В Шумилино определили лучших солистов конкурса «Песни юности наших отцов»

Актуалии Молодёжь

Конкурс маладых выканаўцаў: “Песні юнацтва нашых бацькоў”
У мінулую нядзелю ў раённым Цэнтры культуры прайшоў агляд-конкурс маладых выканаўцаў патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў”.
Установы культуры загадзя рыхтаваліся да гэтага традыцыйнага конкурсу: выбіралі лепшых маладых артыстаў. Як сказана ва ўмовах конкурсу, у ім прымае ўдзел як рабочая моладзь, так і старшакласнікі школ раёна, якім споўнілася 16 гадоў. І, трэба адзначыць, такія знайшліся і нядрэнна выступілі на сцэне. Больш таго, у конкурсе маглі браць удзел любыя жадаючыя жыхары раёна да 31 года, якіх і не прапанавалі ад клубаў і дамоў культуры. Было заяўлена некалькі такіх актывістаў.
Конкурс прайшоў весела і рытмічна. Усе артысты падрыхтавалі песні патрыятычнай тэматыкі і шлягер.  Прызнацца, прыемна было паслухаць забытыя песні 70-х гадоў у выкананні самадзейных артыстаў. Адчуваўся імпэт і энтузіязм маладых выканаўцаў.  Некаторыя з іх неаднойчы прымалі ўдзел у такім конкурсе, але былі і навічкі, якія нясмела трымаліся на сцэне.
Напрыканцы конкурсу трымала слова намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама член журы В. Г. Навіцкая, якая адзначыла, што ў нашым раёне шмат таленавітай моладзі, і гэты талент, як паказаў конкурс, часта праяўляецца на сцэне. “Дзякуй усім канкурсантам за тое, што вы зрабілі нам падарунак: слухаючы вашы песні, мы згадалі часы маладосці, у думках апынуліся ў бесклапотным юнацтве, – сказала В. Г. Навіцкая.  – Пры вызначэнні прызавых месцаў мы ўлічвалі сцэнічную культуру і выканаўчае майстэрства, уменне трымацца на сцэне і эмацыянальнасць”.
У намінацыі “Саліст-вакаліст” першае месца вырашана было не прысуджаць: журы палічыла, што ўсім самадзейным артыстам трэба працаваць над сцэнічнай культурай. Дыпломы другой ступені атрымалі Анастасія Гуськова (УП ЖКГ) і Аляксей Пятроў (ДРБУ-204), якія прадстаўлялі раённы Цэнтр культуры. Трэцяе месца раздзялілі Вадзім Цітоў (Мішневіцкі сельскі клуб) і Паліна Надточава (Обальскі гарадскі Дом культуры). Дарэчы, Вадзіму Цітову дастаўся і “Прыз сімпатый гледачоў”.
Былі вызначаны пераможцы дадатковых намінацый: “Паспяховы дэбют” – Таццяна Яўсейчык ( удзельніца ўзорнай студыі “Асарці” раённага Цэнтра культуры), “Лепшая патрыятычная песня” – Аляксей Гласковіч (Лаўжанскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу), “Лепшы шлягер” – Кацярына Гуцанкова і Ганна Новікава (Ляжнёўскі СК –  цэнтр духоўнага выхавання).
Пераможцы і прызёры конкурсу атрымалі каштоўныя падарункі. Абараняць гонар нашага раёна на абласным этапе конкурсу будуць Анастасія Гуськова і Аляксей Пятроў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

На здымках   Анастасія Гуськова і Вадзім Цітоў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *