В Мишневичском сельсовете прошёл День профилактики

Актуалии Общество

“Ратаваць трэба маладых”
У рамках Дня работы з насельніцтвам у мінулую пятніцу ў будынку Мішневіцкага сельвыканкама прайшоў Дзень прафілактыкі. Удзел у мерапрыемстве, якое ўзначаліла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, прынялі пракурор раёна С. У. Зайцаў, начальнік РАУС А. Р. Дзмітрэнка, начальнік РАНС
А. І. Сасновіч,  урач-нарколаг ЦРБ  В. Б. Багдановіч і псіхолаг райбальніцы І. А. Сальнікава, кіраўнікі мясцовых устаноў і арганізацый.
Па сутнасці, гэта было пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку, на якое звычайна запрашаюць правапарушальнікаў, асоб, якія стаяць на рознага роду ўліках і наглядах. На тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета такі кантынгент таксама ёсць, прычым, насцярожвае той факт, што ў гэтым спісе не адна маладая жанчына, якія, нягледзячы на наяўнасць дзетак, п’юць запоямі. І нідзе не працуюць. Ратаваць трэба маладых, перакананы ўдзельнікі мерапрыемства, шукаць усе магчымыя шляхі, каб дапамагчы спыніцца, уладкавацца на работу, знайсці інтарэс да жыцця і сям’і. Жыццё ж яшчэ ўсё наперадзе.
Былі запрошаны і разгледжаны на пасяджэнні сем’і, якія стаяць на ўліку як сацыяльна нядобранадзейныя, асобы, якія маюць запазычанасці па камунальных плацяжах і аліментах, асобы, якія ў апошні час трапілі ў поле зроку супрацоўнікаў РАУС. Кожны пры неабходнасці меў магчымасць атрымаць кансультацыю нарколага ці псіхолага.
У другой частцы пасяджэння савета прафілактыкі была заслухана справаздача ўчастковага інспектара Д. М. Зубарава за 2015 год. Дзмітрый Мікалаевіч з’яўляецца ўчастковым на тэрыторыі Сіроцінскага сельсавета, паралельна абслугоўвае і Мішневіцкі.
Д. М. Зубараў адзначыў, што ў мінулым годзе на яго падведамаснай тэрыторыі не адбылося ніводнага цяжкага і асабліва цяжкага злачынства. А вось крадзяжы, асабліва веласіпедаў, – «хворая» тэма. Ужо сёлета зафіксаваны крадзеж дрэваапрацоўчага станка з дачы. Часцей знікае тое, што дрэнна ляжыць, што гаспадары кінулі без нагляду, не замкнулі. Расказаў участковы, як наладжана прафілактычная работа па розных накірунках дзейнасці.
Дапоўнілі выступленне і падвялі вынікі пасяджэння пракурор раёна С. У. Зайцаў і начальнік РАУС А. Р. Дзмітрэнка.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №13 ад 16.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *