Настоятель храма Ануфрия Великого Владимир Пучинский верит, что в добрых делах Бог обязательно поможет

Актуалии Духоўнае Общество

У планах – пабудаваць каплічкі
На Вялікдзень, Нараджэнне Хрыстова і іншыя святы ў адноўленым храме Ануфрыя Вялікага, што ў Обалі, даволі прыхаджан. Сюды прыходзяць цэлымі сем’ямі, каб памаліцца за дзяцей, за здароўе, за заўтрашні дзень. Вернікі ўдзячны настаяцелю храма Уладзіміру Пучынскаму – менавіта па яго ініцыятыве быў пабудаваны храм.
Іерэй Уладзімір прыехаў у наш раён дзесяць гадоў таму. Родам з духоўнай сям’і (тры браты, дзядзька і швагер – свяшчэннікі), ён практычна адразу прыняўся за будаўніцтва храма Ануфрыя Вялікага. “На гэту справу мяне блаславіў архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый, – згадвае Уладзімір Пучынскі. – Ён сказаў: ”Вось пабудуеш у Обалі царкву, і будзе табе міласць – Бог дапаможа”. Настаяцель обальскага храма перакананы, што яму шанцуе на шумілінскай зямлі: з божай дапамогай царква пабудавана. Старанні іерэя Уладзіміра былі адзначаны Патрыярхам Маскоўскім і ўсея Русі Кірылам: па яго ўказу настаяцель царквы Ануфрыя Вялікага нядаўна быў узнагароджаны медалём “У гонар 1000-годдзя з дня смерці Роўнаапостальнага князя Уладзіміра”.
“Храм Ануфрыя Вялікага – першы, які быў пабудаваны ў раёне за апошнія сто гадоў, – расказаў Уладзімір. – У нас багата прыхаджан. На літургію збіраюцца не толькі з Обалі, але і з блізляжачых вёсак. У прыходзе ёсць  многа прыхаджан састарэлага ўзросту, якім цяжка дабрацца да Обалі. Таму яны просяць пабудаваць у іхніх вёсках каплічкі. Паступова мы задаволім гэтыя просьбы:  ужо ў гэтым годзе плануем будаўніцтва каплічак у Грудзінаве і Убоіне”.
Уладзімір Пучынскі расказаў, што ён у адказе не толькі за обальскі храм, але і за царкву Прападобнага Мікіты ў аграгарадку Мікіціха, памяшканне якой практычна поўнасцю адрамантавана. “Гэта будзе сапраўдны храм з алтаром і прастолам, – удакладняе іерэй. – Пакуль там няма настаяцеля, я буду выконваць ягоныя абавязкі. У мікіціхінскім храме засталося зрабіць толькі ўнутраныя работы. Мы заказалі іканастас, а таксама царскія вароты, якія робіць адзін з полацкіх майстроў. Плануем, што ўжо на Вялікдзень у  храме Прападобнага Мікіты адбудзецца першая літургія”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №10 ад 05.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *