Золотые соломенные пауки Натальи Стерженковой приносят счастье в дом

Культура Мир увлечений

Павукі прыносяць шчасце
Пляценне з саломы – старажытны і цікавы від творчасці. І звязаны ён з культам хлеба – нават у сухім сцябле людзі адчувалі асаблівы дух жытняга хлеба, а салома захоўвала магічную сілу прыроды, кажа метадыст па саломапляценні раённага Дома рамёстваў Н. А. Сцержанкова. Наталля Аляксандраўна займаецца як традыцыйным, так і сучасным саломапляценнем. Яна робіць саламяныя кветкі, лялькі, падносы, пано, падвескі, маскі, шляпы. А апошнім часам ушчыльную занялася вырабам саламяных павукоў.
“Павукі наш майстар стварае ў адпаведнасці з рэгіянальнымі традыцыямі і рытуальным прызначэннем, – кажа дырэктар Дома рамёстваў А. В. Сяргеева. – Справа ў тым, што жыхары нашага раёна даўней рабілі вось такія саламяныя павукі. Гэтыя ўменні перадаваліся ад маці да дачкі, нібыта ў спадчыну.  Наталля Аляксандраўна ўзялася адрадзіць майстэрства продкаў, і мы ёй за гэта ўдзячны. У нашай вобласці вельмі мала майстроў, якія займаюцца пляценнем павукоў”.
У калекцыі Наталлі Сцержанковай каля трыццаці розных павукоў. Калі заходзіш у рабочы кабінет майстра, здаецца, што ты трапіў у залаты саламяны храм. На павукоў, прымацаваных да столі, цікава назіраць. Кожны з іх са сваімі геаметрычна строгімі і вытанчанымі формамі непаўторны і арыгінальны.
“Павукі – гэта падвясныя дэкаратыўныя канструкцыі, – кажа Наталля Аляксандраўна. – Каб іх зрабіць, трэба перш-наперш паклапаціцца пра нарыхтоўку саломы з жыта ці трыцікале. Потым салому трэба па тэхналогіі высушыць. Ну, а затым можна прыступаць да творчасці. Рабіць павукоў вельмі цікава. У аснове кожнага з іх можа быць круг, ромб ці піраміда. Напрыклад, аснова рамбічнага павука (менавіта такія былі распаўсюджаны ў нашым раёне) робіцца з 12 саломін аднолькавай даўжыні, затым з усіх бакоў да яе замацоўваюцца меншыя павучкі. Як правіла, вялікія павукі збіраліся з асобных модуляў. Зробленыя з лёгкіх саламяных трубачак, гэтыя канструкцыі, здаецца, бязвагавыя і ажурныя. Знешне яны нагадваюць ўмела сплеценую павуціну – цяпер зразумела, чаму вырабы атрымалі такую назву. У залежнасці ад прызначэння павука да яго прымацоўваліся саламяныя птушкі (на раннюю вясну), каралі (на дождж), маленькія сонейкі (на надвор’е). Лічылася, што любы з павукоў прыносіць у дом шчасце. Таму іх прымацоўвалі ў чырвоным куце. Яны не проста віселі цэлы год, а павольна кружыліся ў розныя бакі. Людзі верылі, што павук намотвае ў сваю павуціну ўсю тую негатыўную энергію, якая ёсць у хаце. Таму перад Калядамі старога павука здымалі і спальвалі ў печцы, а ўзамен да столі прымацоўвалі новага, загадзя сплеценага”.
Дарэчы, павукі служылі і своеасаблівым абярэгам. Іх прымацоўвалі над маладымі ў час вяселля, а таксама над калыскай немаўляці. Лічылася, што гэта прынясе маладым і дзецям здароўе і шчасце. Дарэчы, у некаторых сем’ях свята вераць у гэту традыцыю і сёння, адзначае Наталля. Так, некаторыя маладыя бацькі заказваюць у Доме рамёстваў саламянага павука, якога затым прымацоўваюць над дзіцячым ложкам.
Наталля Сцержанкова са сваёй калекцыяй павукоў удзельнічае ў розных выставах і конкурсах раённага і абласнога ўзроўняў, мае шмат дыпломаў і грамат. Так, грамату  абласнога выканаўчага камітэта  атрымала “За асабісты ўклад у папулярызацыю беларускай народнай творчасці, захаванне і развіццё традыцыйных рамёстваў”. А ў мінулым годзе вырабы шумілінскага майстра былі адзначаны на абласным свяце “Масленічны разгуляй”, на свяце  саламянага майстэрства “Саламяны павук – творца”, а таксама на конкурсе майстроў “Забава-2015”, які быў праведзены ў рамках фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №19 ад 09.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *