«София» связывает Солт-Лейк-Сити и Шумилино

Актуалии Общество

В отделении реабилитации ТЦСОН

“Бог блаславіў нас на добрыя справы”
На старонках “Герой працы” мы расказвалі нашым чытачам пра спонсарскую дапамогу аддзяленню дзённага прабывання і рэабілітацыі інвалідаў, што існуе пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а менавіта пра тое, што Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Сафія” выдзеліла каля дзевяці мільёнаў на пакупку мяккай мэблі і кухні.
І вось тыдзень таму ў Тэрытарыяльны цэнтр завіталі спонсары, каб на свае вочы ўбачыць, што іхнія грошы выкарысталі па прызначэнню. У цёплай сяброўскай атмасферы прайшла сустрэча гасцей з дзяўчатамі, якія наведваюць аддзяленне дзённага прабывання і рэабілітацыі інвалідаў.
Цікава было пагутарыць і з Сяргеем Зубовічам, які з’яўляецца выканаўчым дырэктарам мінскага  філіяла грамадскага аб’яднання “Сафія”, і асабліва з самімі спонсарамі – Прысцылай і Кітам Хаф, якія прыехалі з горада Солт-Лэйк-Сіці штата Юта Злучаных Штатаў Амерыкі.
“Мы веруючыя, і як сапраўдныя хрысціяне хочам дапамагаць людзям, – расказаў Кіт Хаф. – Калі мы з жонкай выйшлі на пенсію, прапанавалі Царкве Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён (яна ж і з’яўляецца спонсарам усіх праектаў) накіраваць нас з дабрачыннай місіяй у любую частку свету. І вось мы ўжо больш за год жывём у Мінску, ездзім па ўсёй рэспубліцы, аказваем падтрымку тым, каму яна патрэбна. У студзені наша дабрачынная місія заканчваецца. Нам на змену з Амерыкі прыедзе другая сямейная пара і будзе працягваць нашу работу”.
Прысцыла і Кіт пацікавіліся, чым займаюцца дзеці ў аддзяленні дзённага прабывання і рэабілітацыі інвалідаў. Засталіся задаволенымі, калі ўбачылі па-дзелкі, якія дзеці робяць на гуртках. Парадавала атмасфера таварыскасці, дабрыні, узаемавыручкі. Дзеці вучыліся не толькі рабіць аплікацыі, але і гатаваць салаты, тосты і сандвічы. А падаграваюць іх у мікрахвалевай печцы, якую падарылі спонсары.
Валанцёры ад “Сафіі” расказалі, што ў гэтым годзе яны пабывалі яшчэ на Гомельшчыне, у школе для дзяцей са слабым зрокам. У Віцебску аказалі дапамогу дому начнога прабывання і дому-інтэрнату для псіхічных хворых, у Гарадоцкім і Лёзненскім раёнах – Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Акрамя гэтага, для Віцебскай вобласці закупілі 250 інвалідных калясак. У планах – дапамога прытулкам. Увогуле, Прысцыла і Кіт дапамагаюць дзецям з асаблівым бацькоўскім пачуццём, бо ў саміх шэсць сыноў і дачка, дваццаць чатыры ўнукі.
“Мы вельмі задаволены, што наша дабрачынная місія праходзіць менавіта ў Беларусі, – гаворыць Прысцыла. – Гэта прыгожая краіна, тут жывуць шчырыя і гасцінныя людзі. Галоўнае, мы тут адчуваем сябе патрэбнымі. Бог блаславіў нас на добрыя справы, і мы робім іх ад чыстага сэрца”.
І за гэтае шчырае памкненне, і за дапамогу дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва В. Р. Штуро выказала валанцёрам словы шчырай падзякі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №82 ад 25.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *