На производственном совещании в Шумилино обсудили вопросы животноводства

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Прыкласці  працоўныя  рукі  да  кожнай  фермы

На мінулым тыдні прайшла вытворчая нарада па пытаннях жывёлагадоўлі і выніках работы сельгаспрадпрыемстваў раёна за студзень-люты бягучага года. Правёў нараду старшыня райвыканкама А. І. Снараў. У мерапрыемстве бралі ўдзел першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама У. А. Машэра, галоўны ветурач Віцебскай вобласці А. М. Козак, намеснік генеральнага дырэктара Віцебскага дзяржаўнага племпрадпрыемства А. Б. Шпыркін, прадстаўнікі ААТ “Малако”, кіраўнікі і спецыялісты сельгасарганізацый раёна.
За першыя два месяцы бягучага года ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна назіраюцца невялікія зрухі да лепшага. Пакуль па валавой вытворчасці малака плюсуюць толькі ААТ “Прыдзвінскі” і ААТ “Лаўжанскае” –  140% і 101% да ўзроўню мінулага года адпаведна. Каб было вялікае малако, для гэтага трэба не толькі якасныя кармы, але і добрасумленныя адносіны да работы спецыялістаў, рабочых і даярак, адзначыў У. А. Машэра. Якраз гэтага і не хапае: Уладзімір Аляксандравіч прадставіў фотаздымкі з некаторых фермаў раёна, якія сведчылі, што не ўсюды прыбрана, памыта і падсцелена. Часам нават і даільнае абсталяванне бруднае. У такіх умовах складана атрымаць якаснае малако. Начальнік аддзела сыравіны ААТ “Малако” А. А. Лапацін адзначыў, што гатунак “экстра” дояць на Шуміліншчыне толькі тры гаспадаркі:  ААТ “Прыдзвінскі” (66,7%), ААТ “Ляжні” (66,5%) і СФГ “Раднік” (64,7%). У астатніх якасць бракуе. Раён здае толькі 26,5% “экстра” – гэта вельмі мала. Кожная гаспадарка з-за нізкай  якасці малака губляе немалыя грошы. Прадстаўнікі з вобласці, якія напярэдадні нарады пабывалі на некаторых фермах нашага раёна, назвалі нямала негатыўных фактаў: на ферме Латкова няма фільтраў у халадзільніках, на ферме Ляжні жывёле не падсцелена, “Прыазёрны мір” па кармах “працуе з колаў”…  Безумоўна, усё гэта негатыўна ўплывае на валавую вытворчасць малака і яго якасць.
Сітуацыю можна і трэба скрануць з месца, трэба толькі прыкласці працоўныя рукі, адзначыў У. А. Машэра. Перш-наперш варта навесці парадак па асемяненні, па ўзнаўленні статку, адзначыў намеснік генеральнага дырэктара Віцебскага дзяржаўнага племпрадпрыемства А. Б. Шпыркін.  Галоўны ветурач вобласці А. М. Козак расказаў, на якіх фермах раёна неабходна тэрмінова адсарціраваць хворых кароў і пралячыць іх. Толькі пасля гэтага можна правяраць прадукцыю на саматычныя клеткі – гэта асноўны паказчык, па якім малако з шумілінскіх фермаў не дацягвае да гатунку “экстра”. А. А. Лапацін прапанаваў прывозіць яго ў лабараторыю ААТ “Малако”, дзе зробяць дакладны аналіз і падкажуць, якія паказчыкі трэба падцягнуць.
У многіх гаспадарках раёна не хапае камбікармоў. Як паветра, яны патрэбны на фермы, дзе ёсць даільныя залы, а таксама ў КУСГП “Сіроцінскі” і “Мішневічы”, дзе пачынаюцца масавыя ацёлы кароў. Спецыялісты райсельгасхарчу рэкамендавалі набыць камбікармы ў кошт будучага ўраджаю на Полацкім КХП. Ну, а тым гаспадаркам раёна, хто мае патрэбу ў саломе, можна бясплатна ўзяць ў КУСГП “Ульскі” –  яе там у стагах  каля 700 тон.
Вынікі нарады падвёў А. І. Снараў. Кіраўнік раёна парэкамендаваў з’ездзіць павучыцца ў ААТ “”Прыдзвінскі”, дзе добра наладжана работа на кожнай ферме. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што трэба ўшчыльную заняцца навядзеннем парадку на фермах. Такая задача пастаўлена перад кіраўнікамі гаспадарак і ўсімі спецыялістамі, якія свой рабочы дзень павінны пачынаць і заканчваць на фермах. Рабочыя ці даяркі могуць нешта недарабіць ці забыць, а задача спецыялістаў – указаць, дапамагчы, пракантраляваць. Толькі разам можна дабіцца станоўчых вынікаў.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №19 ад 09.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *