После ремонта открылось терапевтическое отделение Шумилинской ЦРБ

Актуалии Здоровье

Рамонт зрабілі талакой
“Для сённяшняй падзеі трапна падыходзіць добрае беларускае слова “талака”, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў падчас адкрыцця адрамантаванага тэрапеўтычнага аддзялення Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы. – Больш за мільярд рублёў выдаткавала на рамонт дзяржава, 27 мільёнаў рублёў, якія пайшлі на сантэхнічнае абсталяванне, сабралі арганізацыі, прадпрыемствы, прадпрымальнікі раёна, дапамогу аказаў Чырвоны Крыж – усе падставілі плячо, каб шумілінцы маглі атрымліваць лячэнне ў камфортных умовах”.
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Рускова ўручыла галоўнаму ўрачу ЦРБ Канстанціну Баканаву сертыфікат на 8 мільёнаў рублёў на 30 камплектаў мяккага інвентару.
“Немагчыма параўнаць створаныя ўмовы з тым, што было раней. Шчыры вам дзякуй за такі рамонт, за ўтульнасць, за камфорт для пацыентаў і медыцынскіх работнікаў”, – гаварылі ўдзячныя пацыенты і медыкі Уладзіміру Цярэнцьеву, старшыні райвыканкама Аляксандру Снараву, начальніку ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрыю Дзеркачу, старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыне Новікавай. Загадчык аддзялення Святлана Лінкевіч правяла ганаровых гасцей па палатах і службовых памяшканнях, з гонарам прадэманстравала ўтульныя, светлыя, аформленыя сучаснымі матэрыяламі і абсталяваннем пакоі. Дарэчы, якасна і хутка рамонт аддзялення выканала будаўнічае прадпрыемства “Вітмедбуд” (дырэктар Валерый Кучынскі), вядомае рэканструкцыяй медыцынскіх аб’ектаў у абласным цэнтры і многіх раёнах Віцебшчыны.
“Прыемна, што нашы людзі цяпер будуць лячыцца ў такіх добрых умовах. А лепш, калі яны будуць умацоўваць сваё здароўе ў спартыўных залах і на спартыўных пляцоўках. Цяпер для раённых уладаў справа гонару – дабудаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс, з адкрыццём якога істотна павялічацца магчымасці для заняткаў фізкультурай і спортам усіх жыхароў раёна”, – сказаў кіраўнік раёна Аляксандр Снараў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №19 ад 09.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *