Прыпынак – Башні

Актуалии Сельское хозяйство

На маляўнічым беразе Будавесці
У адрозненне ад іншых вёсак і нават аграгарадкоў Башням пакуль удаецца захоўваць усю неабходную інфраструктуру. Гандлёвае, паштовае, транспартнае абслугоўванне, дзіцячы садок, сярэдняя школа, ФАП, бібліятэка, клуб, магчымасць атрымліваць бытавыя паслугі – сапраўды, умовы для камфортнага паўнавартаснага жыцця ў вяскоўцаў ёсць. Праўда, якраз за дзень да нашага прыезду тут закрылася аддзяленне Беларусбанка, што, вядома, не парадавала людзей.
Башні надзвычай прывабныя і для гараджан, якія не супраць адпачыць на маляўнічым беразе возера Будавесць (на гэта, дарэчы, працуюць і дзве аграсядзібы), пабудаваць тут дачны дом. Усяго ў Башнях жыве 406 чалавек, але моладзь, якая пастаянна прыбывае на працу ў “АграБаравінку”, на жаль, не затрымліваецца надоўга. Не дапамагае і той факт, што кватэрнае пытанне ў Башнях перад маладымі спецыялістамі не стаіць. Багатая інфраструктура, асаблівая маляўнічасць ландшафту робяць аграгарадок прывабным для жыцця, а калі ўмацуецца эканамічная стабільнасць ААТ “АграБаравінка” – прадпрыемства, дзе працуе большасць башнёўцаў – то, думаецца, што жадаючых тут пасяліцца будзе больш.

На пошце шматлюдна
На пошце ў Башнях апошнім часам кожны дзень чэргі. Вяскоўцы прыходзяць заплаціць за камунальныя паслугі, крэдыты, за страхоўку асабістых аўто. Іншыя кладуць грошы на мабільныя тэлефоны, атрымліваюць ці адпраўляюць пасылкі, выпісваюць газеты. Вяскоўцы расказалі, што нядаўна ў Башнях закрылі філіял “Беларусбанка”, і цяпер паштовае аддзяленне сувязі – адзіны пункт для аплаты розных паслуг. Вось затое і чаргі.
Начальнік аддзялення сувязі а.-г. Башні Галіна Рэнікаўна Балашкова лічыць: чым больш наведвальнікаў, тым большы даход. Прыйшоў чалавек за электраэнергію плаціць, а заадно і газету выпіша, і пральнага парашку купіць ці яшчэ якіх тавараў. А іх на пошце багата: і макарона, і мука, і вёдры з тазікамі, і трыкатаж. “Працуем і па заказе, – кажа Галіна Рэнікаўна. – Прывозім гумавыя боты, галёшы, ватныя коўдры, пасцельную бялізну, фарбы для валасоў, рабочыя рукавіцы, спанбонд, насенне гародніны і шмат чаго іншага”.

У вёсцы жыць можна
Сям’я Таццяны і Аляксея Сідаравых  – адна з самых маладых у Башнях.  Будучыя муж і жонка пазнаёміліся ў Віцебску, некаторы час жылі і працавалі ў горадзе. Але здымаць жыллё, вядома, было накладна. Таму вырашылі вярнуцца на радзіму мужа, дзе ад маці ў спадчыну засталася кватэра з усімі зручнасцямі. Там зрабілі добры рамонт, купілі неабходную мэблю. Маладая сям’я распрацавала агарод, дзе кожны год вырошчвае гародніну.  Адразу пры прыездзе ў Башні маладая сям’я завяла свіней і курэй. Праўда, зараз няма жыўнасці, бо з ёй цяжкавата спраўляцца: Аляксей рана выязджае ў вытворчы цэх ААТ “Малако”, дзе працуе вадзіцелем. Ну, а Таццяна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Даглядаць Сонечку, якой усяго адзін годзік, дапамагае старэйшая дачка Ксенія (ёй сем гадоў).
У бліжэйшых планах Таццяны – атрымаць вышэйшую адукацыю (вучыцца на чацвёртым курсе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта). Ну, а калі падрасце Сонечка – зноў мяркуе вярнуцца працаваць у мясцовы дзіцячы садок. Вось тады, лічаць Сідаравы, можна і пра падсобную гаспадарку падумаць – усё ж будзе значная дапамога для сям’і. “І на вёсцы жыць можна, – лічаць Сідаравы. – Не горш, чым у горадзе”.

Маленькія башнёўцы
Другі год дзіцячы садок у Башнях узначальвае Юлія Маісеенка. У гэтым вясковым садку сёння створаны дзве рознаўзроставыя групы, якія наведваюць 19 дзетак. Загадчыца адзначыла добрую работу вопытных выхавальніц, заўважыла, што ідзе пастаянная праца па ўмацаванні матэрыяльнай базы. Наогул у вёсцы ўсе дзеці з 3 да 6 год атрымліваюць дашкольную адукацыю. А праз год тут чакаюць добрае папаўненне: зараз дзеткі падрастаюць. Больш за 50% выхаванцаў – са шматдзетных сем’яў.
Праследуючы клопат смачна накарміць дзяцей, работнікі (а іх тут 9) вядуць агарод, а нядаўна ўдалося дамовіцца з “АграБаравінкай”, і цяпер прадпрыемства поўнасцю забяспечвае сад малаком.

Сямейны падрад
У мясцовым магазіне працуе сямейны падрад: Святлана Іванаўна Масюкова і яе дачка Вольга. Святлана Іванаўна адпрацавала ў вясковым магазіне больш за 30 гадоў, і калі яе напарніца пайшла на пенсію, прапанавала дачцэ стаць прадаўцом. Вольга згадзілася.
Прадукты ў магазіне – на любы густ. Ёсць і прамысловыя тавары першай неабходнасці. У магазіне больш шматлюдна летам, калі ў аграгарадок прыязджаюць дачнікі – дзякуючы ім, прадаўцы перавыконваюць даведзены план продажы тавараў”.

Школа са сваім тварам
Башнёўская школа славіцца сваімі непаўторнымі ландшафтамі: гэта асаблівы клопат і гонар дырэктара Васіля Зянькова. Пачатак вясны, вядома, не самы лепшы час для дэманстрацыі такіх дасягненняў, але зараз школа жыве новымі дызайнерскімі ідэямі. Напрыклад, сёлета ля сажалкі з’явіцца калодзеж, будзе рэканструяваны карабель, парадуе новымі раслінамі ракарый. Рамантуецца і цяпліца, дзе спачатку паселяцца кветкі, затым іх зменяць таматы і перцы. “У нас выдатная база, моцныя настаўнікі, згуртаваны калектыў”, – у цэлым ацаніў школьную атмасферу дырэктар. Васілю Пятровічу не раз заўважалі, што сярод іншых менавіта Башнёўская школа мае свой твар. А вучыцца сёння ў школе 58 дзяцей.

Амаль 30 год лечыць людзей
Усё пра вясковае жыццё ведае мясцовы фельчар Зінаіда Калдунова. Не дзіўна: жанчына ўжо каля 30 гадоў лечыць мясцовае насельніцтва. Расказала, што зараз абслугоўвае больш за 500 чалавек, у тым ліку і жыхароў суседніх сямі вёсак. Пахвалілася, што на яе ўчастку – 90 дзетак.
Два разы на год тут праводзяцца падворныя медыцынскія абходы, калі ёсць магчымасць дайсці да кожнага патэнцыяльнага пацыента. Да дзетак, якім няма года (зараз іх 6), Зінаіда Фёдараўна наведваецца кожны тыдзень. Вядзе патранаж цяжарных (на ўліку чатыры будучыя маці). У вёсцы толькі адна сям’я, што патрабуе асабліва пільнай увагі.
Старонку падрыхтавалі Ларыса ЗАЙЦАВА і Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №27 ад 05.04.2016 г.



3 комментария по теме “Прыпынак – Башні

  1. Почему контору не сфотографировали? Это же серце агрогородка! Башни—это же агрогородк? Не полное описание деревни, не полное. Не доработали кореспонденты?!

  2. Да и вообще дана одна «социалка». Главное «АгроБаравинка», производство, хотя бы какого фермера взяли. Однобокость. Что не делает чести газете. Неинтересно и казённо. Нафталин, а не газета.

  3. От агрогородка там одно только назание, поэтому и не заострять внимание.А контору стыдно показать на всеобщее обозрение, вид у неё «не камельфо». Но тема Башней периодически возникает то на TUT.by то в Шумилинской газете.Складывается впечатление, что это кому-то нужно.А под понятие агрогородка на Шумилинщине,подходит только один населённых пункт — само Шумилино.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *