Лукашэнка наведаў СТАА «Камунарка»

Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 сакавіка наведаў СТАА «Камунарка». Кіраўніку дзяржавы далажылі аб тым, як выконваюцца яго даручэнні па развіцці прадпрыемства, аб рэалізацыі мерапрыемстваў па рэканструкцыі і мадэрнізацыі СТАА «Камунарка» і павышэнні канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі. Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці новых відаў прадукцыі на мадэрнізаваным абсталяванні, з вытворча-эканамічным і фінансавым станам прадпрыемства. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з працоўным калектывам прадпрыемства.

Прэзідэнт Беларусі: усюды павінны быць парадак і адказнасць

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што залогам паспяховай дзейнасці прадпрыемстваў і функцыянавання дзяржавы з’яўляюцца парадак і адказнасць. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у час сустрэчы з працоўным калектывам СААТ «Камунарка».

Звяртаючыся да работнікаў прадпрыемства, кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Вы больш спакойна рэагуйце, калі я вельмі жорстка падыходжу з усімі патрабаваннямі да асобных чыноўнікаў, бізнесменаў і працоўных калектываў». Як лічыць Прэзідэнт, «краіну лёгка выпусціць з рук, а потым усё гэта сабраць будзе або вельмі дорага, або немагчыма».

У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю ва Украіне. «Таму павінны быць перш за ўсё парадак і адказнасць», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Даручэнне Прэзідэнта па мадэрнізацыі «Камунаркі» ў асноўным выканана

Як адзначыў Прэзідэнт, 95 працэнтаў з намечанага па мадэрнізацыі ўжо зроблена, 5 працэнтаў яшчэ трэба будзе зрабіць.

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што быў перыяд, «калі прадпрыемства не проста губілі, яно фактычна не існавала, я ў гэтым перакананы». «Гэту мадэрнізацыю, якую цяпер ажыццявілі, ніводны прыватнік не праводзіў бы», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, у полі зроку дзяржавы і ў далейшым павінны заставацца прадпрыемствы, якія маюць стратэгічна важныя напрамкі — займаюцца вытворчасцю прадуктаў харчавання, што датычыцца і «Камунаркі».

Прэзідэнт лічыць важным, што менавіта дзякуючы пільнай увазе дзяржавы ўдалося захаваць «Камунарку» і «Спартак», прадукцыя якіх цяпер шырока вядома і за мяжой добрай якасцю, паколькі яна — з натуральнымі інгрэдыентамі. Гэта звязана з тым, што ў краіне ўдалося захаваць дзяржаўныя стандарты.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сітуацыі ў кандытарскай галіне, якая была пасля распаду Савецкага Саюза. У тыя гады з суседніх краін стала паступаць нямала прадуктаў, у тым ліку цукерак, вельмі сумніўнай якасці. «І тады маё рашэнне было — захаваць дзяржаўныя стандарты. Мы іх захавалі, таму цяпер беларускія прадукты харчавання — па-за канкурэнцыяй», — упэўнены Прэзідэнт.

Закранаючы ранейшую сітуацыю на «Камунарцы», Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: на жаль, некаторыя інвестары часам больш думаюць пра ўласную выгаду, а не пра інтарэсы працоўнага калектыву. Ён растлумачыў, што менавіта гэтым было матывавана яго папярэдняе рашэнне аб тым, каб выключыць з дзейнасці «Камунаркі» нядобрасумленнага інвестара.

Кіраўнік дзяржавы асабліва закрануў пытанне захавання рабочых месц на прадпрыемстве. Паколькі на «Камунарцы» ў асноўным працуе жаночы калектыў, то, безумоўна, рабочыя месцы тут абавязкова павінны быць захаваны.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што час цяпер няпросты, але разам з тым ён не крытычны і не катастрафічны, цяжкасці рана ці позна пройдуць.

«Трэба перастаць ныць і пачынаць працаваць. І трэба спыніць усялякую балбатню ва ўрадзе, што прыйдзе прыватнік і вырашыць усе пытанні. Цяпер жа трэба жыць і развівацца, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — Лішніх грошай сёння няма, таму іх трэба выкарыстоўваць рацыянальна, па-гаспадарску». Ён таксама адзначыў: «Трэба мець на ўвазе — сітуацыя ўсюды рэзка змянілася. Нашы партнёры ў Расіі яшчэ ў горшай сітуацыі, чым мы, і дзякуй ім, што яны нам па вялікім рахунку дапамагаюць».

Прэзідэнт пазітыўна ацаніў змяненні, што адбыліся на «Камунарцы», праведзеную мадэрнізацыю, што дало магчымасць нарасціць аб’ёмы і якасць выпускаемай прадукцыі. Разам з тым яшчэ ёсць пэўныя праблемы, якія трэба будзе вырашаць. Кіраўнік дзяржавы асаблівую ўвагу звярнуў на недапушчэнне пратэрмінаваных запазычанасцей і своечасовую плату за прадукцыю.

Лукашэнка: беларускія вытворцы павінны больш актыўна пашыраць спектр выпускаемай прадукцыі

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што айчынныя вытворцы павінны вучыцца ў замежных калег, пераймаць іх вопыт.

У час наведвання Аляксандрам Лукашэнкам «Камунаркі» быў прадстаўлены новы від горкага 75-працэнтнага шакаладу. Пакуль гэтай прадукцыі няма ў продажы, яна дапрацоўваецца.

Як праінфармавалі Прэзідэнта, дзякуючы праведзенай мадэрнізацыі на прадпрыемстве істотна павялічылі выпуск прадукцыі, а таксама пашырылі яе асартымент.

Лукашэнка: трэба больш актыўна асвойваць новыя рынкі збыту

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб выкананні яго даручэнняў па развіцці прадпрыемства, аб вытворча-эканамічнай і фінансавай сітуацыі, перспектывах развіцця. Размова таксама ішла аб рэалізацыі мерапрыемстваў па мадэрнізацыі «Камунаркі» і павышэнні канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі. Прэзідэнт наведаў цэхі прадпрыемства, азнаёміўся з вытворчасцю новых відаў кандытарскіх вырабаў на мадэрнізаваным абсталяванні, з выстаўкай выпускаемай прадукцыі.

Як растлумачыў генеральны дырэктар СААТ «Камунарка» Іван Данчанка, на прадпрыемстве арганізавана прамая сістэма закупак, яно ў поўным аб’ёме забяспечваецца сыравінай. На абноўленай кандытарскай фабрыцы ўстаноўлены новыя тэхналагічныя лініі, зроблены новы шакаладны цэх, мадэрнізаваны кандытарскі. Акрамя таго, праведзена неабходная замена камунікацый.

Цяпер асаблівая ўвага на прадпрыемстве ўдзяляецца пашырэнню сеткі фірменных магазінаў, а таксама павелічэнню кантрактаў з замежнымі спажыўцамі. Беларуская салодкая прадукцыя пастаўляецца ў 17 краін, у ліку якіх асноўнае месца займае Расія. Разам з захаваннем традыцыйных рынкаў з’яўляюцца і новыя, напрыклад, Кітай.

Прэзідэнт падкрэсліў, што разам з павелічэннем асартыменту не павінна пагаршацца якасць. Кіраўніцтва прадпрыемства запэўніла: гэтаму пытанню ўдзяляецца асаблівая ўвага.

Па выніках першага квартала на «Камунарцы» выконваюцца ўсе асноўныя паказчыкі, расце аб’ём выручкі і продажаў на знешніх рынках, зніжаюцца запасы гатовай прадукцыі. Такім чынам, дзякуючы ўвазе дзяржавы прадпрыемства са стратнага ператвараецца ў прыбытковае.

У ходзе наведвання Прэзідэнта асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням гандлю і лагістыкі. Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся з працоўным калектывам і адказаў на іх пытанні, якія датычацца далейшага развіцця прадпрыемства, маючай адбыцца пенсійнай рэформы і змяненняў у аплаце жыллёва-камунальных паслуг.

Лукашэнка аб тарыфах ЖКГ: зробім так, як будзе лепш для людзей

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што пытанне з тарыфамі на жыллёва-камунальныя паслугі будзе вырашацца на карысць людзей.

«Мы зробім так, як будзе лепш для людзей. Гэта я вам цвёрда абяцаю! Калі будзе немагчыма, я вам скажу аб гэтым і разлажу ўсе гэтыя лічбы, паказчыкі. Усё роўна я буду на вашым баку», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што пасля пераліку Камітэтам дзяржаўнага кантролю кошту жыллёва-камунальных паслуг высветлілася, што насельніцтва кампенсуе расходы не на 30 працэнтаў, а на 40,2 працэнта.

«За кошт зніжэння сабекошту паслуг ЖКГ мы да канца года будзем кампенсаваць 50 працэнтаў кошту паслуг. Гэта значыць не за кошт павелічэння тарыфаў, а за кошт камунальшчыкаў. Яны там скароцяць сабекошт, затраты, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Пакуль на гэтым спыніліся. У бліжэйшы час я падпішу ўказ, хоць вусна я ўжо аддаў распараджэнне».

«Формула простая: за ўсё трэба плаціць. Калі вы не плаціце поўную суму, значыць, за гэты кавалак нехта за вас павінен заплаціць», — канстатаваў Прэзідэнт.

«А другую палавіну дзе возьмем? Другую палавіну пакуль мы будзем датаваць з бюджэту тым, хто вам будзе аказваць паслугі: энергетыкам — за электраэнергію, водаканалу — за падачу вады, за газ, вываз смецця і гэтак далей, — сказаў Прэзідэнт. — У нас сацыяльна арыентаваная дзяржава, такі мы курс узялі 20 гадоў таму».

«Мы хацелі б, каб да канца года было 50 працэнтаў, у наступным годзе — 75 працэнтаў, яшчэ праз два гады — 100 працэнтаў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Давайце пакуль 2018 год пакінем, дажывём да яго, а там паглядзім, колькі вы будзеце плаціць. Пакуль будзе той узровень тарыфаў, які вы цяпер маеце. Мы крыху падчысцілі, што вам залішне напісалі ў жыроўках».

Прэзідэнт адзначыў, што рашэнне па тарыфах на наступны год будзе прымацца зыходзячы з работы эканомікі. «Можа, мы не на 25 працэнтаў зможам павысіць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, а толькі на 2 працэнты, а можа, наогул нічога. Таму пажывём — пабачым», — сказаў ён. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што людзі часта неберажліва ставяцца да рэсурсаў. «Эканоміць людзі пачнуць толькі тады, калі гэта будзе каштаваць чагосьці. Але пакуль мы дамовіліся, колькі гэта будзе каштаваць», — дадаў Прэзідэнт.

Лукашэнка: у Беларусі будзе мадэрнізавацца сістэма аказання паслуг ЖКГ

«Мы будзем удасканальваць гэты працэс», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што першыя крокі пачалі ўжо рабіць у Мінску, увёўшы ў якасці эксперымента ў некаторых раёнах паслугі так званых хаус-майстроў. «І людзі задаволены. Вядома, гэтыя майстры павінны яшчэ таксама дарасці да хаус-майстроў. Але я думаю, што яны вельмі хутка зразумеюць, што гэта выгадна. Бо калі ён дрэнна зрабіў, то заўтра яго зноў выклічуць. А гэта ўжо дрэнна для яго. Таму будзе старацца рабіць так, каб не хадзіць па 10 разоў», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў краіне будзе мадэрнізавацца гэта сістэма, зыходзячы з сусветнага вопыту.

Лукашэнка: я прыхільнік паэтапнага павышэння пенсійнага ўзросту на 3 гады

«Я схіляюся да таго, што мы павінны ісці паступова і акуратна, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Я прыхільнік таго, каб пенсійны ўзрост павысіць на 3 гады, кожны год па палавінцы. І так мы спакойна, за шэсць-сем гадоў зможам прайсці гэтыя тры гады».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што выхад на пенсію з 55 і 60 гадоў застаўся толькі ў Беларусі і Расіі. «Не трэба думаць, што калі перадпенсійны ўзрост — выкінуць на вуліцу. Калі не працуеш, цябе і ў неперадпенсійным узросце звольняць. Цяпер трэба выкладвацца, — адзначыў Прэзідэнт. — Але калі пенсіянер можа працаваць, добры спецыяліст і яшчэ можа падрыхтаваць сабе замену, то яму наогул трэба даплачваць, як настаўніку, таму што падрыхтаваць спецыяліста — гэта вялікія грошы».

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму ў краіне вымушаны пайсці на такі крок. «Зарплата ў людзей невысокая і не расце па краіне. А пенсійны фонд фарміруецца з зарплаты. Калі не расце зарплата, а цэны ўсё ж такі рухаюцца, такім чынам, няхай на паўпрацэнта, на працэнт жыццёвы ўзровень падае, — сказаў Прэзідэнт. — Паўстае пытанне: што рабіць? Змяншаць пенсіі? На гэта мы пайсці не можам. Нельга крыўдзіць людзей».

«Для мяне як бацькі важна тое, каб мы на сваіх дзяцей гэтыя праблемы не перакладвалі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што не бачыць вялікіх праблем і ў плане рабочых месц.

«Створым мы рабочыя месцы і ствараем. Трэба напружыць тых кіраўнікоў, якія павінны стварыць рабочыя месцы, і самім ствараць малыя, сярэднія, буйныя прадпрыемствы, каб былі новыя месцы. Мы і гэты шлях задзейнічаем», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама структуру самой пенсійнай сістэмы ў Беларусі. Прэзідэнт расказаў, што ў свой час яму прапаноўвалі змяніць існуючую ў краіне пенсійную сістэму на накапляльную. Аднак ён не падтрымаў гэту ініцыятыву, пры гэтым дазволіўшы яе на добраахвотнай аснове. «Можа, калі-небудзь наша грамадства прыйдзе да таго, каб разбурыць гэту сістэму і пакінуць толькі накапляльную», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: у Беларусі будуць ствараць рабочыя месцы для спецыялістаў заўтрашняга дня

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі будуць «ствараць рабочыя месцы для добрых спецыялістаў — спецыялістаў заўтрашняга дня, і да гэтага трэба рыхтаваць нашых дзяцей». Цяпер для таго, каб быць канкурэнтаздольным на рынку працы, чалавеку трэба пастаянна ўдасканальваць веды і ўменні, расці ў прафесійным плане, упэўнены Прэзідэнт.

Пры гэтым у Беларусі, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, не дадуць у крыўду людзей, у якіх ужо 20-30-гадовы стаж за плячамі. Такія спецыялісты спакойна дапрацуюць да пенсіі і змогуць працаваць далей. «Але пастаянна будзе гэта канкурэнцыя рабочай сілы. Так усюды», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Развіваючы тэму сучасных рабочых месц, кіраўнік дзяржавы сказаў, што стварэннем супервытворчасцей Беларусь забяспечвае сваёй прадукцыі канкурэнтаздольнасць на рынку. «Калі мы яе не будзем ствараць і мадэрнізавацца, нам заўтра на рынку рабіць будзе няма чаго, мы нічога не прададзім», — дадаў ён. Што датычыцца «Камунаркі», то на гэтым прадпрыемстве ёсць усе рэсурсы — і матэрыяльныя, і кадравыя — для таго, каб вырабляць і паспяхова рэалізоўваць свой тавар, адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў Беларусі ніхто не застанецца без работы, і звярнуў увагу, што па яго даручэнні ў гэтым годзе будзе створана 50 тыс. рабочых месц.

У Беларусі захаваецца кантроль за цэнаўтварэннем — Лукашэнка

Паводле слоў Прэзідэнта, у I квартале ў сярэднім па краіне ўжо ёсць больш за 4 працэнты росту цэн, вялікую ўдзельную вагу ў гэтым складаюць жыллёва-камунальныя паслугі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго больш за ўсё непакоіць рост цэн у сферы гандлю. Дзяржава будзе прымаць строгія меры ў выпадку, калі выявіць неабгрунтаванае завышэнне цэн. «Калі мы будзем бачыць, а гэта вельмі проста, мы будзем прымаць строгія меры, як гэта рабілі нядаўна, калі ўсе пачалі паціраць рукі перад Новым годам, асобныя — перад 8 Сакавіка, маўляў, людзі купляюць усё — давай павысім цэны», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ў асноўным такімі метадамі займаюцца прыватнікі. «А калі яго закрыеш на тыдзень, дык ён страчвае ў тысячу разоў больш, чым атрымаў за кошт цэн. Тады яны спыніліся. Зразумелі, што дзяржава з імі жартаваць не будзе», — сказаў Прэзідэнт.

Што датычыцца астатняй прадукцыі, то Прэзідэнт заўважыў, што нават без рэгулявання на яе цэн вытворцы і прадаўцы, арыентуючыся на пакупніцкі попыт, самі зніжаюць цэны.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў краіне створана моцная сістэма кантролю за цэнаўтварэннем, існуе антыманапольнае заканадаўства.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *