Рэзідэнцыя Дзеда Мароза з новай прапіскай
Рэзідэнцыя Дзеда Мароза сёлета справіла наваселле, пераехала ў цэнтр Шуміліна на гарадскі стадыён. Каб зручна было дабірацца дзецям і дарослым.
29 снежня адбылося ўрачыстае адкрыццё рэзідэнцыі. На свята прыйшлі бацькі з дзецьмі, а таксама ўдзельнікі клуба «Альтэрнатыва#Інсайт» РЦДіМ. Вароты рэзідэнцыі Дзеда Мароза адчыніліся – і пачалася казка.
Снягурка правяла дзяцей па сцежцы казак. Пасля дзяцей пераняў Ямеля з чароўнай печкай, якая выпякае цукеркі. Імі і частаваў ён гасцей. Асабліва дзецям спадабаліся гульні і конкурсы гаманлівых і артыстычных Бабы Ягі і Кікімары. Хлопчыкі і дзяўчынкі смяяліся, стараліся абхітрыць казачных герояў, выйграць конкурсы.
А на парозе свайго чароўнага дома ўжо чакаў Дзед Мароз, шчодры на цёплыя словы і пажаданні. Ён гасцінна запрасіў усіх у свае ўладанні. Трон галоўнага навагодняга чараўніка, фотазона з падарункамі, ззяючая навагодняя ёлка, два казачныя пакоі (жаданняў і пузыразнаўства) – усё стварала атмасферу свята і чараўніцтва.
Дзецям вельмі цікава было падыходзіць да чароўнай машыныаўтамата, устаўляць туды атрыманыя на ўваходзе манеты і атрымліваць салодкі прыз і дыплом памочніка навагодняга чараўніка. Яны разглядвалі падарункі, фатаграфаваліся з Дзедам Марозам і Снягуркай.
У першыя два дні рэзідэнцыю наведалі больш за 200 дзяцей.
Наведвальнікі рэзідэнцыі падзяліліся сваімі ўражаннямі.
Ганна Міраненка, 10 год: Казка была цудоўная. Усе героі прыгожыя, асабліва фея, якая пасялілася ў пакоі жаданняў. Разам з Дзедам Марозам і Снягуркай мы вадзілі карагод вакол ёлкі, спявалі і танцавалі, а Баба Яга праводзіла цікавыя конкурсы.
Ілья Ананьеў, 8 год: Дзед Мароз на свяце – гэта супер. Спадабаўся Ямеля і ягоная печка – вось бы мне такую, каб выпякала цукеркі, тады і ў магазін за імі не трэба хадзіць.
Варвара Чапліна, 4 гады: Самая прыгожая Снягурка. У яе казачная сукенка. Я хачу быць падобнай на яе.
Рэзідэнцыя Дзеда Мароза будзе працаваць 3, 4, і 5 студзеня наступнага года. Раім наведаць казку!
Ларыса ЗАЙЦАВА.




