Записаться на кикбоксинг можно в Шумилинском районном центре детей и молодёжи

Молодёжь Спорт, туризм

Кікбоксінг
Паціху ў нашым раёне павялічваецца колькасць відаў спорту, якімі могуць займацца дзеці. З пачатку гэтага навучальнага года ў раённым Цэнтры дзяцей і моладзі адкрылася новае аб’яднанне па інтарэсах “Кікбоксінг” (кіраўнік Андрэй Несцярэнка).
Кікбоксінг – спартыўнае адзінаборства, якое зарадзілася ў 1960-х гадах. Падзяляецца на амерыканскі кікбоксінг, японскі кікбоксінг (фармат К-1) і сольныя кампазіцыі (музычныя формы). У шырокім сэнсе слова пад кікбоксінгам часам разумеюць розныя ўдарныя адзінаборствы, правіламі якіх дазволены ўдары рукамі і нагамі з выкарыстаннем у экіпіроўцы баксёрскіх пальчатак. Нягледзячы на тое, што кікбоксінг – не алімпійскі від спорту, ён папулярны ў многіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі. Дарэчы, у некаторых відах (напрыклад, тайскі бокс) беларускія кікбаксёры на вядучых ролях і не раз станавіліся чэмпіёнамі свету.
Сам Андрэй Несцярэнка прыйшоў у кікбоксінг студэнтам, калі вучыўся на факультэце фізічнага выхавання ВДУ імя П. М. Машэрава. “Трэба было выбіраць спецыялізацыю, абраў кікбоксінг, – узгадвае Андрэй. – Найперш, падабаўся гэты від спорту, а па-другое, проста хацелася праверыць сябе”. Першыя трэніроўкі даліся студэнту нялёгка, але гэта яшчэ больш “падсцёгівала” хлопца, які з большым жаданнем трэніраваўся. Неўзабаве пайшлі і першыя спаборніцтвы. Адметным стаў  першы бой, у якім яго сапернікам быў будучы чэмпіён свету, адзін з самых вядомых беларускіх кікбаксёраў Дзмітрый Валент. І няважна, што у тым баі Андрэй прайграў, але ён годна змагаўся, выстаяў усе раўнды. З найбольшых спартыўных дасягненняў у Андрэя Несцярэнкі – выйгрыш рэспубліканскай універсіяды.
“Кікбоксінг – гэта не проста баі, гэта своеасаблівая жыццёвая філасофія. Справядлівасць, чалавечнасць, упэўненасць для сапраўднага кікбаксёра не пустыя гукі, а характар, стыль жыцця, – падсумоўвае Андрэй Несцярэнка. – Думаю, што і мае выхаванцы спасцігнуць гэтую філасофію”.
Алесь Сакалоў.
Надрукавана ў №10 ад 05.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *