В хозяйсте Головко из Лежней три коровы, свиньи, куры, гуси

Сельское хозяйство Семья

Тры добра, а чатыры – лепш
Гэтай студзеньскай раніцай скупыя сонечныя промні паволі слізгалі па соннай зямлі. Нібыта не вельмі хацелі будзіць тых, хто любіць доўга паспаць. Але Алена Яўгенаўна Галаўко з Ляжнёў не адносіцца да гэтай катэгорыі. Нягледзячы на выхадны дзень, яна ўстала, як кажуць, з першымі пеўнямі: трэба справіцца па гаспадарцы. А яна ў Алены Яўгенаўны і яе мужа Сяргея Пятровіча зайздросная: тры каровы, свінні, па чарадзе курэй і гусей.  Гэта адна з самых вялікіх гаспадарак у вёсцы. Тры каровы больш не знойдзеш ні на адным падворку ў Ляжнях.
Алена Яўгенаўна і Сяргей Пятровіч працуюць на мясцовай ферме. Пры гэтым паспяваюць падаіць-накарміць кароў і ў гаспадарцы, і на ўласным падворку. Лічаць, што трымаць карову, нават адну, цяпер выгадна: вунь як выраслі цэны ў магазінах на малочную прадукцыю. Ды і не параўнаеш дамашнія тварог са смятанай з магазіннымі. Дарэчы, Алена Яўгенаўна робіць і дамашні сыр. Яна падзялілася рэцэптам з чытачамі раённай газеты: ”Адзін літр малака і адзін кілаграм тварагу награваць у каструлі, пастаянна памешваючы, пакуль не адыдзе сыроватка. Адціснуць. Пакласці на патэльню і дадаць 100 грамаў сметанковага масла, 1 сталовую лыжку солі і 1 чайную лыжку соды. Перамяшаць. Плавіць на малым агні, пакуль не разыдуцца крупінкі тварагу. Потым выліць у форму, змазаную маслам, і паставіць у халоднае месца”.
Алена Яўгенаўна з мужам падлічылі: выдаткі на ўтрыманне кароў апраўданы. Нават калі ўлічыць грошы на выпіску касілкі, на  трактар, каб прывезці сена. Кожную раніцу Алена Яўгенаўна здае на малаказавод па 30 літраў малака. Гэта зімой, а летнія надоі разы ў два большыя.
Пытаемся ў гаспадароў, на што “пускаюць” малочныя грошы. “О, расходаў у нас шмат, а планаў яшчэ больш, – кажа гаспадыня. – Вось прыдбалі новую прыхожую, тое-сёе з посуду, апранулі-абулі да зімы сыноў Андрэя і Дзіму. А тут старэйшы Андрэй (ён вучыцца ў каледжы на лесніка) задумаў атрымаць вадзіцельскія правы. Зноў жа, дапамаглі кароўкі: з малочных грошай выдзелілі на аўташколу. А яшчэ раней купілі электрапастух. Раю набыць яго ўсім, хто не ганяе кароў у агульны статак”.
Прыватных гаспадароў падтрымлівае ААТ “Ляжні”. У прыватнасці, выдзяляюць па некалькі рулонаў сена. “Так, нам летам прывезлі дзесяць рулонаў, – пацвярджае Алена Яўгенаўна. – Гэтага хопіць, каб пракарміць зімой дзвюх кароў. Ну, а на трэцюю сена насушылі самі”.
Гаворачы пра выгоды ад гаспадаркі, А. Я. Галаўко дадала, што адчувальная падтрымка для сям’і і ад здачы траіх цялятак. А летась адну цёлку пакінулі для сябе, вось хутка чакаецца прыбаўленне. “Будзе ў час яшчэ адна карова, – упэўнена кажа Алена Яўгенаўна. – Тры добра, а чатыры – яшчэ лепш!”
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 3 ад 13.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *