Молоко и водка как две стороны одной медали в КУСХП «Мишневичи»

Актуалии Экономика

Два бакі аднаго медаля
Па выніках работы за мінулы год у КУСГП “Мішневічы” надой на карову склаў 3269 кілаграмаў. Менш надаілі толькі ў “Ульскім” і “Сіроцінскім”. І зараз “Мішневічы” больш за ўсіх у раёне мінусуюць у параўнанні з папярэднім годам: мінус 436 кілаграмаў на кожную карову.
Чаму гаспадарка аказалася ў аўтсайдарах, чаму такія дрэнныя вынікі работы жывёлаводаў? Пракаменціраваць сітуацыю мы папрасілі спецыялістаў гаспадаркі і райсельгасхарчу.
“Адна з прычын – дрэнная паша, – апраўдваецца дырэктар КУСГП “Мішневічы” Міхаіл Цікавенка. – Плошчы пад зерневыя павялічылі, адвялі лепшыя землі. А жывёлу выпасалі на нізкіх пашах, дзе і трава сёлета была не ахці якая. Акрамя гэтага, жывёле не давалі канцэнтраты і шрот – іх не было за што купіць”.
Галоўны заатэхнік гаспадаркі Марыя Станіславаўна Барысава лічыць вялікай недапрацоўкай тое, што летась недаатрымалі 18 галоў прыплоду. Графікі расцёлаў былі змешчаны: у канцы года нарадзілася мала цялят, затое ў сту-дзені гэтага года чакаецца каля шасці-дзесяці.
Іншую прычыну мінусавых вынікаў у галіне жывёлагадоўлі “Мішневіч” бачыць галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Р. У. Валадзько. “Не трэба скідваць з рахункаў і недапрацоўкі галоўных спецыялістаў, – гаворыць Руслан Уладзіміравіч. – Доўгі час у гаспадарцы не было галоўнага ветурача і заатэхніка. Практычна ўся селекцыйная работа была пушчана на самацёк. Таму патрабуецца добры догляд, час і якасныя кармы, каб каровы зноў набралі сілу і надоі пайшлі ўверх”.
Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што нейкія крокі да гэтага зараз робяцца, ну хаця б тое, што гаспадарка закупіла канцэнтраты. І сёння ў “Мішневічах” дояць ужо 7,4 літра на карову, што амаль на 20% больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. І кармоў у гаспадарцы хапае.
“Летась нарыхтавалі 34,4 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, – расказала галоўны эканаміст гаспадаркі Наталля Слука. – У 2010 годзе было 26,4 цэнтнера. Летась значна павялічылі кукурузныя палеткі. І сіласу нарыхтавалі каля дзевяці тысяч тон – амаль у тры разы больш, чым за папярэдні год. Думаецца, да канца гэтага года ў нас будуць лепшыя паказчыкі па надоях, павялічыцца і заробак”.
Дарэчы, зараз сярэдняя зарплата мішневіцкіх жывёлаводаў складае 1,1 мільёна рублёў. У той жа час на комплексе ў “АграБаравінцы” – каля двух мільёнаў.
Што датычыцца якасці, то летась больш за 70% малака “Мішневічы” здалі гатункам экстра-клас. Трэба адзначыць, што ў 2010 годзе такога гатунка ў гаспадарцы ўвогуле не было. А вось таварнасць малака тут усяго 76,5% (па раёне 81,9%). Спецыялісты тлумачаць, што многа малака ідзе на кармленне цялятам.
Малако – прадукт рэнтабельны. І пры граматным падыходзе дае добрыя прыбыткі. Нават у “Мішневічах” пераканаліся, што малако можа быць рэнтабельным.
“Сабекошт аднаго літра малака склаў 1180 рублёў, а сярэдні кошт рэалізацыі – 1464 рублі за кілаграм, – расказала Наталля Міхайлаўна. – Атрымалася каля 20% рэнтабельнасці”.
У “АграБаравінцы” рэнтабельнасць малака за мінулы год склала каля 35%. Тут за мінулы год надаілі на карову 4322 кілаграмы (плюс 329 кілаграмаў да папярэдняга года). Гэта вынік (хаця, для гэтай гаспадаркі і сціплы) зладжанай работы спецыялістаў ветэрынарнай і заатэхнічнай службы, дае аддачу і новае даільнае абсталяванне на жывёлагадоўчым комплексе, якасныя кармы і адказнасць даярак.
А вось ў тых жа “Мішневічах” пасля выплаты заробку, бывае, няма каму даіць кароў. Як шчыра прызнаўся М. Г. Цікавенка, замяніў бы з паўдзясятка даярак больш надзейнымі. Але пакуль няма такіх…
І яшчэ адзін бок медаля. Мішневічы стабільна лідзіруць па продажы спіртнога. Па падліках в. а. загадчыцы прадуктовага магазіна Н. У. Зімянінай, за месяц тут прадаецца амаль пяць тысяч бутэлек віна і больш за 800 бутэлек гарэлкі. Калі ўлічыць, што на тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета пражывае крыху больш як 1200 чалавек, то кожны з іх (улічваючы нованароджаных і састарэлых) выпівае за месяц амаль па пяць бутэлек спіртнога.
Ад п’янкі церпіць работа, пакутуюць дзеці. Як нам расказала сацыяльны педагог Мішневіцкай школы Р. М. Вікулава, у Мішневічах, у сацыяльна-небяспечным становішчы знаходзяцца 9 сем’яў, у якіх выхоўваюцца 15 непаўналетніх дзяцей. Практычна ўсе бацькі працуюць у мясцовай гаспадарцы.
Як нам паведамілі ў РАУС, за мінулы год на тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета восем чалавек былі затрыманы п’янымі на рабочых месцах. Аднаго мужчыну адправілі на лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый, ёсць і яшчэ кандыдаты…
Дарэчы, ад атручвання этылавым спіртам на тэрыторыі раёна летась памерлі 13 чалавек. А ў Мішневічах два нецвярозыя мужчыны патанулі, адзін памёр ад перадазіроўкі спіртнога.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №4 ад 12.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *