Шумилинский лесхоз успешно осваивает финский опыт

Актуалии Экология Экономика

Пра асаблівасці тэхналогіі польскага метада кампаставання расказвае майстар ляснога гадавальніка Сяргей Басаў.

Фінскі вопыт на шумілінскіх землях

У мінулую пятніцу на базе Шумілінскага лясгаса прайшоў абласны семінар на тэму “Укараненне лясгасамі аб’яднання фінскага вопыту па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай і адкрытай каранёвай сістэмай, з прымяненнем сучасных механізмаў і прылад. Далейшае развіццё гадавальніцкай гаспадаркі, дэндрапаркаў і мінідэндрарыяў”, у якім прымалі ўдзел галоўныя ляснічыя, інжынеры па лесааднаўленні, начальнікі лясных гадавальнікаў усіх лясгасаў вобласці, а таксама прадстаўнікі Гомельскага лесагаспадарчага аб’яднання і ТАА “Інаватэк”.
Пляцоўка для правядзення абласнога форума абрана невыпадкова, адзначыў на адкрыцці семінара намеснік генеральнага дырэктара галоўны ляснічы Віцебскага ДВЛГА Яўген Філіпаў. У Шумілінскім лясгасе, адным з першых у вобласці, сталі вырошчваць лясныя культуры, у прыватнасці, пасадачны матэрыял елкі еўрапейскай, з закрытай каранёвай сістэмай. Акрамя таго, заслугоўвае ўвагі і пераймання вопыт работы ў гэтым накірунку дэндрапарк лясгаса ў Шуміліне і лясны гадавальнік у Полцеве.
Насычанай і разнастайнай была праграма семінара. Удзельнікі наведалі цяпліцы па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з ЗКС і дэкаратыўных  саджанцаў, у якіх на плошчы 0,06 га вырошчваецца больш за 100 тыс. штук елкі еўрапейскай з ЗКС, а таксама палі дарошчвання з больш чым 100 тыс. штук пасадачнага матэрыялу гэтай лясной культуры.
Непадробны інтарэс і цікаўнасць выклікаў дэндрапарк. Сапраўды, тут ёсць на што паглядзець і што пераймаць: 68 відаў дрэў і кустоў прадстаўлена ў парку, больш за 2 тысячы штук дэкаратыўна-кустовых раслін.
Асобная тэма – добраўпарадкаванне, архітэктурныя формы, прадуманае і натуральнае афармленне тэрыторыі.  Па добрай традыцыі ў дэндрапарку  была закладзена памятная алея хваёвых парод.
Выехалі ўдзельнікі семінара на рабочыя кварталы шумілінскіх лесаводаў, дзе ім былі прадэманстраваны некалькі сучасных механізмаў і тэхналогій у вытворчасці работ. Напрыклад, тэхналогія стварэння лясных культур елкі еўрапейскай пасадачным матэрыялам з ЗКС на пакрытай лесам плошчы спосабам суцэльнай апрацоўкі глебы з мікрапавышэннем плугам-фрэзай і пасадкі раслін у вегетацыйны перыяд; правядзенне работ па ачыстцы лесасекі ад пасечаных рэшткаў шляхам іх здрабнення лясной фрэзай (драбілкай) з нерухомымі зубамі; правядзенне агратэхнічных доглядаў рознымі механізмамі.
Галоўным гідам у пастаянным лясным гадавальніку ў Полцеве стаў майстар гадавальніка Сяргей Басаў. Майстар азнаёміў удзельнікаў форума з тэхналогіямі прымянення сідэратаў для павышэння ўрадлівасці глебы, эксплуатацыяй розных відаў прылад для ўнясення вадкіх і сыпкіх угнаенняў, прадэманстраваў розныя віды прымяняемай тэхнікі, укараненне “польскага метаду кампаставання”.
На пленарным пасяджэнні ўдзельнікі семінара дэталёва абмеркавалі ўбачанае, выказалі свае думкі наконт работы Шумілінскага лясгаса ў лесакультурным накірунку.
Вынікі работы форума падвёў галоўны ляснічы вобласці Яўген Філіпаў, адзначыўшы, што, абапіраючыся на дасягнутае, у тым ліку на сучасныя еўрапейскія перадавыя тэхналогіі, ацэньваючы магчымасці, лесаводам трэба ставіць перспектыўныя задачы і рухацца далей.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №55 ад 20.07.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *