Руководство Шумилинского района встретилось с молодыми специалистами

Актуалии Молодёжь Президент

“Гэта  толькі  пачатак  вялікага шляху”
У жніўні мінулага года ў працоўныя калектывы нашага раёна прыбылі 82 маладыя спецыялісты, пераважная большасць – у сельскую гаспадарку. Адны пасля заканчэння навучальнай установы вярнуліся на сваю малую радзіму, іншыя прыехалі па размеркаванні. Як бы там ні было, а Шуміліншчына для ўсіх іх раз і назаўсёды будзе асацыявацца з першым працоўным месцам. За паўгода ўсе маладыя спецыялісты ўжо ўліліся ў працоўныя калектывы, атрымалі першыя зарплаты, сутыкнуліся з радасцямі і цяжкасцямі самастойнага жыцця.
Не парушаючы добрай традыцыі, кіраўніцтва раёна ў мінулую пятніцу арганізавала сустрэчу з нядаўнімі выпускнікамі сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, сабраўшы іх у Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў на маладзёжны форум “З Году моладзі – у Год культуры”.
На мерапрыемства завіталі старшыня райвыканкама А. І. Снараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама В. А. Емяльянаў, кіраўнікі і прадстаўнікі раённых службаў і грамадскіх аб’яднанняў, адказныя за работу з моладдзю.
Сустрэчу адкрыў А. І. Снараў. Аляксандр Іванавіч у сваім выступленні расказаў пра Шумілінскі раён, пра здабыткі і перспектывы развіцця рэгіёна, адзначыў адну са станоўчых тэндэнцый: маладыя спецыялісты, якія прыбываюць па накіраванні ў Шумілінскі раён, замацоўваюцца на месцах, ствараюць сем’і, праўда, гэта ў асноўным ураджэнцы раёна. І ні для каго не сакрэт, што пытанне замацавання маладых кадраў у раёне было і застаецца актуальным.
Кіраўнік раёна пажадаў, каб першае працоўнае месца ў маладых спецыялістаў стала добрай стартавай прыступкай у вялікім прафесійным росце. “Будзьце паспяховымі, шчаслівымі, актыўна імкніцеся да самарэалізацыі, дабівайцеся жыццёвага поспеху праз упартую працу і атрыманыя веды. І ведайце: гэта толькі пачатак вялікага шляху,” – закончыў сваё выступленне Аляксандр Іванавіч.
Як наладжана работа з моладдзю, якія прэферэнцыі існуюць у гэтай катэгорыі работнікаў, расказалі ўдзельнікам сустрэчы А. С. Барысевіч, намеснік дырэктара ААТ “Лаўжанскае” па ідэалагічнай рабоце; К. А. Іванова, адказная за работу з моладдзю ЦРБ; Я. В. Усцюгоў, адказны за работу з моладдзю УП ЖКГ; М. А. Лазарава, малады спецыяліст Шумілінскай СШ №1.
Інфармацыю пра кадравую сітуацыю ў раёне і маладых спецыялістаў, якія прыбылі ў раён, падаў В. А. Емяльянаў; пра прафарыентацыйную работу, якая праводзіцца ва ўстановах адукацыі, расказала спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Т. С. Карнеева; з вынікамі сацыялагічнага апытання па вывучэнні пытання інфармаванасці працоўнай моладзі аб правах і сацыяльных гарантыях, што прадастаўляе дзяржава, азнаёміла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая. Валянціна Георгіеўна нагадала і пра магчымасць, якая ёсць у маладых спецыялістаў, атрымаць льготны крэдыт, расказала пра ўмовы і парадак яго атрымання.
Акрамя таго, юнакі і дзяўчаты атрымалі інфармацыю пра культурна-масавыя мерапрыемствы, якія праводзіліся ў 2015 годзе з нагоды Года моладзі і будуць праводзіцца сёлета, у Год культуры, пазнаёміліся з маладзёжным саветам, які быў створаны летась у нашым раёне, атрымалі ад першага сакратара райкама ГА “БРСМ” А. Хмарына падрабязную інфармацыю пра тое, чым жыве моладзь Шуміліншчыны.
У рамках форуму адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага конкурсу сярод арганізацый па рабоце з моладдзю. А пасля быў канцэрт, удзельнікамі якога таксама сталі маладыя спецыялісты нашага раёна.
Маладзёжны форум закончыўся семінарам-вучобай з адказнымі за арганізацыю работы з моладдзю у арганізацыях, сакратарамі пярвічных арганізацый ГА “БРСМ”. Усім вядома, што ад мэтанакіраванай, прадуманай, цікавай і разнастайнай работы ў гэтым накірунку таксама залежыць, ці застануцца маладыя спецыялісты ў нашым раёне пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі. Вельмі хацелася б, каб такіх было як мага больш: раёну патрэбны маладыя  ініцыятыўныя творчыя людзі.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №17 ад 01.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *