Александр Дмитренко: жители Шумилинского района доверяют милиции

Безопасность Общество

Жыхары раёна давяраюць міліцыі
Штогод супрацоўнікі штаба Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь праводзяць апытанне грамадзян з мэтай вывучэння іх адносін да дзейнасці органаў унутраных спраў. Што паказаў маніторынг, які быў праведзены летась у нашым раёне, – пра гэта гутарым з начальнікам РАУС А. Р. Дзмітрэнкам.
– Аляксандр Рыгоравіч, які ўзровень даверу насельніцтва раённаму аддзелу ўнутраных спраў паказала апытанне?
–  Грамадзяне ў цэлым станоўча ацэньваюць меры, якія прымаюцца РАУС для падтрымання грамадскага парадку. Апытанне паказала, што 81,2% рэспандэнтаў  у выпадку рэальнай пагрозы жыццю і здароўю звернуцца ў міліцыю, 61,4%  рэспандэнтаў выказалі жаданне аказваць міліцыянерам пасільную дапамогу. Узровень давяральных адносін насельніцтва з органамі ўнутраных спраў залежыць ад аператыўнасці рэагавання на паступаючыя ад грамадзян звароты. У гэтым накірунку станоўчую ацэнку рабоце міліцыі далі 69,6% жыхароў раёна.  Большасць людзей указалі на тое, што яны адчуваюць сябе  ў бяспецы, але ж некаторыя рэспандэнты ўсё ж асцерагаюцца хуліганстваў і грабяжоў, некаторых непакояць паводзіны ў грамадскіх месцах асоб у стане алкагольнага ап’янення.
–  Якія прапановы паступілі ад жыхароў раёна падчас маніторынгу?
–  Жыхароў Шуміліншчыны больш за ўсё непакоіць бяспека на дарогах. Палова паступіўшых прапаноў тычылася кантролю хуткасці на аўтатрасе Р-20, прыцягнення да адказнасці вадзіцеляў, якія селі за руль у стане алкагольнага ап’янення. Жыхары Обалі і Мікіціхі  прасілі навесці парадак на прыпынках і стаянках вялікагрузных машын. Нашы землякі раілі супрацоўнікам ДАІ часцей праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы па недапушчэнні кіравання матацыкламі і скутарамі без маташлемаў, кантраляваць правілы пераходу дарог пешаходамі, праезду – веласіпедыстамі.
З улікам гэтых прапаноў мы ўзмацнілі работу па бяспецы дарожнага руху. Так, супрацоўнікі ДАІ кожны дзень робяць адпрацоўку аўтадарогі Віцебск-Полацк. У мінулым годзе выяўлены і прыцягнуты да адказнасці 82 вадзіцелі, якія кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення. За парушэнне правілаў прыпынку і стаянкі прыцягнуты да адказнасці 10 вадзіцеляў. За ліпень-снежань мінулага года за парушэнне правілаў дарожнага руху былі прыцягнуты 27 пешаходаў і веласіпедыстаў.
– Што яшчэ непакоіць людзей?
–  Яшчэ адна праблема, узнятая насельніцтвам раёна, тычылася мерапрыемстваў па выяўленні асоб, якія незаконна рэалізуюць алкагольныя напіткі. Жыхары Обалі закранулі набалелае пытанне продажу алкаголю і тытунёвых вырабаў непаўналетнім, а таксама прыцягнення да адказнасці парушальнікаў грамадскага парадку на дыскатэках у мясцовым дом культуры. Яшчэ абальчан хвалюе пытанне кантролю за асобамі, якія раней здзяйснялі злачынствы.
–  Якія меры былі прыняты ў названых накірунках?
– За мінулы год нашы супрацоўнікі канфіскавалі 3668,8 літра фальсіфікаваных спіртных напіткаў і самагоннай брагі. За незаконны абарот алкагольнай прадукцыі прыцягнута 19 чалавек, што на 8 чалавек больш, чым у 2014 годзе.
Што тычыцца Обалі, дык гэты населены пункт летась адпрацоўвалі  18 разоў, прычым тры разы – разам з супрацоўнікамі АМАПа. На тэрыторыі гарадскога пасёлка было выяўлена 228 адміністрацыйных правапарушэнняў, у тым ліку пяць з іх – у Обальскім Доме культуры.
У другім паўгоддзі 2015 года ў адносінах да 31 абальчаніна, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, было праведзена 82 праверкі, выяўлены тры парушэнні ўмоў адбывання пакарання, у адносінах да аднаго грамадзяніна была ўзбуджана крымінальная справа.
–  Напэўна, некаторыя ўзнятыя пытанні ў час маніторынгу жыхары раёна палічылі неактуальнымі?
–  Так, мала пытанняў было па паводзінах непаўналетніх, іх прабыванні пасля 23.00 на вуліцы без суправаджэння дарослых. Напэўна, жыхары раёна лічаць, што ў гэтым накірунку ў нас усё добра. Тут мы працуем на прафілактыку.Так, у мінулым годзе  былі створаны рэйдавыя групы па адпрацоўцы Шуміліна і населеных пунктаў раёна. У райцэнтры былі выяўлены сем падлеткаў да 16-гадовага ўзросту, якія знаходзіліся на вуліцы ў начны час без суправаджэння дарослых, у Обалі – адзін падлетак. На іх законных прадстаўнікоў або асоб, якія іх замяняюць, былі складзены адміністрацыйныя пратаколы.
– Якая задача стаіць у гэтым годзе перад супрацоўнікамі РАУС?
–  Галоўная задача кожнага міліцыянера – бяспека грамадзян. Вельмі рады, што людзі нам падказваюць існуючыя праблемы. Ад такога супрацоўніцтва толькі станоўчы вынік: мы заўсёды ў курсе абстаноўкі на любой вуліцы і нават у самай аддаленай вёсцы, а людзі з большым даверам адносяцца да міліцыі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №11 ад 09.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *