Шумилинские аграрии на выездном совещании говорили о косьбе трав и заготовке кормов

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Першы ўкос – справа пільная
У мінулую суботу прайшла выязная калегія ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, якую правёў начальнік упраўлення В. Ц. Мянькоў, і на якой разглядаліся актуальныя пытанні работы галіны: касавіца і нарыхтоўка кармоў, а таксама не менш надзённае – вытворчасць малака і падрыхтоўка фермаў да зімы.

На нараду былі запрошаны кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі і галоўныя аграномы гаспадарак раёна, спецыялісты райсельгасхарчу, старшыні сельвыканкамаў. У рабоце сельскагаспадарчай нарады бралі ўдзел старшыня райвыканкама А. І. Снараў і старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Першае пытанне разглядалася на ферме Маркава ААТ “Прыазёрны мір”, дзе закладвалася сянажная траншэя. А. І. Снараў адразу нацэліў усіх удзельнікаў на канкрэтную, сур’ёзную работу. “З гэтага тыдня ў раёне пачалася масавая нарыхтоўка кармоў. Трэба адзначыць, што ўраджай траў вырас сёлета добры. Варта не толькі нарыхтаваць дастатковую колькасць сена і сенажу, але і перавыканаць планы – кармоў многа не бывае. Першы ўкос – справа пільная, з ім не варта марудзіць, бо канюшына, цімафееўка, купкоўка і іншыя травы ўжо зацвітаюць, іх трэба скасіць у аптымальныя тэрміны – за бліжэйшыя дзесяць дзён”, – адзначыў кіраўнік раёна”.
Намеснік начальніка райсельгасхарчу А. Л. Мацюшчанка расказаў, што падчас касавіцы будуць задзейнічаны 22 кормаўборачныя камбайны, 35 касілак, 18 грабляў і столькі ж прэс-падборшчыкаў, больш за паўсотню адзінак трактароў і машын на адвозцы.  Гэтай тэхнікі дастаткова, каб справіцца з уборкай 12279 гектараў травы.
Увага спецыялістаў гаспадарак была звернута на строгае выкананне тэхналогіі нарыхтоўкі сенажу: трамбоўка траншэй павінна быць арганізавана кругласутачна, пры закладцы травяной масы варта выкарыстоўваць кансерванты ці соль. Сянажную траншэю трэба шчыльна закрываць плёнкай, якую прыціскаюць грунтам ці торфам. Непажадана выкарыстоўваць сухую салому, якая можа ўспыхнуць ад маленькай іскаркі.
На стэндзе, што размясціўся непадалёк ад сянажнай траншэі, можна было пазнаёміцца з афармленнем неабходнай дакументацыі: інструкцыі па тэхніцы бяспекі, графікам дзяжурства ў начны і дзённы часы, нормамі работы і расходу паліва, вільготнасць і тэмпература сенажу. Асаблівая увага ўдзельнікаў нарады звярталася на якасную бесперапынную работу і на захаванне бяспекі працы.
У гарачую пару касавіцы трэба не забываць і пра навядзенне парадку ў вёсках, весці, у прыватнасці, абкос абочын і прыватных падворкаў, адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. Навядзенне парадку – агульная задача, таму сельгаспрадпрыемствы не павінны адмовіць у дапамозе. Ірына Мікалаеўна запатрабавала ад старшынь сельвыканкамаў актывізаваць работу па абкосу населеных пунктаў.
Другая частка нарады прайшла ў ААТ “Ляжні”. На фермах гаспадаркі ўдзельнікі нарады пазнаёміліся з падрыхтоўкай фермаў да стойлавага ўтрымання жывёлы. Калі ў мінулыя гады падрыхтоўка да зімы тут вялася  толькі ў канцы лета, то сёлета ўсё зроблена загадзя. На ляжнёўскія фермы хоць сёння можна ставіць жывёлу: гной вычышчаны, сцены пабеленыя, стойлы адрамантаваныя, зроблены выгульныя пляцоўкі. Праўда, дзеля гэтага прыйшлося папацець: на працягу дзесяці дзён на фермах наводзілі парадак і жывёлаводы гаспадаркі, і спецыялісты райсельгасхарчу. На вынікі работы прыемна паглядзець: кустоўе ўздоўж дарогі высечана, да фермаў зроблена падсыпка. На ферме Ляжні-1 радуюць вока новая агароджа і ўязныя вароты. На ферме Ляжні-2 пабудаваны новы прафілакторый для цялят, а ў старым заменены вокны.
Дырэктар ААТ “Ляжні” А. М. Папіна прааналізаваў работу гаспадаркі ў жывёлагадоўчай галіне. У прыватнасці, зараз гаспадарка доіць 13,1 літра на карову (па раёне 10,5 літра). Але на працягу чэрвеня надоі павінны павялічыцца прыкладна на кілаграм, адзначыў Аляксандр Мар’янавіч.
Вынікі нарады падвёў старшыня райвыканкама, які адзначыў, што ў гэтым годзе на большасці ферм раёна будзе наведзены парадак. Наступная нарада пройдзе ў ААТ “АграБаравінка”, якое ўжо закупляе будаўнічыя матэрыялы для рамонту.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №44 ад 07.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *