Анна Алексеевна Старовойтова рассказала, как в бою подавала снаряды

Актуалии

“У  баі  падавала  снарады  мінамётчыку”
У вёсцы Заобаль Мішневіцкага сельсавета жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Ганна Аляксееўна Старавойтава.  Да жанчыны часта наведваюцца школьнікі. “Дзякуючы вучням Мішневіцкай школы, адчуваю сапраўдны клопат і падтрымку, – расказала жанчына. – Дзеці і ў хаце прыбяруць, і на падворку падмятуць. А зімой расчышчалі снег ля майго дома. За ўсё гэта вялікі дзякуй”.
Успаміны пра вайну для Ганны Аляксееўны – не з самых прыемных. Тым не менш, жанчына і сёння да драбязы памятае гады ваеннага ліхалецця. Яе бацька Аляксей Іванавіч Іваноў пайшоў у партызанскі атрад брыгады імя Кароткіна. І ў доме Івановых часта можна было застаць партызан. “Мая мама, Алена Пятроўна, карміла партызан, пякла для іх хлеб, – згадвае Г. А. Старавойтава. – Мне ў гэты час давалі заданне: сачыць, каб не з’явіліся немцы. У свае няпоўныя пятнаццаць гадоў я адчувала вялікую адказнасць за такое даручэнне і ўважліва патрулявала па вуліцы. У канцы 1942 года, калі варожыя самалёты пачалі бамбіць партызанскія атрады, ім прыйшлося адыходзіць ў Расонскі раён. На той час я была разам з бацькам. Мяне, як і іншых падлеткаў, якія былі ў атрадзе, замацавалі за мінамётчыкам. У час бою я падавала яму снарады. Вельмі запомніліся баі ля вёскі Белае Полацкага раёна і вёскі Асвея Верхнядзвінскага раёна, дзе былі разгромлены варожыя гарнізоны. Менавіта за гэтыя баі мяне разам з іншымі партызанамі ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны”.
Ганна Іванова разам з іншымі партызанамі вырвалася з акружэння, потым апынулася за лініяй фронту. “Калі прыйшлі да сваіх, нейкі камандзір, агледзеўшы самых маладых, сказаў строга: ”Непаўналетніх на фронт не возьмем. Адпраўляйцеся ў Віцебск, і – па дамах”, – успамінае Г. А. Старавойтава . – Так я разам з чатырма дзяўчатамі і двума хлопцамі апынулася ў вёсцы Рыбчына, што за Мішневічамі. Вяскоўцы расказалі, што ў Мішневічы ісці нельга – там немцы, і я прыпынілася ў стрыечнай цёткі. Усё думала пра свайго бацьку, якія трапіў у акружэнне. І калі наш зямляк Іван Іваноў вярнуўся паранены дадому, першым маім пытанне было: “Дзе татка?”. Мужчына сказаў страшнае: “Загінуў”. Пасля гэтага я доўга плакала”.
Але якой жа радасцю для Ганны была вестка, што бацька застаўся жывы. Праўда, яму пасля цяжкога ранення прыйшлося доўга лячыцца. Але самае галоўнае, што ён вярнуўся дадому жывым. Маці Ганны Аляксееўны і дзве сястры, якія знаходзіліся ў палоне ў Полацку, таксама вярнуліся дадому. Сям’я не магла нарадавацца, што зноў сабраліся ўсе разам.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны Г. А. Старавойтава працавала рахункаводам у калгасе “Новы быт”, які быў у Заобалі. Жанчына памятае цяжкія дні аднаўлення народнай гаспадаркі, калі насілі на плячах насенне зерневых і бульбу з Шуміліна да Заобалі. “Вельмі цяжка было пасля вайны, – кажа жанчына. – Цягалі на сабе плуг, уручную рэзалі лес і цягалі бярвенні, касілі, бралі лён”.
Жыхары вёскі Заобаль  расказалі нам пра Ганну Аляксееўну як пра добрага душэўнага чалавека, цудоўную жанчыну і маці, якая нарадзіла і выхавала чатыры дачкі і аднаго сына.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №23 ад 22.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *