Обращение районного штаба по благоустройству к трудовым коллективам и населению района

Актуалии Общество

Зварот да працоўных калектываў і насельніцтва Шумілінскага раёна
Нічога не здатнае азмрочыць радасць адчування надыходзячай вясны. Разам з прыродай мы зноў адраджаемся да новага жыцця, новых здзяйсненняў. Так бывае толькі вясной. Усё сапраўды будзе добра, калі ёсць жаданне стварэння, аднаўлення, прагнасць да прыгожага, руплівасць і разуменне таго, што кожны з нас можа зрабіць так, што наша агульнае жыццё стане больш дасканалым і гарманічным. Для гэтага трэба, каб кожны зрабіў прыгожа і утульна вакол сябе – на рабоце і дома, ва ўласным двары і ў грамадскіх месцах.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2016 год абвешчаны ў нашай краіне Годам культуры – культуры ва ўсіх сферах дзейнасці, у тым ліку культуры вытворчасці і земляробства, культуры добраўпарадкавання населеных пунктаў.
19 сакавіка пройдзе першы ў гэтым годзе суботнік па добраўпарадкаванні. Кожную пятніцу ў раёне праходзяць санітарныя дні. Працоўным калектывам у гэтыя дні трэба навесці парадак пасля зімы на тэрыторыі прадпрыемстваў і арганізацый: ачысціць ад смецця прылеглыя і замацаваныя тэрыторыі, ад пясчана-саляной сумесі – тратуары і праезную частку. Трэба гаспадарскім вокам паглядзець навокал: дзе неабходна паправіць, адрамантаваць ці замяніць агароджу, правесці абрэзку пладовых і дэкаратыўных дрэў і кустоў, прыбраць кучы смецця, якія ўтварыліся за зіму. Неабходна навесці парадак на воінскіх і грамадзянскіх могілках, у зонах адпачынку, парках і скверах.    Работнікам сельскагаспадарчых арганізацый трэба прыбраць тэрыторыю вытворчых аб’ектаў – фермаў, мехдвароў, складоў, навесці парадак у аграгарадках і вёсках.
Жыхароў шматкватэрных дамоў просім далучыцца да навядзення парадку на дваровых тэрыторыях, на дзіцячых і спартыўных пляцоўках. Домаўладальнікам у прыватным сектары трэба прыбраць сядзібы і прылеглыя ўчасткі вуліц ад смецця, дроў і будаўнічых матэрыялаў.
Гэта тыя работы, якія патрабуюць неадкладнага выканання сёння і заўтра.
У красавіку будзе праводзіцца традыцыйны месячнік па добраўпарадкаванні. Трэба загадзя падрыхтавацца да яго. У добрага гаспадара ўжо расце расада кветак. Тым, хто спазніўся, яшчэ не позна пасеяць насенне, каб было чым упрыгожыць нашы населеныя пункты, аформіць кветнікі і клумбы. Варта паклапаціцца пра фарбу, вапну, інструменты і іншыя неабходныя матэрыялы для веснавых работ, калі прыйдзе цяпло.
Толькі так, агульнымі намаганнямі, усе разам мы зробім наша жыццё камфортным і гарманічным, а наш раён, нашы гарады і вёскі – чыстымі і прыгожымі!
Раённы штаб па добраўпарадкаванні.
Надрукавана ў №23 ад 18.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *