В Шумилинском районе проходит оптимизация машинных дворов

Сельское хозяйство Экономика

Рамонт дыспетчарскай зацягнуўся
У   выніку ўзбуйнення сельскагаспадарчых прадпрыемстваў склалася сітуацыя, калі ў гаспадарках стала некалькі машынных двароў. Такое становішча ўскладняла кантроль за выкарыстаннем і захаванасцю тэхнікі. Таму сёлета вырашана пачаць аптымізацыю машынных двароў, расказаў намеснік начальніка райсельгасхарчу па механізацыі А. Л. Мацюшчанка. Так, у “Шумілінскім райаграсэрвісе” замест чатырох застануцца толькі два мехдвары – у Пабедзе і ў Шуміліне. А ў Добрыне і Светласельскім будуць палявыя станы, дзе ў веснавы ці летні прыпар можна будзе часова паставіць тэхніку. Адзіны машынна-трактарны двор будзе ў “АграБаравінцы”  – у аграгарадку Башні, у “Прыазёрным міры” – у Амбросавічах.
Тыдзень таму мы пабывалі на машынным двары ў аграгарадку Амбросавічы.  Работы па ўладкаванні мехдвара тут пачаліся яшчэ ў канцы 90-х гадоў: былі пабудаваны арачнікі, узведзены будынак дыспетчарскай, але да ладу машынны двор так і не быў даведзены. Будынак дыспетчарскай не эксплуатаваўся, быў разрабаваны. Большасць тэхнікі стаяла ў майстэрнях у Войлавічах і Маркаве, а ў арачніках у Амбросавічах толькі зімой захоўвалася тэхніка. Механізатарам (яны ў большасці сваёй з а.-г. Амбросавічы) было нязручна дабірацца на аддаленыя машынныя двары.
“Цяпер у нас будзе адзіны машынны двор. Некалькі тыдняў таму пачалі наводзіць тут парадак, – расказаў галоўны інжынер ААТ “Прыазёрны мір” У. Ф. Карнілаў. – У бліжэйшы час мяркуем устанавіць уязныя вароты, якія зрабілі сваімі сіламі, абгарадзіць тэрыторыю машынна-трактарнага двара”.
Але з рамонтам у гаспадарцы не спяшаюцца. І старшыня райвыканкама А. І. Снараў крытыкаваў кіраўніцтва ААТ “Прыазёрны мір” за марудныя тэмпы ў рабоце.
Заходзім у дыспетчарскую, тут працуе рабочы Генадзь Лапо. “Нячыстыя на руку людзі напалову разабралі грубку, – расказаў мужчына. – Цяпер вось прыбіраю рэшту цаглін, каб пабудаваць печку нанова. А ўвогуле ў дыспетчарскай яшчэ работы многа: трэба ўцяпліць столь, абабіць сцены, адрамантаваць падлогу. Думаю, гэта зробім сіламі ўласнай будаўнічай брыгады”.
У пачатку сакавіка работы на машынным двары ў Амбросавічах актывізаваліся. У прыватнасці, трэцяга сакавіка ў дыспетчарскай былі ўжо новыя драўляныя дзверы, будаўнічая брыгада ўстаўляла аконныя рамы, якія зрабіла сталярная брыгада УП ЖКГ. У гаспадарцы напілавалі дошак для рамонту. Мясцовыя рабочыя пачалі насцілаць падлогу, у планах – уцяпліць сцены і дах.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №20 ад 11.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *