Елена Скоринова удостоена звания «Человек года Витебщины»

Актуалии Культура Общество

“Задача настаўніка – даць надзею любому дзіцяці”
Імя Алены Скорынавай не раз згадвалася на старонках раённай газеты ў сувязі з дасягненнямі яе выхаванцаў. Юныя цымбалісткі станавіліся лаўрэатамі прэстыжных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных музычных конкурсаў. Нарадзілася Алена ў вёсцы Стражавічы Чашніцкага раёна. Закончыла музычную школу ў Новалукомлі па класу цымбал. Паступіла ў Віцебскае музычнае вучылішча імя І. І. Салярцінскага на аддзяленне народных інструментаў. Там пазнаёмілася са сваім будучым мужам Віктарам. Яны разам ужо шмат год, гадуюць траіх дзяцей, якія таксама займаюцца музыкай. Старэйшая Вольга ўжо заканчвае музычны каледж. Алена Ігараўна надзвычай мэтанакіраваны, працаздольны, цэльны чалавек. Мы пра гэта і так ведалі, а інтэрв’ю, якое дала педагог напярэдадні цырымоніі ўзнагароджання, толькі пацвердзіла нашы здагадкі.
– Алена, скажыце, вы б маглі праявіцца ў якой-небудзь іншай сферы?
– Думаю, праявіцца магла б, але ў сваім жыцці я нічога мяняць не хачу.
– А што вы яшчэ ўмееце рабіць?
– Усё. Не, сапраўды. Мы разам з мужам нават над праектам дома працавалі, і будавалі яго. Калі пачыналі будаўніцтва, то і не верылася, што гэта мара спраўдзіцца. Такія складаныя часы былі. Але вось ужо 10 год жывем у сваім доме.
– А вашы мары наогул маюць звычку збывацца?

– Так. Але марыць трэба пра добрае, пра рэальнае. Калі не задумаеш, не паставіш мэту – дакладна нічога не будзе. З тымі ж конкурсамі: калі не паспрабуеш, наогул нічога не атрымаецца. Я заўжды пра гэта дзецям гавару.
– Цікава, а вы такой мэтанакіраванай былі з дзяцінства, ці гэта якасць выпрацавалася з гадамі?
– Напэўна, з дзяцінства.
– Вы былі выдатніцай у школе?
– Так.
– Вы любіце парадак і дакладнасць ва ўсім?
– Люблю, але і супраць творчага беспарадку нічога не маю. Бывае, калі рыхтуешся да нейкага праекта, усе астатнія справы адкладваеш на потым.
– Вы заўжды ў творчых праектах, здаецца, вярнуўшыся з аднаго конкурсу ўжо рыхтуеце дзяцей да наступнага.
– Ведаеце, бывае, і стамляемся, але ж усё роўна на месцы не сядзіцца. Тым больш і дзеці хочуць. Яны ж адзін за адным цягнуцца. Поспехі адных – добры стымул для іншых. І гэта нармальна. Значыць, яны хочуць нечага дабіцца. Мне здаецца, калі дзіця з ранніх год умее паставіць мэту і рабіць нешта для яе дасягнення, то гэта выдатна. Я лічу, што задача настаўніка – даць надзею любому дзіцяці. Каб ён быў упэўнены, што ён самы лепшы.
Я бачу, што калі падтрымліваеш дзіця, у яго з’яўляюцца упартасць, стараннасць, працаздольнасць. Яны тады дабіваюцца вынікаў. А ў іх проста трэба паверыць. Трэба дапамагаць і накіроўваць.
– А над чым вы працуеце зараз?
– Мы ўсім класам рыхтуемся да конкурсу “Сымон-музыка”. Прыглядаемся да конкурсаў, якія ў хуткім часе пройдуць у Пскове і Санкт-Пецярбургу.
– Што, на ваш погляд,  дае музыка дзіцяці?
– Пра гэта ўжо шмат сказана. Развіццё маторыкі спрыяе гарманічнаму развіццю дзіцяці ва ўсіх накірунках. Ды і потым, музычная школа наогул дае дзецям пэўны аўтарытэт, асабліва гэта адчуваецца пасля канцэртаў перад аднакласнікамі. І адказнасць, вядома. Далёка не ўсе дзеці разглядаюць музыку як варыянт прафесіі. Але не гэта самае важнае. Заняткі музыкай дапамогуць ім раскрыцца ў любой іншай сферы.
– Нам вядома, што вы разам з Віктарам Уладзіміравічам паступілі ва ўніверсітэт. Як вам зараз вучыцца?
– Цікава. Думаю, намнога цікавей, чым гэта магло быць у маладосці. І яшчэ, я заўважыла, што па жыцці нам наогул шанцуе на добрых настаўнікаў.
– А ў чым спецыфіка музычнай сям’і?
– Розніцы ніякай няма. Проста нашым дзецям не было куды дзявацца. Мы з мужам – заўжды на рабоце, дзяцей  прыходзілася браць з сабой у паездкі, на выступленні. А музыка захоплівае, гэта сапраўды цікава і ім падабаецца. Калі  Вользе не падабаліся б цымбалы, хіба б яна сядзела за імі па чатыры гадзіны ў дзень.
– Скажыце як шматдзетная маці, чаму самаму галоўнаму трэба навучыць сваіх дзяцей?
– Каб яны людзьмі былі і заўжды сябе паводзілі годна. Каб здароўе бераглі – гэта самае галоўнае. Тут усё на самой справе проста: калі сам будзеш дрэнным чалавекам, то колькі не павучай – не дапаможа. Дзеці бачаць у пяць разоў больш, чым мы думаем. Яны з бацькоў найперш прыклад бяруць. А ў настаўнікаў дадатковая адказнасць – на нас яшчэ і вучні глядзяць.
– Калі музыка – гэта работа, штодзённая і карпатлівая, яна не губляе свайго абаяння, сваёй чароўнай сілы?
– Гэты інтарэс згубіць немагчыма, ён заўжды ёсць. І чым больш працуеш, тым больш пачынаеш разумець. З вопытам прыходзіць асаблівы смак. У маладосці такога не было.
– Вам хапае 24 гадзіны ў сутках?
– Не, не хапае.
– А па тэмпераменце вы хто?
– Ой, халерык.
– Вы лёгка даруеце?
– Я не злапамятная абсалютна. Я думаю, што гэта добрая якасць. Навошта ў сабе нешта трымаць, затойваць, без гэтага лёгка і добра жыць. Нездарма ж кажуць: на пакрыўджаных ваду возяць. Я пра гэта і вучням гавару.
– Вы адчуваеце, што праслаўляеце раён?
– Я лічу, жывеш у раёне, то і працуй на яго. Ідзі сваім шляхам, рабі, што павінен і можаш, і ўсё будзе добра. Канешне, нам прыемна вяртацца дамоў з перамогамі.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №10 ад 05.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *