Суррогатное материнство. Права и обязанности сторон

Закон Общество Семья

Сурагатнае мацярынства
Сучасны прагрэс у медыцыне дазваляе сем’ям, якія страцілі надзею нарадзіць дзіця, стаць бацькамі, і не прыемнымі, а генетычнымі, няхай нават з дапамогай старонняга чалавека – сурагатнай маці.
У Беларусі сурагатнае мацярынства афіцыйна дазволена з канца 2006 г. пасля прыняцця змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. Згодна з арт. 53 Кодэкса сурагатным мацярынствам прызнаюцца заснаваныя на дагаворы імплантацыя эмбрыёна, выношванне і нараджэнне жанчынай дзіцяці, зачатага з яйцаклеткі, што была ўзята з арганізма генетычнай маці, калі выношванне і нараджэнне дзіцяці генетычнай маці немагчымы ці звязаны з рызыкай для яе жыцця ці жыцця дзіцяці.
Працэс сурагатнага мацярынства заснаваны на дагаворным характары адносін, бо толькі дагавор, заключаны ў пісьмовай форме і засведчаны натарыусам, дае генетычным бацькам прававую абарону і з’яўляецца доказам таго, што дзіця іхняе.
Пастановай Савета Міністраў № 1470 вызначаны істотныя ўмовы дагавору сурагатнага мацярынства, без якіх дагавор не будзе лічыцца сапраўдным і мець юрыдычную сілу. Умовы наступныя: аказанне паслугі па імплантацыі эмбрыёна, выношванню і нараджэнню дзіцяці, зачатага з яйцаклеткі, узятай з арганізма ў генетычнай маці; указанне медустановы, у якой будзе адбывацца імплантацыя эмбрыёна, назіранне за цяжарнасцю і родамі; абавязак сурагатнай маці выконваць усе парады ўрача і даваць генетычнай маці і яе мужу інфармацыю пра свой стан здароўя і стан здароўя выношваемага дзіцяці; месца пражывання сурагатнай маці ў перыяд цяжарнасці; абавязак сурагатнай маці перадаць, а генетычнай – прыняць дзіця пасля яго нараджэння; тэрмін, на працягу якога павінны перадаць дзіця; цана дагавора, якая ўключае кошт паслугі, аказваемай сурагатнай маці (за выключэннем выпадкаў бязвыплатнай паслугі), а таксама расходы на медабслугоўванне, харчаванне, пражыванне сурагатнай маці ў перыяд выношвання дзіцяці, родаў і ў пасляродавы перыяд; іншыя ўмовы, дасягнутыя пагадненнем бакоў.
Трэба ведаць, што карыстацца паслугамі сурагатнай маці можа не любая жанчына. У сваю чаргу, не кожная жанчына можа быць сурагатнай маці. Тут усё строга па медыцынскіх паказаннях.
Беларускі заканадаўца прадугледзеў прэзумпцыю мацярынства і бацькоўства генетычных бацькоў. Кодэксам аб шлюбе і сям’і дакладна вызначана: маці таго дзіцяці, якое нарадзіла сурагатная маці, прызнаецца яго генетычнай маці. Бацькам дзіцяці прызнаецца муж генетычнай маці. Калі генетычная маці не знаходзіцца ў шлюбе з бацькам дзіцяці, бацькоўства можа быць устаноўлена па сумеснай заяве аб рэгістрацыі ўстанаўлення бацькоўства ў органы ЗАГСу.
Сёння многія пары не могуць мець уласных дзяцей. Безумоўна, сурагатнае мацярынства не вырашыць дэмаграфічную праблему, тым не менш яно ў стане змяніць чыё-небудзь жыццё, падарыўшы шчасце мацярынства і бацькоўства.
Н. ШНІПАВА, кансультант дзяржаўнай натарыяльнай канторы Шумілінскага раёна.
Надрукавана ў №21 ад 22.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *