробычах, Станіславове, Ловажы, Обалі (Обаль-Ануфрыеўская другакласная і пры ёй узорная і жаночая школы).
У 1908 годзе Полцеўская школа падзелена на мужчынскую і жаночую. У 1909 годзе створана Стралкоўская, а ў 1910 – Тупічынская, Лугаўская  і Дварышчанская школы.
У пачатку ХХ стагоддзя пачынаюць з’яўляцца школы з элементамі прафесійнай падрыхтоўкі. У 1908 пачала дзейнасць Ловажская ніжэйшая рамесная школа, у Сіроцінскай ЦПШ з’яўляецца рамесна-кавальскае ад-дзяленне, а ў Ловажскай ЦПШ — клас ткацтва і рукадзелля.
Гэтая сетка навучальных устаноў праіснавала да 1917 года, дзейнічала і ў першыя паслярэвалюцыйныя гады.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №100 ад 18.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *