В Шумилино брата и сестру выселили из квартиры за долги перед ЖКХ

Общество Экономика

З рэчамі – на выхад
Падаць лёгка. Дарога ўніз, звычайна, не мае вялікіх перашкод, асабліва, калі вочы закрыты. Здаецца, толькі маргнуў, а ў цябе – ні сямі’і, ні заробку, ні сапраўдных сяброў, ні нават дома…

Так застаюцца без жылля
Марыне і Дзянісу (імёны зменены) ад бацькоў засталася выдатная трохпакаёвая кватэра ў цэнтры Шуміліна. Не трэба было матацца па інтэрнатах, чужых вуглах, будаваць жыллё, адмаўляючы сабе ў многім, выплачваць вялікі крэдыт. Яны маглі прыватызаваць кватэру, маглі жыць там разам ці, скажам, раз’ехацца, прадаўшы яе. У любым выпадку, падмурак, на якім магчыма было будаваць сваё дарослае жыццё, у іх меўся. А ў выніку засталося толькі “раскіданае гняздо”.
Марына, дажыўшы да 28 гадоў, па словах брата, ні дня нідзе не працавала. Вядома, што расходы на аплату кватэры не былі яе першаступенным клопатам. За кватэру плаціў Дзяніс, які раз ад разу ездзіў на заробкі ў Расію. Металічныя дзверы на ўваходзе, сучасны кухонны гарнітур, добры халадзільнік “выдаюць” той факт, што грошы ў доме бывалі. А вось узаемаразумення, нармальных сямейных адносін паміж братам і сястрой не было. Гэта пацвердзілі і суседзі, асабліва наракаючы на “неўтаймоўны” характар Марыны. П’янка – вось іх галоўная бяда. Усё астатняе – толькі лагічныя наступствы. Дзяніс “завязаў” з Расіяй – грошай не стала. Дамовіцца з сястрой, хто ўсё ж павінен плаціць за кватэру, не ўдалося. Запазычанасць спраўна расла. За 13 месяцаў яна склала амаль пяць мільёнаў рублёў.

Не дастукацца
УП ЖКГ прымала разнастайныя меры для таго, каб спагнаць з даўжнікоў запазычанасць за аказаныя жыллёва-камунальныя паслугі. Ім накіроўвалі папярэджанні, адключалі ад паслуг, афармлялі выканаўчыя надпісы аб спагнанні запазычанасці ў бясспрэчным парадку.
Папярэджанні не падзейнічалі, маёмасці, якая магла быць апісана ў кошт доўгу, у кватэры не знайшлося. Юрыст УП ЖКГ Аляксей Шчарбакоў не раз асабіста размаўляў з гора-жыльцамі, тлумачыў, што пагроза высялення – гэта не жарты, што пазбавіцца кватэры можна рэальна, калі не плаціць больш за паўгода. Але дастукацца да свядомасці Марыны і Дзяніса нікому так і не ўдалося. Яны быццам да канца не верылі ў тое, што іх могуць выселіць, дзяліўся ўражаннямі юрыст.
Пасля прыняцця ўсіх мер, якія прадугледжвае заканадаўства, УП ЖКГ было вымушана звярнуцца ў суд з іскам аб высяленні. І 22 красавіка 2015 года наймальніку было ўручана папярэджанне аб высяленні з кватэры ў выпадку нявыплаты запазычанасці ў месячны тэрмін. Такі ж тэрмін прадаставіў і суд. Але ні на якія дзеянні гэты факт Марыну і Дзяніса не падштурхнуў.

Пераезд
Брату і сястры было прапанавана пераехаць у адзін з дамоў на “Брыкеце”, кватэры ў якім ніяк не назавеш камфартабельнымі. Цэлы дзень работнікі ЖКГ дапамагалі жыльцам перавозіць рэчы, ім нават транспарт выдзелілі (проста па-чалавечы, бо калі людзі не вызваляюць памяшканне ў тэрмін, рэчы маюць права проста вынесці і пакінуць ля пад’езда).
Гэта, заўважу, зусім нярадасная працэдура, нават калі ты з’яўляешся пабочным назіральнікам. Але нейкага асаблівага шкадавання, разумення маштабаў згубленага Дзяніс у час высялення не праяўляў. А сястра яго наогул знікла ў невядомым накірунку: такое з ёй здараецца, кажуць суседзі.

Беражыце свае метры
Яшчэ некалькі гадоў таму асабліва спрытныя маглі дазволіць сабе гадамі не плаціць за кватэру, маўляў, інфляцыя ўсё “з’есць”. Але Жыллёвы кодэкс, які дзейнічае ўжо амаль тры гады, прадугледжвае высяленне жыльцоў, якія маюць шасцімесячную запазычанасць без уважлівай прычыны. Перасяліць у горшае жыллё могуць і пры наяўнасці ў сям’і дзяцей. А злосныя неплацельшчыкі рызыкуюць страціць нават сваё ўласнае, прыватызаванае жыллё, а прадастаўленае ўзамен можа знаходзіцца нават у іншым населеным пункце.
Сёння тэма аплаты камунальных паслуг асабліва балючая. У дадзеным канкрэтным выпадку зразумела, што людзі страцілі жыллё з-за несамастойнасці, абыякавасці да свайго жыцця. Самі, як кажуць, вінаватыя. Але ж людзей, якія маюць цяжкасці з аплатай жыллёва-камунальных паслуг, становіцца ўсё больш. Плата расце, і без таго невялікія заробкі не выплачваюцца ў тэрмін, і не заўжды грашыма – многія сёння знаходзяцца ў сапраўды складаным становішчы, гэтага нельга не прызнаць. Самае галоўнае тут – не даводзіць пратэрміноўку да 6-ці месяцаў. Большасць даўжнікоў, паведамілі ў ЖКГ,  маюць невялікую пратэрміноўку: на пачатак года з 1572-х асабістых рахункаў 927 – з пратэрміноўкай аплаты да трох месяцаў. Тым часам, “камуналка” абяцае толькі расці: лепш, вядома, пастарацца ўсімі сіламі не даводзіць да даўгоў. Выбрацца з гэтай ямы няпроста.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №15 ад 23.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *