Новый год в Шумилино глазами детей

Общество

В парке г.п. Шумилино

“Канікулы прайшлі як у казцы!”
Цудоўнае пісьмо атрымала рэдакцыя ад нашых юных чытачоў Георгія і Максіма Архіпавых з Шуміліна. Урэшце, чытайце самі:
“На свята Нараджэння Хрыстова да нас у госці прыехаў брат Даніла. Ён жыве ў Мінску, вучыцца ў гімназіі, яму 11 год. Даніла чалавек уважлівы і сур’ёзны, у той жа час вясёлы і камунікабельны. У нас у Шуміліне свае сябры, Даніла хутка пазнаёміўся і пасябраваў з імі. І на прапанову зняць маленькі фільм “Гаспадар Бурштыну” ён адразу згадзіўся. Пайшлі ў ход цацачныя аўтаматы і пісталеты, а яшчэ сігналы з сотавага.
Мы, як сапраўдныя сталкеры (нас было пяць пацаноў) рухаліся па гарадскім парку. Вось домік паляўнічага, хутчэй домік лесавічка. У льдах застыў паравоз. Параход на прычале ля вадаёма з маўклівым фантанам. Усё гэта ахоўвае старажытны драўляны воін…
Мы падарожнічалі ў часе, і фільм атрымаўся цікавы.
А вечарам, калі запаліліся агеньчыкі на навагодняй ёлцы ў парку, мы гулялі па начным горадзе.
— Як прыгожа! Як у Мінску! – сказаў Даніла.
І гэта праўда! Вуліцы ззяюць агнямі, расквечаны вокны дамоў. Над галавой серабрыстыя расцяжкі з зялёна-чырвоным арнаментам. Чырвоныя, залацістыя, светла-зялёныя “вугалкі” на слупах свецяцца, як паўночнае ззянне. На дрэвах, упрыгожаных інеем, ззяюць сіне-чырвоныя маленькія зорачкі. Яркім золатам гарыць лісце на паўднёвай пальме каля Палаца культуры.
Велічны ў сваім убранстве Дом Саветаў. Асветлены беларускі сцяг горда развяваецца ветрам.
На наступны дзень было каляднае свята. У парку – песні, пляскі, скамарохі, маладыя Дзяды Маразы. Мы ўдзельнічалі ў гульнях, атрымалі прызы. Паспрабавалі гарачай юшкі, пачаставаліся салодкай “ватай”. Свята ў нашым горадзе атрымалася маляўнічым, прыгожым, вясёлым. Дзень быў сонечны і радасны.
Потым Даніла запрасіў нас да свайго дзеда Эдуарда. На стале нас чакаў торт, цукеркі, духмяны чай. Мы размаўлялі са сваімі родзічамі з Масквы і Латвіі праз інтэрнэт па скайпу. Гэта было яшчэ адно дзіва.
Канікулы прайшлі як у казцы!”
Надрукавана ў №5 ад 17.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *