На заседании Шумилинского райисполкома проанализировали работу РОВД по предупреждению правонарушений

Актуалии

Галоўнае – прафілактыка парушэнняў

Грунтоўны аналіз работы аддзела ўнутраных спраў райвыканкама па папярэджанні правапарушэнняў, у тым ліку ў сферы высокіх тэхналогій, прадставіў 19 сакавіка на чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў начальнік РАУС Аляксей Захаранкаў.

Сесію правёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч. У рабоце сесіі бралі ўдзел старшыня райвыканкама Віктар Гутараў, намеснік начальніка ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі УУС Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Крыштановіч, члены райвыканкама, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі сельвыканкамаў і арганізацый раёна.
У параўнанні з мінулым годам пачатак 2021 года характарызуецца зніжэннем узроўню злачыннасці практычна па большасці напрамкаў, адзначыў Аляксей Захаранкаў. Так, калі ў пачатку мінулага года ў раёне было зарэгістравана 30 злачынстваў, то сёлета толькі 20, узровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва складае 12,1 – ніжэй за рэспубліканскі і абласны паказчыкі. Амаль удвая знізілася колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку.
Тэрытарыяльна найбольшая колькасць правапарушэнняў зарэгістравана ў раённым цэнтры, рост колькасці злачынстваў адбыўся ў Обальскім, Светласельскім і Сіроцінскім сельсаветах. У якасці новых напрамкаў работы былі названы правапарушэнні, звязаныя з абаротам і ўжываннем наркатычных сродкаў, а таксама звязаных з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Новыя віды правапарушэнняў небяспечныя, пастаянна развіваюцца і змяняюцца, злачынцы хутка прыстасоўваюцца да сучаснасці, з-за чаго з імі цяжка змагацца, падкрэсліў начальнік міліцыі.
Ён спыніўся на метадах прафілактыкі, адзначыў ролю кантрольных мерапрыемстваў за асобнымі катэгорыямі правапарушальнікаў. Менавіта пастаянны кантроль за асобамі, схільнымі да парушэнняў закону, дае станоўчы эфект у рабоце. Кіраўнік аддзела ўнутраных спраў падкрэсліў, што на прафілактыку правапарушэнняў трэба накіраваць агульныя намаганні ўсіх зацікаўленых бакоў.
Старшыня райвыканкама Віктар Гутараў запытаў, як працуюць іншыя суб’екты прафілактыкі, ці знаходзяць міліцыянеры разуменне з імі, як працуе служба ўчастковых інспектараў.
Аляксей Захаранкаў адзначыў, што каардынацыя сумеснай дзейнасці дазваляе працаваць на дастаткова эфектыўным узроўні, у пераважнай большасці кожны з суб’ектаў прафілактыкі вядзе пастаянную работу па сваім накірунку.
Старшыня Лаўжанскага сельскага Савета дэпутатаў Святлана Кійко расказала пра прафілактычную работу ў сельсавеце, пра работу грамадскага пункта аховы правапарадку, іншых арганізацый па папярэджанні злачынстваў.
Дэпутат раённага Савета дырэктар Слабадской яслі-сад – базавай школы Алена Пузікава расказала пра прафілактычную работу з дзецьмі і падлеткамі, іх бацькамі, адзначыўшы, што зараз работу трэба пачынаць з пачатковай школы. Яна ўнесла прапанову, каб супрацоўнікі міліцыі часцей бывалі ў школе, праводзілі сустрэчы і гутаркі з дзецьмі.
Супрацоўніца «Беларусбанка» Вольга Медзікава расказала пра папярэджанне злачынстваў з банкаўскімі карткамі, падкрэсліла, што прычынай крадзяжоў грашовых сродкаў часта з’яўляецца залішняя даверлівасць грамадзян, якія паведамляюць інфармацыю пра свае карткі ў сацыяльных сетках нават выпадковым людзям.
На сесіі былі разгледжаны пытанні, звязаныя з унясеннем змяненняў у раённы бюджэт. Па прапанове начальніка фінансавага аддзела райвыканкама дэпутата райсавета Алены Сідарэнкі сродкі бюджэту былі пераразмеркаваны па асобных артыкулах і кірунках дзейнасці з мэтай іх больш эфектыўнага выкарыстання на бягучыя патрэбы.
Таксама былі прыняты рашэнні аб унясенні змяненняў у некаторыя лакальныя нарматыўныя акты, звязаныя з прыняццем нарматыўных дакументаў на вышэйшым узроўні.
Дэпутаты зацвердзілі рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўных праграм «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» і «Сацыяльная абарона» на 2021-2025 гады.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №22 ад 23.03.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *