Отцы и дети: кто кому чего должен?

Духоўнае Общество

Маленькімі дзеці бываюць толькі аднойчы
Даволі часта можна пачуць развагі пра доўг, які ёсць у дзяцей перад уласнымі бацькамі. Хочацца ўсё ж разабрацца, што гэта за даўгі, як і калі іх аддаваць, ці магчыма не браць у доўг наогул і наколькі гарманічным можа быць жыццё з пастаяннай пазыкай.
Атрымліваецца прыкладна так: бацькі бясконца і шмат даюць дзецям з самага іх нараджэння, тыя бессаромна бяруць і ўсім гэтым карыстаюцца, а потым наступае нейкі ўзрост, калі прыходзіць чарга гэтыя даўгі вяртаць. “Выбіванне даўгоў” сур’ёзна азмрочвае жыццё ўжо дарослым дзецям ды і самім бацькам, якія перайшлі ў катэгорыю бабуляў і дзядуляў.
Чаму няма пакою, чаму ж здаецца, што любоў і клопат ужо дарослых дзяцей несупастаўныя з усім тым, што вы далі ім у дзяцінстве? Што дае гэта невычэрпнае пачуццё віны, на якое вы правакуеце сваіх дзяцей, пачуццё недавыкананага доўгу, які і выканаць у поўнай меры, у прынцыпе, немагчыма. Вы далі ім жыццё – ці можна за гэта расплаціцца?
Ніхто не стане спрачацца з тым, што бацькоўства патрабуе вялікіх намаганняў. Бяссонныя ночы, несканчоныя клопаты, перажыванні на працягу ўсяго перыяду сталення дзіцяці. Гэта адказнасць, якую ні з чым нельга параўнаць, нічога побач з ёй паставіць немагчыма. Толькі хіба гэта ахвяра? Хіба дзіця мы нараджаем не для ўласнага шчасця? Узнагароду за ўсе цяжкасці ёсць магчымасць атрымліваць адразу ж. Дзіця ўсміхаецца, агукае, смачна пахне – яно не стамляецца радаваць нас, тым самым апраўдваючы ўсе нашы клопаты. Іх аддача, у параўнанні з нашымі ўкладаннямі, – неацэнная. Галоўнае – прыняць гэту ўдзячнасць, не прайсці міма, у поўнай меры ацаніць. Тады не ўзнікне думак накшталт: вось выгадуем дзяцей і зажывем для сябе.
Усё пройдзе, а маленькімі нашы дзеці будуць толькі аднойчы. Трэба паспець на іх наглядзецца, з імі насмяяцца, нацешыцца іх маленькай ручкай у сваіх далонях, іх першым крокам, першым словам, першым каханнем. Адно імгненне – і ім ужо не патрэбна наша калыханка на ноч, наша “пачытаць”, наша “пабудзь са мной, пакуль я не засну”. Калі вас не было побач з дзіцяці, калі вы ўсё прапусцілі, калі недаатрымалі таго, што ніколі ўжо не паўторыцца, скажам, займаліся кар’ерай, то абавязкова з’явіцца адчуванне, што вас падманулі. Але вы ж самі, добраахвотна адмовіліся ад “зарплаты”, яе “атрымліваў” нехта іншы, напрыклад, бабуля ці няня. Ім дасталася тое, што было прызначана толькі вам.
Калі ўдасца па-сапраўднаму ацаніць шчасце бацькоўства, то ніколі не з’явіцца адчуванне, што нашы дзеці нам штосьці не вярнулі. Для таго, каб прайсці міма, мама і неабавязкова павінна быць занятая кар’ерай. Яна можа быць побач, але за гатаваннем, мыццём, кармленнем, сацыяльнымі сеткамі, тэлевізарам і размовамі з сяброўкамі, не заўважаць, не ацаніць таго, што можа ёй даць дзіця. Не ўспрымаць яго як паўнацэннага партнёра, з якім таксама можа быць цікава. Чапляцца за кожную травінку, катацца разам з ледзяной горкі, гуляць у тэатр ценяў, будаваць шалаш з коўдраў, карміць птушак, хадзіць па лужах, рамантаваць цацкі, абмяркоўваць іх мары, маляваць на запацеўшым шкле – усё гэта сапраўды вельмі і вельмі цікава. І заняцца гэтым у нас, дарослых, ёсць магчымасць толькі тады, пакуль нашы дзеткі яшчэ маленькія. Гэта яны дораць нам такі падарунак.
Якімі б цяжкімі не былі роды, як бы не хапала грошай, як бы няпроста не складвалася асабістае жыццё – нічога не ў стане перакрэсліць радасць мацярынства. Наадварот. Усё праходзіць так хутка, і каб потым не шкадаваць, не патрабаваць ад ужо дарослых дзяцей гіперувагі да сябе, лепш прама зараз адкласці ўбок усе свае справы і пабыць з дзецьмі, пачытаць ім, паглядзець разам мульцікі, проста паваляцца, памарыць. Больш зручнага для гэтага часу, чым прама зараз, не прадставіцца ніколі. Гэта важна, гэта і ёсць любоў.
Гэтую любоў нашы дзеці павінны перадаць ужо сваім дзецям. І так бясконца. Чым больш мы ім дадзім, тым большы рэсурс дабра, душэўнай шчодрасці, умення дарыць любоў будзе ў іх распараджэнні потым. Такі бясконцы ланцужок. Гэтую думку сфармулявала не я, але я з ёй абсалютна згодная.
І гэта зусім не абазначае адмаўлення ад састарэлых бацькоў. Усё, што звычайна маецца на ўвазе, ляжыць у плоскасці нармальных чалавечых узаемін. Калі ў сям’і панавалі гарманічныя ўзаемаадносіны, настоеныя на ўвазе, клопаце, любові, то дзіця, якое выйшла адтуль у свет, ніколі не пакіне без клопату сваіх нямоглых бацькоў. Так не бывае, у гэтым я таксама ўпэўнена. І рабіць гэта будуць яны не таму, што павінны аддаваць нейкі доўг, а  таму, што гэта натуральна і па-іншаму нельга.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №17 ад 01.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *