В центре внимания координационного совета Шумилинского района- неблагополучные семьи

Закон Общество

НЯЛЁГКА развязаць тугі вузел
А ўсё гэта залежыць ад нас, дарослых.  Ад нашай пазіцыі, ад таго, наколькі адказна і сумленна паставяцца да праблемы тыя, хто павінен адказваць за яе па абавязках службы. Пачнём жа з таго, што напярэдадні размовы на савеце ў абласной пракуратуры дасканала вывучылі стан работы ў раёне па папярэджанні дрэннага сямейнага становішча там, дзе выхоўваюцца дзеткі, па абароне правоў дзяцей. На падставе гэтага было вынесена адпаведным органам у раёне пракурорскае прадстаўленне.
На савеце пасля ўступнага слова старшыні савета, намесніка старшыні райвыканкама А. М. Зайцава, які вёў пасяджэнне, выступіў старшы памочнік пракурора вобласці па нагляду за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі А. В. Волкаў. Прадстаўнік з вобласці засяродзіў увагу на ключавых момантах работы з праблемнымі сем’ямі. Галоўнае тут, на думку Антона Віктаравіча, не безліч мерапрыемстваў, якія носяць пераважна агульны характар, а канкрэтыка. Скажам, сям’я М., дзе п’юць, а дзеці аддадзены самі сабе, у план работы з ёй важна ўвесці канкрэтныя, уласцівыя толькі ёй меры і не дапускаць цяганіны. У раёне на ўліку ў сацыяльна небяспечным становішчы (па-руску СОП) сем’і стаяць і па году, і па два. Гэта непарадак,  гэта заводзіць у тупік усю работу.
Не трэба баяцца, як сказаў А. В. Волкаў, павелічэння колькасці сопаўскіх сямей. Страшна, калі няма плёну ў рабоце, калі ідзе таптанне на месцы. Трэба на працягу трох-чатырох месяцаў вызначыцца з сям’ёй. За гэты час зразумець дынаміку – адмоўная яна ці станоўчая.
Па пытанні парадку дня выступілі галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ю. У. Уласевіч і дырэктар  установы адукацыі “Шумілінскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр” С. В. Бельчыкава. Выступоўцы падзякавалі пракурорскім работнікам за падказкі, расказалі пра меры, якія павінны скрануць праблему з месца. А пакуль што тугі вузел ніяк не ўдаецца развязаць. Пра гэта гаварыў і А. М. Зайцаў. Анатоль Мікалаевіч спыніўся на важнасці прафілактычнай работы, на тых болевых “кропках”, аб якіх гаворыцца ледзь не на кожнай нарадзе падобнага кшталту. Зараз з 12 адабраных дзетак усяго двое вернуты ў свае сем’і. Нялёгка даецца шлях вяртання, але ж на тое і штаты ўстаноў, якія закліканы весці гэтую работу. Дарэчы, кампенсацыя выдаткаў на ўтрыманне адабраных дзяцей  у раёне застаецца нізкай (48,4%), затое ахвотна абавязаныя асобы прагульваюць, не хочуць працаваць. На савеце прыводзіліся прыклады, калі жанчына выйшла на бальнічны, сабралася і паехала святкаваць на “Славянскі базар”, на прыём да ўрача не прыйшла. А наогул сямёра абавязаных асоб, як кажуць, у бягах.  Словам, як у тым вершы Маршака – шукае іх міліцыя, шукаюць пажарныя. А яшчэ. А. М. Зайцаў прывёў цікавую статыстыку. Самым “багатым” на прагулы быў  ліпень 2012 года – 311 прагулаў, прыкладна такі ж “ураджайны”  быў ліпень 2013 года, ідуць, падобна, на рэкорд у ліпені 2014 года. Чаму ж такі “шчодры” ліпень? Усё проста: пачынаецца сезон збору ягад, і многія асядаюць у лясах, каб зарабіць сабе на розныя “прысмакі”, не дбаючы асабліва пра тое, як будзе з кампенсацыямі за адабраных дзяцей.

*     *     *
Астатнія пяць пытанняў парадку дня каардынацыйнага савета былі прысвечаны  той жа праблеме – рабоце з “цяжкімі” сем’ямі. Запрошаная на пасяджэнне дырэктар ААТ “Ляжні” В. В. Яцко расказала, як нялёгка даецца “выхаванне” абавязанай асобы, прызналася, што кадравік дапусціла промах у рабоце, за што пакарана. Больш шырокі размах праблема набыла ва УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, дзе нахамуталі з налічэннямі зарплаты абавязаных. Аднак ні з бухгалтэрыі, ні з кіраўніцкага складу прадпрыемства нікога на савеце не было. Завісаюць і праблемы дастаўкі на працу абавязаных, эфектыўнасці ў арганізацыі іх работы.
На пасяджэнні адзначана, што па-ранейшаму дапускаюцца факты адключэння без папярэджання адпаведных органаў ад вады, электраэнергіі, іншых камунальных даброт сямей, у якіх выхоўваюцца малалетнія дзеці. Дапускаць такога нельга. Трэба шукаць розныя варыянты пагашэння запазычанасці.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Л. А. Грузневіч спынілася на выніках акцыі “Сям’я без насілля”, а на заканчэнні пасяджэння быў зацверджаны план работы раённага каардынацыйнага савета на другое паўгоддзе 2014 года.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №55 ад 22.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *