Почему в одних дворах розы цветут, а другие бурьяном заросли?

Общество

Будынак райгазу

У адных ружы цвітуць, а той-сёй быльніком зарос
Кожны кавалачак зямлі ў нашым раёне мае гаспадара. Гаспадар –прадпрыемства, арганізацыя ці прыватнік. Якія мы гаспадары, ці ўмеем берагчы і любіць сваю зямлю, як даглядаем яе? – гэтыя і іншыя пытанні мелі на мэце паглядзець  падчас чарговага рэйду па вуліцах Шуміліна разам з галоўным спецыялістам аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама А. В. Пруднікавым.
Папрыгажэла апошнім часам вуліца Ленінская. Тут нядаўна зрабілі новыя агароджы і тратуары, паклалі асфальт ад будынка райспажыўтаварыства да СШ №1. Упрыгожваюць вуліцу і кветнікі, пасаджаныя жыхарамі шматпавярховак. У прыватнасці, вельмі прыгожа ля дома №16 па Ленінскай. Пад вокнамі шматпавярхоўкі  многа кветак, прычым усе яны дагледжаныя. Адразу відаць клапатлівая рука гаспадара. А, дакладней кажучы, гаспадыні – Лідзіі Уладзіміраўны Журавай. Вельмі клапатлівая гаспадыня прыватнага дома № 14  Ірына Васільеўна Цітова. Ідзеш па вуліцы і любуешся прыгажосцю газона з кветкамі. А вось па другі бок вуліцы быльнёг запаланіў усю тэрыторыю. Месцамі вышэй за рост чалавека, адчувае дурнап’ян тут сябе паўнапраўным гаспадаром і смела выглядае за агароджу, нібы насміхаецца гора-чалавекам. І такіх адрасоў непрыгажосці з быльнікам па Шуміліне нямала: і па Юбілейнай, і па вуліцах Кароткіна, Луначарскага, Шумілінскай…
Па вуліцы Кароткіна гожы выгляд мае тэрыторыя ля дома правасуддзя, узорам прыгажосці з’яўляецца наваколле СШ №1. Сёлета з’явіліся на гэтай вуліцы каляровыя лавачкі – ёсць дзе адпачыць знямогламу чалавеку, проста паразмаўляць. Гэта пастараліся работнікі камунгасу.  А насупраць дома № 26 па вуліцы Кароткіна зрабілі нядаўна  стаянку для аўтамабіляў. Заасфальтаванае месца для паркоўкі вельмі зручнае для мясцовых аўтааматараў.
Праязджаем па вуліцах Талмачова, Валадарскага, Посахава. У асноўным тут парадак, большасці гаспадарам не трэба нагадваць, абкасіць тэрыторыю ці падправіць агаро-джу. А. В. Пруднікаў робіць заўвагу некаторым гаспадарам, што складзіруюць дровы за агароджай. Дровы трэба прыбраць, не варта захламляць тэрыторыю, псаваць знешні выгляд усёй вуліцы.  І людзі згаджаюцца, абяцаюць зрабіць так, як просяць.
Затое здзівіла абыякавасць гаспадароў па вуліцы Маякоўскага. Агарод тут зарос дзядоўнікам, каля хаты ніхто ні разу не скасіў. Збоку ля дарогі  – бітая цэгла. Ці ёй яміны якія засыпалі, ці так проста высыпалі непатрэбшчыну – пра гэта ў гаспадароў не запыталіся, бо не засталі дома.
Непрыемнае ўражанне склалася ад выгляду дома № 37 па Першамайскай. Дом пасля пажару зарос, побач валяецца непрыбранае абгарэлае бярвенне… Пасля гэтага непарадку дамы побач выглядаюць узорнымі. А

Дом Хашкоўскіх

ідэалам прыгажосці можна назваць дом №3 па вуліцы Першамайскай. Тут табе і кветкі розныя, і свежаскошаны поплаў, і арыгінальны вадаём, і элементы сялянскага падворку. На падворак да  гаспадароў –  Аляксандра Аляксеевіча і Тамары Савельеўны Хашкоўскіх –  можна хадзіць на экскурсію.
Па вуліцы Суворава ля новых кааператыўных дамоў не ўсюды абкошана, відаць, не паспявае камунгасаўская служба. Ля магазіна “Вясковы” навялі парадак, падстрыглі “жывую” агароджу. А вось з боку паштовага аддзялення гэтага не зрабілі, так што кантраст вельмі кідаецца ў вочы.
Прыязджаем на ферму Светласельская. Тут абкошана, але не больш, тут няма такой гожасці, як, напрыклад, на ферме Непароты, дзе і клумбы разбілі, і дрэўцы пасадзілі. Тэрыторыю ўпрыгожвае хіба альтанка, ды і тая зарастае.

Бур'ян па вул. Ленінскай

Па вуліцы Светласельскай дагледжана тэрыторыя дзіцячага сада і касцёла. На супрацьлеглым баку, дзе двухпавярхоўкі, таксама ёсць сапраўдныя гаспадары. Напрыклад, Надзея Аляксееўна Брыт. “Жыцця свайго не ўяўляю без кветак”, – гаворыць жанчына. Кветкі і на клумбах,  і ў скрынях на ганку. А яшчэ ў Надзеі Аляксееўны “зацвіў” балкон – квітнеючая петунія ажыўляе ўвесь дом.  Крыху далей, ля трохпавярховых дамоў па вуліцы Юбілейнай, у вочы адразу кінулася дзіцячая пляцоўка. Такой тут раней не было. Бачна, што арэлі, гарадкі новыя. Гэта паклапаціліся  работнікі Светласельскага сельвыканкама, а зроблена дзіцячая пляцоўка за кошт абласнога бюджэту.

Папялішча на Першамайскай

Да прыватных гаспадароў вуліцы Луначарскага не было прэтэнзій. Вельмі гожа выглядае будынак райгазу. Тут зацвілі прыгожыя кветкі не толькі на клумбах, але і ў падвясных вазонах на сцяне.
А вось паварот з Луначарскага на вуліцу Ударную – праблемная зона. Нядаўна жыхары звярнуліся ў райвыканкам са скаргай, што тут ніхто не скасіў быльнік. І гэта праўда.
Вуліцу Будаўнікоў з яе элітнымі дамамі можна назваць сапраўдным еўрапейскім кутком. Дамы тут адзін прыгажэй за другі і, трэба адзначыць, гаспадары трымаюць імідж: дагледжана, ля дамоў, ля цэнтральнага ўваходу не градкі, а акуратны поплаў, ружы і экзатычныя дрэвы. З упэўненасцю можна сказаць, што такая вуліца ў райцэнтры адзіная.
Ёсць праблемы па завулку Тарфяным і вуліцы Тарфяной, і праблемы перш за ўсё тычацца дарог. Яны тут з ямінамі. Праўда, нядаўна камунгас зрабіў падсыпку, але ж гэта не выратоўвае сітуацыю, тлумачаць нам жыхары, бо пойдзе дождж – і па вуліцы зноў ні прайсці ні праехаць. Што датычыцца навядзення парадку на прыдамавых тэрыторыях, то тут, зноў жа, убачылі кантраст. У адных ружы цвітуць, а той-сёй быльнікам зарос. Як, напрыклад, гаспадар па вуліцы Тарфяной.  А. В. Пруднікаў папярэджвае, што ўлады не пацерпяць такой безгаспадарчасці, што напамінаць нікому не будуць – адразу пратакол.  А іх па раёне, па падліках спецыялістаў землеўпарадкавальнай службы райвыканкама, складзена ажно 43. Значыць, далёка не ўсе мы яшчэ сапраўдныя гаспадары на сваёй зямлі.
Тэкст і фота Ларысы ЗАЙЦАВАЙ.
Надрукавана ў №54 ад 10.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *