В Шумилинском районе на жатве лидирует «Улльский»

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Даражыць кожнай сонечнай гадзінай
Камбайны КУСГП “Ульскі”, як велізарныя караблі, плывуць па залатому мору пшанічнага поля – такую карціну мы назіралі на мінулым тыдні за вёскай Федзькава.
Навальнічны дождж, які лінуў напярэдадні ноччу, сапсаваў усе планы механізатараў – прыйшлося чакаць, пакуль зерне абсохне. І жніво пачалося гадзіны на тры пазней звычайнага. “Працаваць сёлета нялёгка. Хоць зараз убіраем азімую пшаніцу на высокіх палетках, але ўсё роўна месцамі буксуем, – расказаў Васіль Аглушэвіч і кіўнуў у бок поля: – Вунь, бачыце, Ігар Барысевіч забуксаваў на сваім камбайне. Зараз прыедзе трактар, выцягне. Механізатары ў нас дружныя, дапамагаем адзін аднаму. На маю думку, дажджоў ужо даволі, хочацца, каб нябесная канцылярыя пашкадавала хлебаробаў і паслала сонечныя дзянькі. Ладзіцца работа толькі ў добрае надвор’е: зерне тады не вельмі вільготнае, і на сушыльным комплексе няма такога напружання. Ну, а пакуль прыходзіцца прыстасоўвацца да надвор’я і даражыць кожнай сонечнай гадзінай”.
На першы погляд поле азімай пшаніцы дае добры ўраджай. Але галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Баранаў шчыра прызнаецца, што 23 цэнтнерамі з гектара не вельмі задаволены. Справа ў тым, што вясной не хапала ўгнаенняў. Калі б уволю ўгноіць глебу фосфарам і каліем, то можна было б разлічваць на лепшы ўраджай.
На палетках КУСГП “Ульскі” працуюць сем камбайнаў, на адвозцы задзейнічаны два трактары і два МАЗы. Адным словам, сіл дастаткова, каб справіцца з уборкай зерневых, якіх у гаспадарцы засеяна 1120 гектараў. Па тэмпах уборкі “Ульскі” ўзначальвае раённую зводку. На 1 жніўня тут убрана 26,3% зерневых да патрэбнага, намалочана 568 тон збожжа.  “Хуткасць жніва залежыць і ад надвор’я, і ад разваротлівасці камбайнераў, – кажа дырэктар гаспадаркі Валянціна Лабейка. – Выдзеліць лепшых складана – усе стараюцца.  Добрым тэмпам работы садзейнічае праведзены рамонт тэхнікі, штодзённыя прафілактычныя агляды камбайнаў,  матэрыяльнае стымуляванне”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №60 ад 02.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *