На «прямую линию» председателю Шумилинского района поступило больше всего коммунальных вопросов

Актуалии Общество Президент

Больш за ўсё камунальных пытанняў

У суботу “прамую лінію” і прыём грамадзян правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Іванавіч Снараў. Прагназуючы найбольш вострыя пытанні, у кабінет быў запрошаны дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро са спецыялістамі. І трэба сказаць не памыліліся – шэсць з адзінаццаці пытанняў тычыліся работы камунальнікаў. Сем пытанняў былі зададзены па тэлефоне, яшчэ чатыры – на асабістым прыёме. Дарэчы, большасць праблем была вырашана ці будзе вырашана станоўча.
Дзве жанчыны з Шуміліна, якія прыйшлі на прыём да старшыні, прасілі вырашыць пытанне па паляпшэнні жыллёвых умоў. Заяўніцам былі прапанаваны розныя варыянты рашэння праблемы. Больш канкрэтна пытанні будуць рашаць у рабочым парадку, зыходзячы з магчымасцяў.
Цэлая дэлегацыя завітала ад жыхароў дома  №78 па вуліцы Сіпко. Праблема даўняя, жыхары вядуць перапіску з рознымі інстанцыямі не першы год, патрабуючы ўцяплення дома так званай “тэрмашубай”. Але на 2016 год на доме запланавана работа па герметызацыі панельных стыкаў, якая павінна зняць частку праблем жыхароў дома.
Таксама на прыём да старшыні райвыканкама прыйшоў вядомы трэнер па біятлоне Г. М. Салапаеў. Зараз яго выхаванка Ганна Сола абараняе гонар Беларусі ў нацыянальнай зборнай, а трое выхаванцаў выступаюць у юніёрскай. Ён прасіў расшырыць лыжную трасу, якая ў свой час была зроблена ў сасонніку ў Светласельскім, і зрабіць лыжаролерную трасу для летніх трэніровак юных спартсменаў. Пытанне па расшырэнні лыжнай дарожкі накіравана ў адпаведныя арганізацыі для рашэння, а вось асфальтавая траса засталася ў перспектыўных планах, бо без праектна-каштарыснай дакументацыі і фінансавання пабудаваць яе немагчыма.
Званок з “залініі” тычыўся многіх шумілінцаў, якія атрымліваюць ваду з вежы райспажыўтаварыства: арганізацыя даслала папярэджанне, што вада неўзабаве будзе адключана. Жанчыну запэўнілі, што ваду ніхто не адключыць. А вясной водаправодную сетку ў іхнім раёне падключаць да агульнагарадскога водаправода, і праблема вырашыцца наогул.
Паступіла пытанне аб добраўпарадкаванні двара, замене водаправоднай сеткі ў доме, аб выдзяленні зямельнага ўчастка, дапамозе з абследаваннем ў абласной бальніцы і іншыя. Усе пытанні былі ўзяты на кантроль і накіраваны  ў адпаведныя службы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №15 ад 23.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *