Пасхальное послание благочинного Шумилинского округа иерея Фёдора Пучинского

Актуалии Духоўнае

Хрыстос Уваскрос!
Хрыстос Уваскрос! Гэтымі свяшчэннымі словамі вітаю ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, жыхары Шумілінскага раёна!
Хрыстос Уваскрос! Гэтыя цудадзейныя словы адлюстроўваюць вялікую ісціну панавання хрысціянскай любові, веры і надзеі на вечнае выратаванне, бо Хрыстова ўваскрашэнне – гэта аснова жыцця, якое перамагло смерць, парок і тленне.
Калі раніцай жонкі міраносіцы прыйшлі да месца пахавання свайго Настаўніка, то ўбачылі, што труна пустая. Божая сіла Хрыста перамагла закон смерці. Ён уваскрэс, гаворачы ўсяму чалавецтву, што смерць – гэта не канец жыцця, што смерць можа перамагчы сіла Божая.
Уваскрашэнне Хрыстова з’явілася ўнікальнай падзеяй у гісторыі свету і па замысле Божым стала пачаткам і нашага асабістага ўваскрашэння. Менавіта для таго прыйшоў у свет Збавіцель, пацярпеў, быў распяты і ўваскрэс, каб кожны з нас меў магчымасць прайсці праз вопыт уваскрашэння з мёртвых.
Вось чаму свята Вялікадня ёсць свята перамогі жыцця над смерцю, бо Уваскрашэннем Хрыста Выратавальніка Уваскрашэнне з мёртвых даравана і ўсім нам. Вялікдзень як панаванне жыцця мы закліканы перажываць не толькі зараз: кожная нядзеля – гэта малы Вялікдзень. Больш таго, усё жыццё хрысціяніна павінна быць напоўнена Велікоднай радасцю. “Я ёсць уваскрашэнне і жыццё, — сказаў Гасподзь, — і той, хто верыць у мяне, калі і памрэ, то ажыве”.
Уваскрашэнне Хрыстова даравала нам сапраўдную свабоду і напоўніла існаванне чалавека сэнсам і надзеяй. Самае ж галоўнае – яно адкрыла шлях у Жыццё Вечнае кожнаму верніку.
Няхай уваскрэсне Бог! Няхай згіне ў нашых сэрцах падман, варожасць,  злосць.
Ад душы віншую ўсіх вас, дарагія, са святам Вялікадня. Дапамога і блаславенне сапраўды Уваскрэшанага Госпада няхай будзе заўжды з вамі.
Іерэй Фёдар Пучынскі, благачынны цэркваў Шумілінскай акругі.
Святочныя богаслужэнні пройдуць 14 красавіка ў храмах Афанасія Брэсцкага ў Шуміліне, Прападобнага Сергія Раданежскага ў Лескавічах і Ануфрыя Вялікага ў Обалі. Пачатак усіх богаслужэнняў у 23 гадзіны. Пасля ўрачыстых богаслужэнняў пройдзе асвятленне велікодных кулічоў і яек.
Надрукавана ў №30 ад 13.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *