На сессии районного совета депутатов подвели итоги 2013 года, наметили планы на 2014.

Актуалии Президент Экономика

2013 год падводзіць вынікі
Вынікам работы народнагаспадарчага комплексу раёна ў 2013 годзе і задачам на 2014 год было прысвечана сумеснае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта і прэзідыўма раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло 23 снежня. Гэтыя ж пытанні былі ў цэнтры ўвагі чарговай 39-й сесіі раённага Савета дэпутатаў, што адбылася 24 снежня.
Старшыня райвыканкама У. П. Куранны, выступаючы на сесіі са справаздачай аб выкананні асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2013 годзе, спыніўся найперш на станоўчых тэндэнцыях развіцця. Уладзімір Пятровіч, у прыватнасці, адзначыў, што ў раёне захавана вытворчая і сацыяльная інфраструктура, стабільная сітуацыя на рынку працы, удвая скарацілася сальда міграцыі, палепшылася дэмаграфічная сітуацыя.
Дакладчык паведаміў, што за 10 месяцаў арганізацыі раёна зарабілі звыш 489 мільярдаў рублёў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі (на 14% вышэй мінулагодняга). Але тое, што тэмп росту сабекошту апераджае тэмп росту выручкі на сем працэнтных пунктаў, сведчыць аб недастатковай рабоце па зніжэнні затрат. Гэтая акалічнасць не дазваляе весці гаворку пра рост рэнтабельнасці продажу. У цэлым па народнагаспадарчым комплексе рэнтабельнасць скарацілася з 2,7% да 0,1%. Са стратамі спрацавалі Обальскі керамічны завод, Шумілінскі льнозавод, КУСГП “Мішневічы”, райспажыўтаварыства, УП “Обальбуд”. Высокай застаецца доля пратэрмінаванай запазычанасці: дэбіторскай – 25,7%, крэдыторскай – 38,8%.
У. П. Куранны адзначыў дастаткова высокія параметры вытворчасці прамысловай прадукцыі – індэкс фізічнага аб’ёму склаў 114,6% (сярэднеабласны – 100%), гэта другое месца ў вобласці. Тым не менш, устаноўленыя заданні прамысловы комплекс раёна не выканаў. У сувязі з гэтым старшыня райвыканкама акрэсліў задачы па мадэрнізацыі вытворчасці, выпуску інавацыйнай прадукцыі, скарачэнні сабекошту прадукцыі.
Гэтыя ж задачы стаяць і перад аграпрамысловым комплексам раёна. Вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі за студзень-лістапад 2013 года склала 93,6% да ўзроўню мінулага года, адзначыў дакладчык. Акрамя СФГ “Раднік” і ААТ “Прыазёрны мір”, усе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы знізілі вытворчасць валавой прадукцыі.
Не выйдзе на запланаваныя паказчыкі і будаўнічая галіна раёна. Па папярэдніх выніках за год будзе ўведзена ў эксплуатацыю 5000 квадратных метраў жылля ці 80,6% да задання.
Узровень сярэдняй заработнай платы за студзень-кастрычнік бягучага года склаў па раёне 3523,6 тысячы рублёў.
У дакладзе прагучала таксама, што на развіццё эканомікі раёна ў студзені-лістападзе бягучага года выкарыстана 160 мільярдаў рублёў інвестыцый, аб’ём прамых замежных інвестыцый склаў 676 тысяч долараў ЗША.
Асаблівую ўвагу У. П. Куранны звярнуў на неабходнасць развіваць сыравінную базу, ствараць новыя вытворчасці, падтрымліваць дзелавую ініцыятыву.
Станоўчыя вынікі мае раён па знешнеэканамічнай дзейнасці. Як адзначыў старшыня райвыканкама, станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі ў студзені-кастрычніку склала звыш 3000 долараў ЗША (пры гадавым заданні 2000). Тавары з маркай шумілінскіх вытворцаў пастаўляюцца ў Расійскую Федэрацыю, Кыргызстан, Германію, Канаду, Украіну, Кітай.
Вялікую ўвагу ў сваім выступленні кіраўнік раёна ўдзяліў развіццю сацыяльнай сферы раёна.
Даклад старшыні райвыканкама дапоўніла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнка. Алена Савельеўна адзначыла, што за сту-дзень-лістапад 2013 года ва ўсе ўзроўні бюджэтаў паступіла 113447 мільёнаў рублёў, у тым ліку ў рэспубліканскі – 46198 мільёнаў, у абласны – 644,1 мільёна, у бюджэт раёна – 66605 мільёнаў (92,1% да гадавых удакладненых планавых назначэнняў). У структуры даходаў бюджэту раёна найбольшую ўдзельную вагу займаюць падаходны падатак (43,8%), падатак на дабаўленую вартасць (24%), падаткі на ўласнасць (11,4%). За кошт уласных даходаў прафінансавана 38,2% усіх расходаў, за кошт датацыі – 55,7%, за кошт іншых міжбюджэтных трансфертаў – 6,1%. 70,9% бюджэту раёна накіравана на сацыяльныя патрэбы.
Сваю сацыяльную накіраванасць бюджэт захавае і ў 2014 годзе, запэўніла А. С. Сідарэнка.
Перад удзельнікамі сесіі выступіла таксама старшыня пастаяннай камісіі раённага Савета дэпутатаў па бюджэту і эканамічнаму развіццю Н. М. Шышко.
У абмеркаванні дакладаў прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама дэпутат райсавета А. П. Быкаў, выканаўчы дырэктар СФГ “Раднік” дэпутат райсавета А. В. Лагуноў, намеснік галоўнага ўрача раёна дэпутат райсавета Т. М. Цімошчанка, дырэктар Обальскага керамічнага завода П. І. Манак, старшыня Дабейскага сельвыканкама дэпутат райсавета І. І. Шалахава.
На сесіі выступіла начальнік галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Т. І. Лапіцкая, якая прыняла ўдзел у рабоце мерапрыемства. Тамара Іванаўна спынілася на завяршэнні фінансавага года вобласцю, адзначыла, што, нягледзячы на пэўную напружанасць, год завяршаецца без ускладненняў.
Дэпутаты раённага Савета зацвердзілі раённы бюджэт на 2014 год, прынялі іншыя рашэнні.
Работу сесіі вяла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў 3101 ад 28.12.2013.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *