В Шумилино ометили День памяти воинов-интернационалистов

Актуалии Общество

Свой абавязак выканалі
15 лютага па ўсёй краіне прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 27-й гадавіне са дня вываду савецкіх войск з Афганістана.
З гадамі не сціхае боль пра афганскія падзеі, і сёння былым воінам-інтэрнацыяналістам цяжка ўспамінаць сваю баявую маладосць, хаця кожны з іх з годнасцю выканаў баявы загад Радзімы.
У гэты дзень кіраўніцтва раёна – старшыня райвыканкама А. І. Снараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава – разам са старшынёй раённай арганізацыі “Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане” М. В. Шчарбіцкім, пракурорам раёна С. У. Зайцавым, начальнікам адасобленай групы Шумілінскага раёна  ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў А. М. Собіным наведалі сем’і воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія загінулі ў Афганістане, і інвалідаў афганскай вайны.
*  *  *
Прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”.  Акрамя воінаў-інтэрнацыяналістаў у рабоце сходу бралі ўдзел пракурор раёна С. У. Зайцаў, начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна  ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў А. М. Собін, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. В. Шаўцова, прадстаўнікі раённых арганізацый, прадпрыемстваў і грамадскіх аб’яднанняў.
У сваёй справаздачы старшыня раённай арганізацыі М. А. Калянковіч расказаў пра работу грамадскага аб’яднання ў 2011-2016 гадах. Мікалай Аляксандравіч адзначыў, што шмат увагі ўдзялялася патрыятычнаму выхаванню моладзі. Актывісты арганізацыі – частыя госці ў школах раёна, арганізацыя брала актыўны ўдзел у палітычным і грамадскім жыцці раёна. Раённая арганізацыя супрацоўнічае з раённай ветэранскай арганізацыяй, раённай арганізацыяй “Беларускага саюза афіцэраў” і інш. Работу раённай арганізацыі за справаздачны перыяд прызналі здавальняючай.
На канферэнцыі быў абраны савет раённай арганізацыі. На альтэрнатыўнай аснове адкрытым галасаваннем абралі новага старшыню раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, ім стаў Мікалай Вячаслававіч Шчарбіцкі. Намеснікам старшыні абраны Іван Ягоравіч Бураў, сакратаром арганізацыі – Сяргей Уладзіміравіч Храмцоў.
*  *  *
Пасля канферэнцыі  ветэраны вайны ў Афганістане пад гукі духавога аркестра прайшлі па цэнтральных вуліцах райцэнтра  да мемарыяльнага знака воінам-інтэрнацыяналістам, дзе адбыўся мітынг.
У  кожным выступленні – памяць пра баявыя падзеі і словы пашаны тым, хто годна выканаў свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна  ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў А. М. Собін адзначыў, што праз афганскую вайну прайшло больш за 600 тысяч савецкіх салдат, з іх больш за 30 тысяч – беларусы. “Любая вайна нясе гора, смерць, разбурэнне, – так пачаў сваё выступленне старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” В. І. Жандараў. – Вечная памяць тым салдатам, якія выканалі свой вайсковы абавязак цаной сваіх жыццяў”.
Хвіліна маўчання… У памяць пра ўсіх загінуўшых на афганскай вайне, сярод якіх і чатыры нашы землякі – Анатоль Скобаў, Віктар Угнявёнак, Пётр Чуркін і Іван Сакалоў.
*  *  *
Багата людзей сабралася на мітынг-рэквіем ля мемарыяльнай дошкі воіну-інтэрнацыяналісту В. І. Угнявёнку.  Пра афганскія падзеі нагадаў прысутным старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” М. В. Шчарбіцкі.  Прачулым выдалася выступленне сястры В. І. Угнявёнка Валянціны, якая ўспамінала пра свайго брата. Праз шчырыя слёзы Валянціна Іванаўна Попелава выказала словы падзякі за памяць пра Віктара Угнявёнка.
*  *  *
У цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла тэматычная сустрэча “Бусел – птушка вольная”. Да воінаў-інтэрнацыялістаў со словамі падзякі і пашаны звярнулася намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая.
Мерапрыемства атрымалася  насычаным і прадуманым. Словы вядучых – запамінальныя і ўражваючыя – нібы вярталі воінаў-інтэрнацыяналістаў у іх баявую маладосць, удала былі падабраны відэарад і музычныя кампазіцыі. Немагчыма было спакойна слухаць успаміны былых афганцаў. 27 год мінула са дня вываду войск з Афганістана, але з гадамі афганскі боль не сціхае…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №14 ад 19.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *