Жыццё па новых правілах

Общество

Жыццё па новых правілах
У ліпені 2008 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Нам давалася два гады для таго, каб усвядоміць змены і засвоіць новае напісанне. Два гады даўно прайшлі, Закон уступіў у дзеянне, але мы ўсё яшчэ блытаемся.
Новая рэдакцыя зрабіла крок да збліжэння пісьмовай мовы з беларускім вымаўленнем. Правапіс наогул не можа доўгі час заставацца без змяненняў (Звод “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” быў выдадзены аж у 1959 годзе), а беларускі правапіс, які ў значнай ступені грунтуецца на фанетычным прынцыпе, асабліва адчувальны да любых змен у мове. Мова багацее новымі словамі, запазычаннямі, адбываюцца фанетычныя, марфалагічныя, сінтаксічныя змены, што патрабуе і ўдакладнення правапісу.
Новая  рэдакцыя істотна пашырыла прынцып перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў, напісанне нескладовага ў у большасці слоў іншамоўнага паходжання, унесла карэктывы ў правілы напісання складаных і складанаскарочаных слоў у адпаведнасці з агульным прынцыпам акання і сучаснай моўнай практыкай, упарадкавала напісанне вялікай і малой літар. Таксама быў уведзены новы раздзел “Правапіс некаторых марфем” . Вось невялікая шпаргалка са словамі ці формамі слоў, у якіх можна памыліцца.
Токіа, Ватэрлоа, рэзюмэ, рэнамэ, Морзэ, Каба-Вердэ, Душанбэ, Сан-Тамэ, экзэмпляр, тунэль, сэрвіс, менеджмент, сервіз, квінтэсэнцыя, панэль (але: шынель), шніцаль, шпаталь, міталь, форталь, карцар, грэйдар, лідар, камп’ютар, рэйсфедар, эспандар, тэндар, ордар, менеджар, фарватар, альма-матар, кратар, прэсвітар, дзевяць – дзявяты, дзесяць – дзясяты, сем – сямнаццаць, восем – васямнаццаць, Вялікабрытанія, кантрасны, кампосны, фарпосны, для ўніята, ва ўніверсітэце, саўна, фаўна, аўдыякасета, аўра, даўн, раўнд, да урны, Брэсцкая унія, групоўка ультра, насілі унты, чулася уханне, прэзідыум, кансіліум, радыус, страус, соус, Ёфе, Нью-Ёрк, прафкам, ваенкам, гарвыканкам, інтэрпал, лінкар, сукрэдытор, сукіраўнік, супастаўшчык, суспадчыннік, сарганізаваць, сумысна,  сэканоміць, сыграць, зымправізаваць, зыначыць, перадынфарктны, падынтэграваць, перадымперскі, перадыспытны, субынспектар, дэзынтэгратар, дэзынфармацыя, дэзынфіцыраваць, звышімклівы, звышіндустрыяльны, звышінфляцыя, міжірыгацыйны, міжінстытуцкі, контрідэя, контрігра, суперінтэлект, трансіндыйскі, дэградаваць, фальсіфікаваць, арыентаваць, прагназаваць, балансаваць, цытаваць, аналізаваць, ліквідаваць, акліматызаваць, перафразаваць, кваліфікаваць, інфармаваць, функцыянаваць, ваенізаваць, тыпізаваць, фінансаваць, тыражаваць, ігнараваць, рэагаваць, кансультаваць, дыскутаваць, правакаваць, фінішаваць і г.д.
Вядома, што правілы варта вывучаць грунтоўна, і гэта шпаргалка наўрад ці здатная зрабіць чалавека пісьменным. Але ж…
І яшчэ. Нягледзячы на тое, што новая рэдакцыя сапраўды наблізіла правілы да жыцця (мы даўно не гаворым і не пішам, напрыклад, райвыканком, а ў “афіцыйных” правілах усё яшчэ было зафіксавана менавіта такое напісанне), аднак, на жаль, некаторыя правілы ўсё яшчэ пакідаюць пытанні з-за сцісласці выкладання, недастатковай інфарматыўнасці і адсылкі напісання да слоўніка. Дарэчы, слоўнік прыходзіцца браць у рукі вельмі часта, а таму заўважым, што ў Слоўніку сучаснай беларускай мовы (У. М. Завальнюк, М. Р. Прыгодзіч,  В. К. Раманцэвіч), выдадзеным “Народнай асветай” у 2009 годзе, сустракаюцца недакладнасці.
Прыемных вам размоў на беларускай мове!
Рубрыку вядзе Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №11 ад 09.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *