Профсоюзный лидер работников культуры Елена Синицкая делает ставку на солидарность, справедливость и коллективную ответственность

Культура Общество

“Мы заўсёды ідзём насустрач людзям”
Раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў культуры – адна са шматлікіх на Шуміліншчыне. У яе ўваходзяць пяць арганізацый: арганізацыя аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, дзіцячай школы мастацтваў, раённага цэнтра культуры, цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, а таксама прафсаюзная група калектыву рэдакцыі «Герой працы».
“Наша прафсаюзная арганізацыя налічвае 220 чалавек, – расказала А. М. Сініцкая, якая вось ужо восьмы год узначальвае раённую арганізацыю прафсаюза работнікаў культуры.  –  98,2% усіх работнікаў – гэта члены прафсаюза. Салідарнасць, справядлівасць, калектыўная адказнасць, дэмакратычныя погляды – вось той фундамент, на якім трымаецца прафсаюзная работа. Члены нашага прафкама – гэта энергічныя, адказныя людзі, якія заўсёды стаяць на варце інтарэсаў працоўнага чалавека”.
Работу прафсаюзнага лідара высока ацаніў Віцебскі абласны камітэт прафсаюза работнікаў культуры: прозвішча Алены Сініцкай у мінулым годзе было занесена на Дошку гонару абкама прафсаюза.
Як расказаў старшыня Шумілінскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў В. В. Юхнавец, асновай эфектыўнай работы райкама прафсаюза работнікаў культуры было і застаецца сацыяльнае партнёрства  з адміністрацыяй. Так, разам з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Ф. Мацвейчуком вырашаюць пытанні вытворчасці, аховы і рэжыму працы, абмяркоўваюць турыстычныя паездкі і ўдзел у розных спаборніцтвах. Такая сумесная работа заўсёды эфектыўная і плённая, заўважыў Васіль Васільевіч. І яна была адзначана на рэспубліканскім узроўні: у мінулым годзе за шматгадовае плённае супрацоўніцтва з галіновым прафсаюзам Алег Фёдаравіч быў узнагароджаны Ганаровым знакам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.
Прафсаюз работнікаў культуры ўдзяляе пільную ўвагу пытанням аховы працы. Так, у мінулым годзе ў кожнай пярвічцы былі выбраны грамадскія інспектары па ахове працы, праведзена іх вучоба. Інспектары разглядаюць звароты, якія паступаюць да іх ад членаў прафсаюза, сочаць за выкананнем умоў калектыўных дагавораў, ажыццяўляюць кантроль за бяспекай працы.
Адна з важнейшых задач у рабоце прафсаюза – арганізацыя адпачынку работнікаў. Па традыцыі ў пярвічках праходзяць мерапрыемствы да прафесійных святаў. У мінулым годзе арганізацыя прафсаюзаў работнікаў культуры стала ініцыятарам экскурсіі ў Мінск. “За добрую работу мы кожны год узнагароджваем людзей білетамі на канцэрт ці ў тэатр, – расказала Алена Міхайлаўна. – Здаецца, дробязь, а людзям вельмі прыемна. Так, летась лепшым работнікам культуры ўручылі білеты на канцэрт “Нам не жыць адзін без аднаго”, які праходзіў у рамках фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Дарэчы, у студзені гэтага года пярвічкі дзіцячай школы мастацтваў і раённага цэнтра культуры прынялі актыўны ўдзел у раённым этапе прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі-2016”, дзе сямейны ансамбль Скорынавых атрымаў прызавое месца.
У мінулым годзе на рахунак райкама прафсаюза работнікаў культуры паступіла больш за 67 мільёнаў рублёў, падлічыла А. М. Сініцкая. Гэтыя грошы пайшлі на аздараўленне дзяцей, культурныя мерапрыемствы, фізкультурна-спартыўную работу, матэрыяльную дапамогу. “Мы заўсёды ідзём насустрач людзям, – кажа Алена Міхайлаўна. – Падтрымліваем, калі ў чалавека здараецца бяда, аказваем матэрыяльную дапамогу ў сувязі з уступленнем у шлюб, нараджэннем дзяцей, з нагоды юбілейных дат. Пяты год запар мы праводзім дабрачынную акцыю “Збяром школьны партфель”, аказваем матэрыяльную дапамогу мнагадзетным і малазабяспечаным сем’ям. Прафсаюз займаецца і дабрачыннасцю: кожны год пералічваем сродкі на рахунак дзіцячага дома ва Ушачах”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

На здымку: старшыня прафсаюзнай арганізацыі дзіцячай школы мастацтваў А. А. Новікава са старшынёй РК прафсаюза работнікаў культуры А. М. Сініцкай.
Надрукавана ў №23 ад 22.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *